Традыцыйны канцэрт у рамках Дзён сельскай культуры ў чарговы раз аб’яднаў аматараў песні ў гарадскім парку.
Творчыя калектывы Сноўскага цэнтра культуры радавалі несвіжан і гасцей горада сваім майстэрствам. А чаму б і не паслухаць у вольны час добрыя песні, як, напрыклад, урачыстую «Вітальную» ці «Будзь здаровы, гаспадар». Зладжанае, прафесійнае выкананне выклікае ў слухачоў добрыя эмоцыі і ўдзячныя апладысменты. А калі песні знаёмыя, любімыя, то ўвогуле прымаюцца на «ўра». Ну, каго пакіне раўнадушным «Хутаранка», якую на адным дыханні праспявалі Аляксей Дунчанка і Юлія Коўш?! На вышыні былі і салісты Уладзімір Прыгун, Алена Даманькова, Уладзімір Парэйка і Юрый Шарапа. Вялікую радасць атрымалі гледачы ад папуры, у якім гучалі рэтра-шлягеры — многія з задавальненнем падпявалі. Варта аддаць належнае вядучаму канцэрта Аляксею Дунчанку — сваім запалам і весялосцю ён «заводзіў» усіх. А паколькі канцэрт праходзіў у Дзень будаўніка, ён павіншаваў з прафесійным святам несвіжаніна Станіслава Давідоўскага (фота 2) — чалавека дастойнага і працавітага, які прымаў удзел у будаўніцтве СШ № 4 г. Нясвіжа, жылых дамоў і іншых аб’ектаў раёна.
Сваімі ўражаннямі ад канцэрта падзяліліся Надзея і Вячаслаў Гапановічы (фота 1), адданыя аматары мастацкай творчасці:
— Мы не прапускаем ніводнага канцэрта па нядзелях. Сёння нам вельмі спадабалася выступленне народных ансамбляў «Вяночак» і «Акцэнт». Яно і не дзіўна, бо артысты вопытныя, таленавітыя, рэпертуар падабралі цікавы і разнастайны. Лічым, у гэтым ёсць вялікая заслуга кіраўніка калектываў, аўтара многіх песень Тамары Прыгун. Вабяць вока і прыгожыя касцюмы выканаўцаў. Слухаць і глядзець — адно задавальненне.
Раіса ХВІР.
Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.