Яна сёння — адзіны чалавек на планеце, хто жыў у нясвіжскім замку Радзівілаў

эльжбета

У Італіі такіх, як яна, называюць “Alba lupa” — “Белая ваўчыца”. Згодна з легендай, менавіта белая ваўчыца, што выкарміла заснавальнікаў Рыма — Ромула і Рэма, з’яўляецца прамаці рымскай арыстакратыі. Ад якой, між іншым, выводзілі свае карані і Радзівілы. “Alba lupa” азначае прыналежнасць да найвышэйшай арыстакратыі, самы яе пік, вершаліну, блакітную кроў і белую косць. Лічаныя ў свеце жанчыны маюць гонар так называцца. І сярод іх, бясспрэчна, яна — Эльжбета Марыя Габрыэла Одры Дарота Радзівіл, якой 21 кастрычніка 2017 года спаўняецца сто гадоў!

Не адно дзесяцігоддзе княгіня Эльжбета носіць іншае прозвішча — Тамашэўская, але ж яна ўсё роўна — Радзівіл. Яна безумоўная  “Alba lupa” — арыстакратка, як мінімум, у сямнаццатым (!) пакаленні, адзіная дачка шаснаццатага нясвіжскага ардыната князя Альбрэхта Антонія Вільгельма Радзівіла. І хоць амаль ва ўсіх крыні-цах і даведніках пазначана, што дзень яе нараджэння — 21 лістапада, аднак нарадзілася княгіня менавіта 21 кастрычніка, і ўсе ў сям’і гэта добра ведаюць. Такая памылка ў дакументах з’явілася, дзякуючы бацьку, які ад хвалявання і радасці, што нарадзілася дачка, пераблытаў месяцы і запісаў яе ў метрыцы крыху пазней. Пры хрысцінах Эльжбеце далі ажно пяць імёнаў, але ў пашпарце значыцца толькі два — Эльжбета Марыя. Сваім дзецям яна таксама давала потым толькі па два імені.

Як бы не хацелася ўжываць штампы, але, узгадваючы княгіню, так і просіцца: яна — жывая гісторыя, яе жыццё — цэлая эпоха. Толькі ўдумайцеся: пані Эльжбета нарадзілася ў год, калі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя! Столькі падзей здарылася за прайшоўшае стагоддзе, і большасць з нас вывучае іх толькі па кніжках, а яна ж была іх сведкай, а некаторых — і ўдзельніцай. Хто ведае, як бы склаўся яе лёс, лёс яе родных, каб не тая рэвалюцыя. Бацька Эльжбеты ў 1917 годзе вымушаны быў адправіць цяжарную жонку ў Лондан, каб тая змагла спакойна нарадзіць іх першынца, бо, мусіць, прадчуваў ужо, што зусім не яго знакаміты продак, а іншы Сіротка хутка будзе наводзіць парадкі ў іх нясвіжскім доме-замку. Маці Эльжбеты — Дораці Паркер Дзікан — так больш ніколі і не вернецца ў Нясвіж, у 1921 годзе бацькі скасуюць шлюб, а дзяўчынка будзе праводзіць у Нясвіжы толькі свае канікулы. Апошні раз яна наведае горад, калі ў 1935 годзе ва ўзросце пяцідзесяці гадоў памрэ бацька, які, дарэчы, пахаваны ў крыпце касцёла Божага Цела. І гэта будзе апошняе пахаванне ў крыпце перад працяглым — ажно да 8 чэрвеня 2000 года! — перапынкам, калі ў Нясвіж прывязуць прах Антонія Мікалая Радзівіла. Крыху меншы па часе перапынак будзе  ў жыцці княгіні Эльжбеты, якая наведае Нясвіж толькі ў 1993 годзе, калі ўжо Савецкі Саюз перастане існаваць. Якімі ж часавымі адрэзкамі мы вымяраем падчас сваё жыццё?!.

