Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Паляпшэнне ўмоў вядзення бізнесу

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 27.09.2017

Праверкі прадпрымальнікаў будуць значна скарочаны, а вядзенне сваёй справы стане максімальна простым. На гэта накіраваны пакет дакументаў па паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу, прыняцце якога чакаецца ў самы бліжэйшы час.

Ключавы дакумент па лібералізацыі ў эканоміцы Беларусі вынесены на разгляд Лукашэнкі

Ключавы дакумент па лібералізацыі ў эканоміцы Беларусі — праект дэкрэта «Аб развіцці прадпрымальніцтва» вынесены на разгляд Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў час рабочай сустрэчы з першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім 26 верасня.



«Мы прадаўжаем весці размову аб дакументах, нарматыўна-прававых актах, якія будуць садзейнічаць лібералізацыі нашай эканомікі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя праекта дэкрэта, увазе кіраўніка дзяржавы таксама прадстаўлены праект указа, накіраваны на ўдасканаленне парадку ліцэнзавання.

Па выніках рабочай сустрэчы і дэталёвага абмеркавання шэрага момантаў Аляксандр Лукашэнка падтрымаў усе прапанаваныя нормы, і прадстаўленыя дакументы ў хуткім часе будуць падпісаны.

Адзіныя мінімальныя патрабаванні

У прыватнасці, праектам дэкрэта прадугледжваецца зацвярджэнне адзіных патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, а таксама ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі. Гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваны і скарочаны, паколькі цяпер дзеючыя нормы, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, «вельмі аб’ёмныя і ў большасці непатрэбныя». «Яны вельмі напружваюць бізнес і адцягваюць ад вырашэння канкрэтных задач. Таму гэтымі дакументамі мы зацвярджаем пералік патрабаванняў — і санітарныя ўмовы, і іншае. І ўсялякія адміністрацыйныя перашкоды скарачаюцца», — сказаў ён.

Прадугледжаны праектам дэкрэта пералік патрабаванняў будзе абавязковым для выканання ў ходзе ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці. Палажэнні іншых тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія змяшчаюць патрабаванні ў разглядаемай сферы, да іх адмены будуць мець для суб’ектаў гаспадарання рэкамендацыйны характар.

Прадказальнае падатковае заканадаўства

Прэзідэнт таксама адзначыў важнасць стабільнай і прадказальнай сітуацыі ў падатковай сферы. Плануецца ўвесці забарону да 2020 года на ўвядзенне новых падаткаў і павышэнне падатковых ставак. «Думаю, на гэта трэба пайсці. Паглядзім, што ў нас з гэтага атрымаецца», — сказаў ён.

«І іншыя патрабаванні, у тым ліку ўстараненне залішніх адміністрацыйных бар’ераў. Каб тыя, хто хочуць адкрыць бізнес, маглі зрабіць гэта не за год-паўтара, а літаральна адразу або на працягу месяца, каб не было ніякіх бюракратычных затрымак. Мы таксама замацоўваем гэта ў такіх дакументах», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Самарэгуляванне бізнесу

У цэлым праект дэкрэта з’яўляецца ключавым з падрыхтаванага пакета дакументаў і прадугледжвае кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржавы і бізнесу. Мінімізуецца ўмяшанне дзяржавы ў работу суб’ектаў гаспадарання, узмацняюцца механізмы самарэгулявання бізнесу і яго адказнасць за сваю дзейнасць перад грамадствам пры захаванні неабходнага ўзроўню кантролю з боку дзяржавы.

Паведамляльны парадак для пачатку бізнесу

Акрамя ўжо названых норм плануецца ўвядзенне паведамляльнага парадку ажыццяўлення асобных найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. У адпаведны пералік увойдуць бытавыя, турыстычныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозак пасажыраў і багажу, вытворчасць сельгаспрадукцыі, будматэрыялаў і іншая дзейнасць. Паводле даных Міністэрства эканомікі, менавіта ў гэтых сферах сканцэнтравана каля 95 працэнтаў малога і сярэдняга бізнесу.

Для заняцця гэтымі відамі дзейнасці дастаткова будзе падаць адзінае паведамленне ў выканкам праз службу «адно акно» (таксама магчыма накіраванне паштовага адпраўлення з паведамленнем аб уручэнні) або з дапамогай партала электронных паслуг, і на наступны дзень асоба будзе мець права ажыццяўляць заяўлены від эканамічнай дзейнасці. Пры гэтым, падаючы такое паведамленне, суб’ект гаспадарання аўтаматычна бярэ на сябе адказнасць за адпаведнасць сваёй дзейнасці заканадаўству.

