Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 9 °C

Сямейная дынастыя

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 06.10.2017

У нашым раёне шмат сямейных дынастый у розных сферах, калі  прадстаўнікі малодшага  пакалення паспяхова, з задавальненнем працягваюць справу сваіх дзядоў і бацькоў.

Адна з такіх дынастый — вялікая і дружная сям’я Заяц з СВК  “Агракамбінат Сноў”, якую запрасілі сёлета на абласныя  дажынкі ў Смалявічы, што пройдуць заўтра, 7 кастрычніка.

Валянцін Фёдаравіч Заяц з пляменнікам Дзмітрыем

Валянцін Фёдаравіч Заяц з пляменнікам Дзмітрыем



Заснавальнікам гэтай сямейнай дынастыі прынята лічыць Фёдара Васільевіча Зайца. Ён 34 гады ад-працаваў у мясцовай гаспадарцы. Прыйшоў сюды паляводам у 1961-м. Потым перавялі жывёлаводам. Фёдар Васільевіч  падвозіў кармы на ферме ў Горным Снове, раздаваў іх каровам, глядзеў, каб была добрая  паядаемасць.

Яго жонка Вера Іванаўна была  свінаркай. Мела медаль “Ветэран працы”. Працавалі абое сумленна, з адказнасцю выконвалі даручанае.

Але ж карані ідуць значна глыбей. Бацькі Фёдара Зайца — Васіль Іосіфавіч  і Таццяна Міхайлаўна — таксама працавалі ў калгасе, паляводамі. Сноўская зямля  дала сілы гэтаму роду, аддала свой лёс у іх надзейныя рукі. І не памылілася — ужо прадстаўнікі малодшага пакалення  застаюцца вернымі ёй і да сённяшняга дня.

Фёдара Васільевіча няма ўжо 18 гадоў. Яго хлебаробскую справу працягваюць дзеці і ўнукі. Яны  з Верай Іванаўнай выгадавалі трох сыноў: Валянціна, Аляксандра і Сяргея. Усе звязалі свой лёс з роднай гаспадаркай, СВК “Агракамбінат Сноў”, з тэхнікай. І жонкі іх — работнікі агракамбіната. А з васьмі ўнукаў Фёдара Васільевіча шэсць таксама працуюць у сельгаспрадпрыемстве.

Памятаю сваю не-калішнюю першую сустрэчу з Валянцінам Фёдаравічам на  адным з палёў агракамбіната. Велізарнаму, здаецца, бяскрайняму палетку вельмі дапасаваў яго трактар “Фендт”, такі ж вялікі, магутны, з 7-корпусным плугам. Прыпыніўся на ўскрайку  поля. Мы  пагутарылі з механізатарам. Затым Валянцін Заяц заняў сваё месца ў кабіне, развярнуў  агрэгат, і сталёвы араты, у тандэме са сваім  кіроўцам, рушылі па ржышчы, пакідаючы пасля сябе цёмную шырокую паласу мяккай, рыхлай глебы. Трактар  рухаўся роўна, паважна, бо кіраваў ім упэўнены, добра падрыхтаваны чалавек, знаўца сваёй  справы. Гаспадар поля, гаспадар на роднай зямлі…

Валянцін Фёдаравіч у 1976 годзе закончыў Клецкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча і стаў трактарыстам тадышняга калгаса імя Калініна. Адслужыў у арміі, вярнуўся на сваё ранейшае месца. Ішоў 1980 год. І да гэтага часу кожным ранкам устае, спяшаючыся на машынны двор гаспадаркі, — чакае мноства спраў. Працавіты і дысцыплінаваны, ён заслужана  карыстаецца павагай у калектыве. У 1998 г. атрымаў званне  “Заслужаны работнік агракамбіната”. У 2010 г. В.Ф. Зайца ўзнагародзілі  Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У 2013-м — медалём “За працоўныя заслугі”. Механізатару шырокага про-філю, яму давяраюць розныя работы. Культывацыяй і перадпасяўной падрыхтоўкай глебы з АКШ займаўся. Сеяў, на ПІМе травяную масу адвозіў, салому прасаваў, зімой дарогі чысціў. А ў гэтыя восеньскія  дні вядзе зяблевае ворыва, дагэтуль араў пад сяўбу азімых культур. Заворвае ржышча, потым пяройдзе на ўчасткі пасля кукурузы.

— За дзень стабільна заворваю 20 гектараў, — расказвае Валянцін Фёдаравіч. — На доўгім поле можна зрабіць больш. Бывала, пры вострай неабходнасці, калі працаваў з 6-і раніцы да 11-і вечара, выходзіла 27— 30 гектараў. Плошчаў у агракамбінаце дабавілася з узяццем у арэнду зямель у Клецкім раёне. Так што нам  работы хапае.

Яго “Фендту” ўжо 17 гадоў. Трактар верна служыць свайму гаспадару, які абыходзіцца з тэхнікай акуратна і беражліва.

