1 — 3 верасня ў Полацку праходзіць
Дзень беларускага пісьменства
У гэтыя дні старажытны Полацк сабраў тысячы гасцей. Тут адзначаюцца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, Дзень беларускага пісьменства і 1155-годдзе горада. Полацк старанна рыхтаваўся да гэтых важных падзей. Абноўлены вуліцы і многія будынкі. Рамонт, рэканструкцыя і мадэрнізацыя закранулі амаль 350 аб’ектаў. Галоўныя з іх — Сафійскі сабор, Музей кнігадрукавання, гарадскі Палац культуры, чыгуначны і аўтавакзал.
Падчас святкавання ў горадзе на Заходняй Дзвіне, каля Сафійскага сабора, будзе ўрачыста адкрыты памятны знак “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці”.
Нацыянальная бібліятэка на Дне пісьменства прадэманструе навейшыя выданні, прысвечаныя асобе і справе Францыска Скарыны, заснавальніка беларускага кнігадрукавання, вучонага, пісьменніка, перакладчыка, мастака, доктара філасофіі і медыцыны, гуманіста і асветніка, ураджэнца Полацка. Праект Нацыянальнай бібліятэкі “Захоўваючы кніжную спадчыну Беларусі” знаёміць нас з 30 навейшымі выданнямі. Гэта — “Асветнік з Полацка”, “Вільнюс часоў Скарыны”, зборнік п’ес “Францыск Скарына і сучаснасць”, “Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадрукавання” і іншыя. А галоўнае — факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, якое атрымала Гран-пры Нацыянальнага конкурса “Мастацтва кнігі”.
У 2018 годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў горадзе Іванаве Брэсцкай вобласці.
Па матэрыялах СМІ падрыхтавала
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.