Зняцце адміністрацыйных бар’ераў

Чакаецца таксама максімальнае зняцце адміністрацыйных бар’ераў, звязаных з наяўнасцю складаных і доўгіх працэдур атрымання даведак, узгадненняў і іншых відаў дазвольнай дакументацыі.

Разам з гэтым будзе ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць кіраўніка за забеспячэнне нармальнай работы прадпрыемства. Такім чынам, у дакуменце рэалізаваны адзін з ключавых падыходаў, абазначаных Прэзідэнтам, аб мінімальным умяшанні дзяржавы ў эканамічную дзейнасць суб’екта гаспадарання пры павышэнні асабістай адказнасці яго кіраўніка.

Удасканаленне парадку ліцэнзавання

«У нас і так, я лічу, у гэтым плане нядрэнны парадак, мы вельмі шмат у гэтым напрамку зрабілі. Але бізнес хацеў бы большай свабоды ў гэтым плане і зняцця некаторых адміністрацыйных працэдур. Я таксама згодны з тым, што калі жыццё паказвае, што мы недзе можам зрабіць крокі ў гэтым напрамку, іх трэба рабіць своечасова. Не думаю, што мы адстаём тут, але тым не менш», -адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

З улікам прынцыпу, у адпаведнасці з якім ліцэнзаванню падлягаюць толькі тыя віды дзейнасці, ажыццяўленне якіх спалучана непасрэдна з наяўнасцю пагроз нанясення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, навакольнаму асяроддзю, жыццю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян, праектам указа прадугледжваецца адмена 3 з 36 ліцэнзуемых цяпер відаў дзейнасці і 20 работ, паслуг, што складаюць віды дзейнасці.

У прыватнасці, суб’ектам гаспадарання не спатрэбіцца атрыманне ліцэнзіі пры ажыццяўленні аўтамабільных перавозак пасажыраў (за выключэннем міжнародных), паліграфічнай дзейнасці, дзейнасці па аказанні псіхалагічнай дапамогі, а таксама звязанай з аказаннем юрыдычных паслуг (за выключэннем рыэлтарскіх), кантролем радыеактыўнага забруджвання, аховай юрыдычнай асобай сваіх работнікаў і маёмасці, што належыць ёй.

Выключнае права суда на спыненне дзеяння ліцэнзіі

Замацоўваецца выключнае права суда сваім рашэннем спыніць дзеянне ліцэнзіі або ануляваць яе. Аляксандр Лукашэнка заслухаў падрабязны даклад наконт гэтага, адзначыўшы, што з іншага боку недапушчальна перагружаць судовую сістэму, перакідваючы на яе функцыі іншых органаў улады. Адзначаецца, што ў мэтах абароны жыцця, здароўя, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, навакольнага асяроддзя, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў ліцэнзуючыя органы па-ранейшаму будуць мець права прыпыніць дзейнасць суб’ектаў гаспадарання да ўстаранення імі дапушчаных парушэнняў ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў або да разгляду справы судом.

Васіль Мацюшэўскі растлумачыў, што, як правіла, у выпадку адклікання ліцэнзіі канкрэтны бізнес спыняе сваё існаванне. «Таму гэта вельмі важнае пытанне як для самога прадпрымальніка, так і для наёмных работнікаў, грамадства ў цэлым. Для таго, каб гэту істотную рызыку нейкім чынам нівеліраваць, павінен быць спаборны працэс, калі ліцэнзуючы орган павінен у судовым працэсе даказаць тыя ці іншыя істотныя фактары, якія патрабуюць менавіта адклікання ліцэнзіі», — сказаў ён.

Выдача ліцэнзій у электронным выглядзе

Прадугледжана, што з 1 ліпеня 2018 года выдача ліцэнзій будзе ажыццяўляцца выключна ў электронным выглядзе. Тым самым адмяняецца папяровая форма ліцэнзіі. Праектам указа прадугледжваецца фарміраванне і вядзенне адзінага рэестра ліцэнзій, які змяшчае даныя аб выдадзеных ліцэнзіях, унясенні ў іх змяненняў. Доступ да даных гэтага рэестра будзе адкрыты ўсім зацікаўленым і забяспечвацца кругласутачна пры дапамозе сеткі Інтэрнэт на бязвыплатнай аснове.