На два гады малодшы за Валянціна брат Аляксандр. У 1976-м ён застаўся ў сваім  калгасе пастухом-жывёлаводам. Пасля службы ў радах Савецкай Арміі стаў трактарыстам-машыністам. Даручалі яму  ў асноўным хімахоўныя работы. Іх выконваў як след, як патрабавалася па тэхналогіі. Ведаў: дапусціш брак — знізіцца ўра-джай. Цяпер Аляксандр Фёдаравіч водзіць трактар на свінагадоўчым комплексе. Работа таксама адказная. Комплекс — гэта цэлы гарадок, дзе свае жорсткія  правілы і абавязкі. Дзе ўсе намаганні  калектыву скіраваны на тое, каб атрымаць высокія сярэднясутачныя  і валавыя прывагі свіней, не дапусціць захворванняў апошніх, дабіцца зніжэння сабекошту прадукцыі. І агульны поспех залежыць ад укладу кожнага.

Браты Аляксандр Фёдаравіч, Валянцін Фёдаравіч  і Сяргей Фёдаравіч Заяц, стаяць Аляксей і Аляксандр

Браты Аляксандр Фёдаравіч, Валянцін Фёдаравіч
і Сяргей Фёдаравіч Заяц, стаяць Аляксей і Аляксандр

У 2014 г. Аляксандру Фёдаравічу  прысвоілі званне “Заслужаны  работнік агракамбіната”.

Жонка Аляксандра Зайца — Ірына Міхайлаўна — працавала жывёлаводам, потым — вагаўшчыцай на збожжавым складзе ў Новым Снове.

Трэці брат — Сяргей Фёдаравіч — на два гады маладзейшы за Аляксандра. Ён пасля  заканчэння Сноўскай СШ у 1979 г. застаўся рабочым на Сноўскім  крухмальным заводзе. Праз два гады маладога чалавека прынялі ў калгас імя Калініна і накіравалі на курсы трактарыстаў у Клецкае СПТВ-36. Затым былі праца механізатарам у калгасе, служба ў арміі, зноў — родны калгас. Рабоце на трактары Сяргей  Фёдаравіч прысвяціў значны перыяд свайго жыцця. У 2010 годзе ён перайшоў слесарам па рамонце сельгасмашын і абсталявання. Тэхніку ведае дасканала, таму “лячэнне” яе вядзе на высокім  прафесійным узроўні…

Цяпер настаў час павесці   аповед пра наступнае  пакаленне Зайцаў. Аляксей, сын Валянціна Фёдаравіча, працоўную дзейнасць пачаў трактарыстам-машыністам у агракамбінаце “Сноў” у 2003 г. У 2004 — 2007 гг. вучыўся ў прафесійна-тэхнічным каледжы Рэспубліканскага інстытута прафе-сійнай адукацыі. Атрымаў спецыяльнасць “тэхнічная эксплуатацыя абсталявання”, застаўся выкладаць свой прадмет новым навучэнцам. Затым папрацаваў  на прамысловых прадпрыемствах. А ў сакавіку 2013-га вярнуўся ў сваю гаспадарку. Ажаніўся. З часам маладой сям’і  выдзелілі 2-пакаёвую кватэру. Падрастае маленькі Алёша.  Жонка Вераніка працуе ў цырульні Дома быту агракамбіната. А муж і тата — Аляксей-старэйшы — рупіцца ў гаспадарцы, зарабляе грошы, забяспечвае  сям’ю. Зарплата неблагая. І не сакрэт, што яе памер у дапаўненне да кватэры — важкая прычына, па якой застаюцца на працу ў “Снове”.

Аляксею Зайцу даручаны кормаўборачны  камбайн “Ягуар”, і  малады чалавек увесь сезон займаецца нарыхтоўкай кармоў для жывёлы — сенажу, сіласу. Зімой  рамантуе камбайн — “Ягуар” далёка не новы, таму даводзіцца перабіраць яго поўнасцю, каб не падвёў у гарачы час. Таксама Аляксей  працуе падменным, дае іншым механізатарам  водпускі.

Яго стрыечны брат Дзмітрый, былы аднакласнік, сын Аляксандра Фёдаравіча Зайца, гэтак жа кіруе “Ягуарам”, аналагічна ў якасці падменнага  механізатара “адпускае” ў чарговы адпачынак сваіх калег. А калі трэба — перасаджваецца і на пагрузчык.

Дзмітрыя ў СВК “Агракамбінат Сноў” прынялі ў 2002 годзе слесарам па рамонце сельгасмашын і абсталявання. Адслужыўшы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, вярнуўся ў сваю гаспадарку. (У каторы раз паўтараю фразу аб вяртанні герояў гэтага артыкула на малую радзіму! Якая ж яна прыцягальная, родная зямля, што дае не толькі работу, заробак, прытулак, але і цвёрдасць, упэўненасць, камфорт і душэўны  спакой!)

Жонка Дзмітрыя — Алеся — працуе ў фірменным магазіне гаспадаркі ў аграгарадку Сноў. Гадуюць яны двух сыночкаў — Мікіту і Андрэйку.