Эльжбета Марыя Габрыэла Одры Дарота Радзівіл у дзяцінстве

Эльжбета Марыя Габрыэла Одры Дарота Радзівіл у дзяцінстве

Тады, у 1993 годзе, яна прыязджала ў Нясвіж разам з другім мужам, 90-гадовым Янам Тамашэўскім, што да вайны быў паслом Польшчы ў Партугаліі. Дарэчы, у Партугаліі яны пазней правялі не адзін шчаслівы год, а ў 1993-м жылі ў прэстыжным раёне заходняга Лондана. Першы ж муж пані Эльжбеты — Вітольд Тадэуш Чартарыйскі — загінуў у маі 1945 года, за некалькі дзён да заканчэння вайны. Іх сын Альбрэхт або Аба Чартарыйскі, названы ў гонар знакамітага дзеда, зараз ужо пенсіянер. Калі ён прыязджаў у Беларусь, то вельмі засмучаўся, што яшчэ б мог працаваць, але ў Францыі, калі пенсіянер працуе, ён павінен плаціць вялікія падаткі.

У 1993 годзе Эльжбета Радзівіл, між іншым, наведала і гістарычны архіў у Мінску, дзе некалькі гадзін запар падпісвала фотаздымкі з выявамі сваіх родных і блізкіх. Фотаздымкаў была не адна сотня, і раптам сярод іх яна ўбачыла адзін рэдкі, якога не было ў сямейным архіве пані Эльжбеты: на ім яе тата і мама былі разам. Жанчына папрасіла падарыць ёй гэты здымак, у чым ёй адмовілі, патлумачыўшы, што гэта “собственность белорусского государства”. На што княгіня з гонарам адказала: “Это собственность нашей семьи, и мы еще живы”. Ёй чамусьці не прапанавалі нават ксеракопіі таго фотаздымка.

Пройдзе не адзін год, і на фоне таго прыкрага здарэння падчас чарговага візіту княгіні ў Нясвіж, у адрозненне ад сваіх мінскіх калег, у аналагічнай сітуацыі вельмі годна павядзе сябе былы дырэктар музея-запаведніка “Нясвіж” Валерый Антонавіч Сталярчук. Калі пані Эльжбета падчас наведвання Ратушы па-просіць адну кафлю з гербам Ра-дзівілаў, ён, — трэба аддаць яму належнае! —  як сапраўдны чалавек, мужчына і кіраўнік, тут жа загадае падрыхтаваць і падарыць пані Эльжбеце тое, што яна папрасіла. Бо добра разумеў, хто перад ім, і што гэта кафля для знакамітай госці значыць. Не менш дастойна крыху пазней сустрэне княгіню ў касцёле і ксёндз Пётр, які простымі словамі, без лішняга пафасу, цёпла падзякуе пані Эльжбеце за горад, за гісторыю, за замак, за тое, што мы маем, і чаго б ніколі ў нас не было, каб не Радзівілы. І з яго словамі нельга не пагадзіцца. Годныя ўчынкі годных людзей хоць на нейкі момант дазволілі княгіні забыцца і пра даўняе здарэнне ў архіве, і пра тое, як кухонная работніца санаторыя ў тым жа 1993-м не пусціла яе ў адно з памяшканняў замка. Тады кухарка, а не яна, дачка перад-апошняга нясвіжскага ардыната, адчувала сябе сапраўднай гаспадыняй у замку, — як літаральнае ўвасабленне ленінскага “кожная кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай…”  Яшчэ адна іронія лёсу.

Падчас першага наведвання замка ў яго паслясанаторную эпоху яна не захацела ісці туды, куды яе збіраліся весці, і дзе ўсё было падрыхтавана. Яна накіравалася туды, куды хацелася ёй, і ўсе рушылі ўслед, не асмеліўшыся запярэчыць, стараючыся занатаваць кожнае слова, ёю сказанае. А як жа! Яна сёння — адзіны чалавек на гэтай планеце, хто жыў у замку Радзівілаў. Вось тут яны з конюхам курылі, вось сюды кухар прыносіў смачныя піражкі, вось тут жыла яе настаўніца… Неяк бачыла ў інтэрнэце групавы здымак — чалавек сорак на ганку замка. Пані Эльжбета пазнала і падпісала кожнага на тым здымку. У яе добрая памяць. І ўзрост тут ні пры чым. Яна носіць шмат таямніц у сабе. Эх, каб пані Эльжбета хоць крышку расказала таго, што ведае! Але яна больш маўчыць і вельмі дазіравана нешта час ад часу адкрывае нам. Можа, мы паводзім сябе неяк не так?.. Можа, трэба па-іншаму?.. Пакуль яна яшчэ жыве і можа нешта нам сказаць.