Сумесная работа з бізнес-супольнасцю

Як далажыў Васіль Мацюшэўскі, пакет дакументаў па лібералізацыі быў падрыхтаваны сумесна з бізнес-супольнасцю. «Яго адзіная задача — змяніць характар бізнес-асяроддзя, максімальна знізіць адміністрацыйны ўплыў на гэты працэс і выдаткі па вядзенні бізнесу, зрабіць яго максімальна празрыстым і, самае галоўнае, паслядоўным і доўгайграючым», — сказаў ён.

Гаворачы аб далейшай перспектыве, першы віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што распрацоўшчыкі ўсяго пакета дакументаў выступаюць за нязменнасць базавых пасылаў, нягледзячы на тое, што з цягам часу можа спатрэбіцца ўдасканаленне тых ці іншых пытанняў. «Але базавыя прынцыпы, дакументы павінны быць нязменнымі. Таму што любы цыкл бізнес-планавання — гэта нават не пяць гадоў, а 10-15 гадоў. Адпаведна, усе ўмовы, пачынаючы ад макраэканомікі, заканчваючы рэгуляторыкай, павінны быць прагназуемыя», — сказаў Васіль Мацюшэўскі.

Трансфармацыя эканомікі з акцэнтам на ІТ

Першы віцэ-прэм’ер дадаў, што ў пакеце дакументаў па лібералізацыі ў сферы бізнесу ёсць яшчэ адзін вельмі важны дакумент — праект дэкрэта па развіцці Парка высокіх тэхналогій.

«Кіраўнік дзяржавы сказаў, што, можа, мае сэнс дапрацаваць назву, таму што нормы новага дэкрэта сведчаць аб  працэсе трансфармацыі, лічбавізацыі эканомікі ў цэлым. І тыя базавыя нормы, якія там закладзены і якія, мы спадзяёмся, падтрымае кіраўнік дзяржавы, павінны кардынальна змяніць усё асяроддзе эканомікі», — заявіў Васіль Мацюшэўскі.

Лукашэнка падпісаў указ аб пашырэнні магчымасцей для бізнесу без рэгістрацыі ІП

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 верасня падпісаў указ нумар 337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб». Дакументам пашыраецца пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якімі грамадзяне маюць права займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры ўмове выплаты адзінага падатку.

У гэты пералік увайшлі такія віды дзейнасці, як рэалізацыя самастойна прыгатаваных грамадзянамі кулінарных вырабаў, прадастаўленне месц для кароткатэрміновага пражывання фізічных асоб, выкананне па заказах спажыўцоў работ па рамонце мэблі, гадзіннікаў і абутку, пашыве адзення, настройцы музычных інструментаў, распілоўцы дроў, пагрузцы грузаў, муроўцы печаў і камінаў, а таксама выкананне аддзелачных работ і аказанне грамадзянам паслуг па распрацоўцы вэб-сайтаў, абслугоўванні камп’ютарнага і перыферыйнага абсталявання. У пералік таксама ўключаны паслугі па дызайне памяшканняў, інтэр’ера, мэблі, адзення і абутку, графічным дызайне, цырульніцкія і касметычныя паслугі.

Такім чынам, у пераліку легалізаваны віды эканамічнай дзейнасці, якія сёння фактычна ажыццяўляюцца фізічнымі асобамі ў дамашніх умовах (напрыклад, цырульніцкія паслугі) або могуць ажыццяўляцца ў такіх умовах без пагрозы прычынення шкоды як асобна ўзятым грамадзянам, так і грамадству ў цэлым.

Выданне ўказа створыць дадатковыя ўмовы для павышэння самазанятасці насельніцтва, уключэння яго ў эканамічную дзейнасць і, такім чынам, будзе садзейнічаць развіццю прадпрымальніцтва ў нашай краіне.

Асноўныя палажэнні дакумента ўступаюць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.

Апублікаваны памеры ставак адзінага падатку для фізічных асоб пры дзейнасці без адкрыцця ІП

На Нацыянальным прававым партале апублікаваны ўказ нумар 337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб» ад 19 верасня 2017 года. Ва ўказе таксама прапісаны памеры базавых ставак адзінага падатку для фізічных асоб, якія будуць займацца эканамічнай дзейнасцю без рэгістрацыі ў якасці ІП. Стаўкі дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад населеных пунктаў: у першую групу ўваходзяць Мінск, Мінскі раён, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, у другую — Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слуцк, Салігорск, у трэцюю — іншыя.