З 2005 года працуе ў “Снове” яшчэ адзін стрыечны брат Аляксея і Дзмітрыя — Аляксандр — сын Сяргея Фёдаравіча Зайца. Таксама механізатарам. Упраўляе трактарам МТЗ-1521. Уносіць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, адвозіць здробненую травяную масу з сенажаці на ПІМе, дастаўляе на ферму кармы, вывозіць з жывёлагадоўчых памяшканняў кампосты. У характарыстыцы Аляксандра чытаю: “Зменныя заданні выконвае і перавыконвае. Працалюбівы, добра ведае сваю справу. Любіць сельскагаспадарчую тэхніку, правільна яе эксплуатуе, своечасова праводзіць тэхагляды.”

Жонка Аляксандра — Вікторыя — прадавец сноўскага магазіна “Кумпячок”. У іх падрастае сын Глеб.

Акрамя тэхнічных работнікаў, у дынастыю ўваходзяць і прадстаўнікі іншых прафесій. Так, у Аксаны Заяц, дачкі Аляксандра Фёдаравіча, яна гучыць: “аператар жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм”. Аксана Аляксандраўна з 2003 года працуе рабочай на МТФ “Новы Сноў”. А наогул у сельгаспрадпрыемстве яна ўжо 19 гадоў. Пра яе таксама кажуць: добрасумленны работнік. Яна пільна сочыць за станам  жывёлы, своечасова паведамляе ветэрынарам аб тым, што захварэла  тая ці іншая жывёліна, дапамагае праводзіць лячэнне.

А дома — школьніца Таццяна, і шмат пытанняў, на якія трэба адказаць, разам парашаць.

У Сяргея Фёдаравіча Зайца, акрамя сына  Сашы, яшчэ тры дачкі. Ганна Сяргееўна (новае прозвішча — Ніканава) закончыла ў 2003 годзе  Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”. Яна — эканаміст мясаперапрацоўчай  вытворчасці. У яе з мужам тры дачкі: Віка, Каця і Ксенія.

Яе малодшая сястра Наталля (цяпер — Радаман) у 2012  годзе завочна закончыла Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” па спецыяльнасці “фінансы і крэдыт”. А бухгалтарам у гаспадарцы пасля каледжа  працуе ўжо 9 гадоў. Яе акуратнасць і адказнасць запатрабаваны калегамі.

Іх прафесіяналізму даюць у гаспадарцы высокую ацэнку: “У дзяўчат усё атрымліваецца. І хватка ёсць, і аналітычны розум. Напэўна, гены ад мамы перайшлі. Галіна Паўлаўна Заяц была ў нас бухгалтарам, вельмі добрым  спецыялістам”.

А, дарэчы, муж Наташы — Сяргей — слесар-рамонтнік у цэху перапрацоўкі малака. У сям’і — двое дзяцей, — Маша і Арсеній.

Вось такія яны, снаўчане, што складаюць сямейную дынастыю Зайцаў — работнікаў СВК “Агракамбінат Сноў”. Усе — працавітыя, усе хіляцца да роднай зямлі. Усе ў розны час атрымалі  кватэры ад праўлення калгаса. Гэту акалічнасць у нядаўняй размове са мной  падкрэсліла жонка Валянціна  Фёдаравіча — Галіна Міхайлаўна:

— Мы ў сваёй ужо 32 гады жывём. Прыватызавалі даўно. Гэтак жа і браты мужа, і пляменнікі, і сын.

Галіна Міхайлаўна, якая 35 гадоў аддала рабоце  цялятніцы і аператара свінагадоўчага  комплексу, задаволена тым, як склалася жыццё іх і іх родных.  І на  маё пытанне пра дачку Наталлю, якая засталася жыць у Мінску, з гордасцю расказала:

— Наташа закончыла школу з сярэбраным медалём. Закончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Уладкавалася бухгалтарам на “Крыніцы”.

Трэцяя дачка Сяргея Фёдаравіча — Алена пайшла ў сферу адукацыі. Яна — лагапед-псіхолаг у Сноўскай сярэдняй школе.

Добрыя, здаровыя карані і крона далі і добрыя плады на гэтым  сямейным дрэве. Мы не ведаем, аб чым марыў у 60 — 80-х гадах мінулага стагоддзя Фёдар Васільевіч Заяц. Ці думаў, што патомкі так годна панясуць пачэснае званне хлебароба, стануць паважанымі людзьмі, чыя праца так патрэбна грамадству?

Яго старэйшы сын Валянцін Фёдаравіч неяк і не прыпамінае ўжо (колькі часу сплыло!), якія настаўленні даваў бацька, рыхтуючы сыноў да самастойнага жыцця.

— Ён проста сваёй працавітасцю падаваў нам добры прыклад, — кажа  мой суразмоўца. — А мы стараліся пераняць лепшае…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Здымкі  прадастаўлены прафкамам

СВК “Агракамбінат Сноў”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!