Што тычыцца маіх асабістых уражанняў, то я падчас наведванняў Эльжбетай Радзівіл Нясвіжа не магу адарваць вачэй ад яе твару. На ім заўсёды — цэлы спектр розных пачуццяў і эмоцый адначасова: тут і гонар, і памяць, і годнасць, і крыўда, і жаль, і шкадаванне, і неверагодная цярплі-васць там, дзе хочацца крыкам крычаць, і часам пагарда, і нават нейкая грэблівасць і агіда, — такія напластаванні ўсяго, што і не апішаш. Гэта трэба бачыць. Яно і не дзіўна: усвядоміць і прыняць той факт, што тое, што твае продкі больш за чатыры стагоддзі множылі, потым нехта ўмомант назаўсёды адабраў, мякка кажучы, цяжка. А яна ж добра памятае той час, калі ў яе сям’і было дзясяткі тысяч гектараў зямлі, была гаспадарка, маёнткі, магчымасці, будучыня… Давайце будзем шчырымі самі з сабою: адбяры сёння ў нас нашу, у параўнанні з Радзівіламі — гамеапатычную, маёмасць, ці хопіць таго самага хрысціянскага пачатку дараваць сваім крыўдзіцелям?! Сумняваюся…

Неверагодна ўражвае яе высакароднасць. Яна — ва ўсім, у вялікім і ў дробязях. Нават маштаб і напрамак думак у яе зусім іншы. Калі ў княгіні спыталі, аб чым з пакінутага ў замку яна больш за ўсё шкадуе, тая, не задумваючыся, адказала: што не забрала з сабою партрэт бацькі, які вісеў на сцяне ў яе пакоі. Не аб золаце-дыяментах-калекцыях, а аб звычайным партрэце бацькі! Падчас наведвання санаторыя яна не прасіла адчыніць тыя пакоі, дзе некалі жыла, бо там знаходзіліся адпачываючыя. Амаль шэсцьдзясят гадоў не была Дома, — і не асмелілася патрывожыць спакой чужых для яе людзей. Выхаванне. Парода. Як хочаце гэта назавіце. Але яно альбо ёсць, альбо яго няма. “Alba lupa”, што ні кажы.

У 2009 годзе перад ад’ездам у Варшаву, дзе зараз жыве пані Эльжбета, яна наведала Ружаны і Косава. Шмат фатаграфавалася побач з Ружанскім замкам. На фоне замка ў Косаве фатаграфавацца адмовілася. На нямое пытанне суправаджаючага яе патлумачыла: “З Сапегамі мы радня, а з Пуслоўскімі — толькі сябры. Навошта мне фатаграфавацца побач з іх замкам?..” Ці не нагадала вам гэта хай сабе і анекдот, у якім — уся сутнасць паняцця “сапраўдны англійскі лорд”? Англічанін, што трапіў на бязлюдны востраў, пабудаваў там дзве будыніны, а потым, праз шмат гадоў, патлумачыў знайшоўшым яго маракам: “Гэта — клуб, які я наведваю, а гэта — клуб, які я ігнарую”. Зараз ён здаецца мне ўжо зусім не смешным.

Сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў пані Эльжбета выхавала і працягвае выхоўваць у павазе і любові да сваіх продкаў, да Нясві-жа, да Беларусі, — гэта, дарэчы, таксама якасць Асобы. Кожны Радзівіл павінен пабываць у Нясвіжы — так заведзена ў сям’і. “Любовь к родному пепелищу, любовь к отеческим гробам” — для Радзі-вілаў гэта не пустыя словы.

…14 студзеня 1918 года, калі маленькую Эльжбетку хрысцілі ў Лондане, бацька павесіў ёй на шыю медальён з выявай Божай Маці. Гэты медальён заўсёды з ёю, як з ёю і Божая Маці, што аберагае яе вось ужо цэлы век. Хай аберагае і надалей, каб усё ж спраўдзілася мара княгіні адзначыць сваё стагоддзе ў Нясвіжы і патрапіць-такі, хай нават сабе і ў якасці гледача, на паляванне на кабана.

Sto lat, sto lat, niech zyje, zyje nam… Jeszcze raz, jeszcze raz, niech zyje, zyje nam, шаноўная пані Эльжбета!

Ірына ЦІХОНКА, г. Нясвіж

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.