Так, стаўкі адзінага падатку пры рэалізацыі хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, гатовай кулінарнай прадукцыі для першай групы населеных пунктаў складуць Br16-97, для другой — Br15-60 і для трэцяй — Br10-60.

Пры прадастаўленні фізічным асобам жылых памяшканняў, садовых домікаў, дач для кароткатэрміновага пражывання стаўкі адзінага падатку будуць складаць Br15-145, Br42-145 і Br23-120 адпаведна за кожнае жылое памяшканне, садовы домік, дачу, здадзены ўнаём.

Памер базавай стаўкі адзінага падатку за выкананне работ і аказанне паслуг па дызайне інтэр’ераў, графічным дызайне, афармленні (упрыгажэнні) аўтамабіляў, унутранай прасторы капітальных будынкаў, памяшканняў, іншых месц, мадэляванне прадметаў афармлення інтэр’ера, тэкстыльных вырабаў, мэблі, адзення і абутку, прадметаў асабістага карыстання і бытавых вырабаў складзе Br55-97, Br50-87 і Br30-57 адпаведна.

За дзейнасць, звязаную з рамонтам гадзіннікаў, абутку; рамонтам і аднаўленнем, уключаючы перацяжку, хатняй мэблі з матэрыялаў заказчыка; зборку мэблі; настройку музычных інструментаў, адзіны падатак вызначаны ў памеры Br25-86, Br20-86 і Br15-79 адпаведна.

Стаўкі адзінага падатку пры распілоўцы і колцы дроў, пагрузцы і разгрузцы грузаў складуць Br5-39, Br4,5-37 і Br4-18 адпаведна.

Пры выпуску адзення (у тым ліку галаўных убораў) і абутку з матэрыялаў заказчыка стаўкі вызначаны ў памеры Br25-113, Br19-113 і Br17-80, пры ажыццяўленні тынкавальных, малярных, шкляных работ, работ па уладкаванні пакрыццяў падлогі і абліцоўцы сцен, аклейванне сцен шпалерамі, кладка (рамонт) печаў і камінаў — Br52-145, Br42-145 і Br23-120 адпаведна.

Распрацоўкай вэб-сайтаў, устаноўкай (настройкай) камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, аднаўленнем камп’ютараў пасля збою, рамонтам, тэхабслугоўваннем камп’ютараў і перыферыйнага абсталявання, навучаннем рабоце на персанальным камп’ютары можна будзе займацца, выплаціўшы стаўку адзінага падатку ў памеры Br55-97, Br50-87 і Br30-57 адпаведна.

Стаўкі пры аказанні цырульніцкіх і касметычных паслуг, паслуг па манікюры і педыкюры складуць Br38-116, Br32-60 і Br21-47 адпаведна.

Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні ў Беларусі інстытута падатковага кансультавання

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 338 «Аб падатковым кансультаванні», які ўкараняе ў краіне прафесійны інстытут пасрэднікаў паміж бізнесам і падатковымі органамі.

Інстытут падатковых кансультантаў ствараецца ў Беларусі з улікам станоўчага замежнага вопыту. Правам аказання такіх паслуг надзяляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі і камерцыйныя арганізацыі, якія маюць у сваім штаце не менш за аднаго падатковага кансультанта. Пры гэтым працаваць на такой пасадзе спецыяліст зможа пасля здачы кваліфікацыйнага экзамену ў Міністэрстве па падатках і зборах і атрымання атэстата падатковага кансультанта.

Акрамя кансультавання гэтыя спецыялісты будуць мець права аказваць паслугі па вядзенні бухгалтарскага і падатковага ўліку, складанні справаздачнасці, прадстаўленні інтарэсаў асоб, якіх кансультуюць, у дзяржаўных органах і арганізацыях.

Зварот да падатковых кансультантаў будзе мець выключна добраахвотны характар і ні ў якім разе не будзе навязвацца прадпрымальнікам і арганізацыям.

Выданне ўказа будзе садзейнічаць правільнаму вылічэнню суб’ектамі гаспадарання падаткаў, дасць магчымасць знізіць верагоднасць учынення падатковых правапарушэнняў, мінімізаваць выдаткі бізнесу па выплаце пені і штрафаў за гэтыя парушэнні.

Падпісаны ўказ аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавых паслуг у вёсцы і ў малых гарадах

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 верасня падпісаў указ нумар 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання».

Дакумент быў падрыхтаваны створанай на падставе распараджэння Прэзідэнта рабочай групай у рамках праводзімай работы па стымуляванні дзелавой актыўнасці і выключэнні залішніх патрабаванняў, што прад’яўляюцца да суб’ектаў гаспадарання.

Указ накіраваны на развіццё гандлю, грамадскага харчавання і бытавых паслуг на тэрыторыі сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчаў з сярэдняй колькасцю насельніцтва да 10 тыс. чалавек.

Дакумент прадугледжвае магчымасць устанаўлення на асобных тэрыторыях асаблівага рэжыму падаткаабкладання ў сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання з выплатай падатку на прыбытак для прадпрыемстваў у памеры 6 працэнтаў і адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў у памеры адной базавай велічыні, а таксама іншых спрошчаных умоў ажыццяўлення гэтых відаў дзейнасці.

Акрамя таго, прадугледжваецца вызваленне суб’ектаў гаспадарання ад падатку на дабаўленую вартасць, падатку на нерухомую маёмасць, зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Дзеянне падатковых ільгот і іншых умоў гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, замацаваных у дакуменце, будзе распаўсюджвацца на населеныя пункты і тэрыторыю па-за населенымі пунктамі, вызначаемымі рашэннямі абласных Саветаў дэпутатаў.

Указ дасць неабходны імпульс развіццю гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання на тэрыторыі сельскай мясцовасці і ў малых гарадах, а таксама дазволіць стварыць дадатковыя рабочыя месцы для грамадзян, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях.

Менш праверак і штрафы для «кантралёраў» — Анфімаў расказаў, як зменіцца кантроль у бізнес-сферы

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы падрабязна расказаў журналістам аб галоўных падыходах і навацыях праекта ўказа «Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці».

Паводле яго слоў, дакумент накіраваны на ўдасканаленне кантрольнай дзейнасці, лібералізацыю ўмоў вядзення бізнесу і адыход ад пільнага кантролю. «Асноўныя прынцыповыя і канцэптуальныя падыходы адобраны поўнасцю, невялікія заўвагі, якія былі выказаны Саветам Міністраў, будуць у бліжэйшы час улічаны, і праект указа будзе ўнесены на подпіс Прэзідэнту», — адзначыў Леанід Анфімаў.

Дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае адмену ведамаснага кантролю і адыход ад сістэмы планавых праверак, у рамках якой наведаць суб’ект гаспадарання можна было нават пры адсутнасці парушэнняў з яго боку і без іншых важкіх прычын. Замест гэтага прапануецца ажыццяўляць выбарачныя праверкі, правядзенне якіх адносна прадпрыемства магчыма толькі пры наяўнасці комплексу падстаў (напрыклад, пры выяўленні неаднаразовых парушэнняў).

Пры гэтым характар праверак пяройдзе з карнага на прафілактычны. Часцей стануць праводзіць мерапрыемствы тэхнічнага (тэхналагічнага) характару. У выпадку ўстаранення прадпрыемствам выяўленых парушэнняў ва ўстаноўлены тэрмін меры адказнасці прымяняцца не будуць.

Акрамя таго, кантрольныя органы больш не змогуць праводзіць праверкі па матэрыялах, якія знаходзяцца ў вядзенні праваахоўных органаў, да ўзбуджэння крымінальнай справы.

«Уводзіцца адказнасць «кантралёраў» за неабгрунтаваныя прад’яўленні патрабаванняў да суб’екта гаспадарання або правядзенне праверак у парушэнне патрабаванняў заканадаўства, — звярнуў увагу субяседнік. — Накладаць адказнасць будзе і пракуратура, і Камітэт дзяржкантролю».

Праект указа таксама прапануе скараціць пералік кантралюючых (наглядных) органаў і сфер іх дзейнасці. Паўнамоцтвы на правядзенне праверак будуць захаваны ў 28 з 39 ведамстваў, надзеленых сёння гэтым правам, а колькасць сфер кантрольнай дзейнасці знізіцца са 178 да 106.

Адно з самых важных новаўвядзенняў — пазбаўленне «кантралёраў» магчымасці прыпыняць дзейнасць прадпрыемстваў. Рашэнне, спыняць работу кампаніі ці не, будзе прымаць выключна яе кіраўнік на падставе рэкамендацый правяраючых. Аднак за свае дзеянні ён будзе несці ўсю адказнасць.

Плануецца, што дакумент будзе падпісаны да 1 кастрычніка і ўступіць у сілу з пачатку 2018 года.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!