Арыенцір — прыбытак і рэнтабельнасць

Вынікам работы па аздараўленні адстаючых сельскагаспадарчых арганізацый павінен стаць іх выхад на рэнтабельную вытворчасць. Гэтага Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, заслухоўваючы даклад аб рэалізацыі норм указа нумар 253 «Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый» і прапануемых у яго змяненнях.

«У першую чаргу мяне, вядома, цікавіць фінансавы стан сельгасарганізацый. Галоўнае — прыбытак і рэнтабельнасць. Як мяне інфармавалі ў час уборачнай, цэны сёння нядрэнныя на тавары і прадукты, якія мы вырабляем, што дае магчымасць нам трымаць рэнтабельнасць продажаў ад 15 працэнтаў да 80 працэнтаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт пацікавіўся, як на месцах выконваецца ўказ № 253. «Які вынік ад гэтага ўказа, а галоўнае — ці знізілася колькасць неплацежаздольных гаспадарак, ці павысілася эфектыўнасць сельгасвытворчасці?» — спытаў Кіраўнік дзяржавы. Урад прапануе ўнесці ў гэты ўказ шэраг змяненняў для больш эфектыўнай рэалізацыі дакумента. «Што было не ўлічана і без якіх норм гэты ўказ не можа працаваць у адпаведнасці з вашымі пажаданнямі і выхадам сельгасарганізацый на прыбытковую работу? Хацелася б ведаць, што дадуць змяненні ў гэты ўказ для сельскай гаспадаркі, ці дастаткова ўносімых змяненняў для стабільнай работы сельгасарганізацый?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.  Асобна на нарадзе Кіраўнік дзяржавы спыніў-ся на пытаннях завяршэння ўборачнай кампаніі, адзначыўшы, што, па запэўніваннях службовых асоб урада і Мінсельгасхарчу, яна павінна была завяршыцца да 7 лістапада. «Што на сённяшні дзень? Хацеў бы пачуць адказ на гэта пытанне».

Прэзідэнт спытаў, як рыхтуецца глеба пад ураджай наступнага года, што з назапашваннем мінеральных угнаенняў і як забяспечана зімоўка жывёлы. «Жыццё не заканчваецца 2017 годам, таму ўраджай будучага закладваецца ўжо сёння. Хацелася б ведаць, як вы бачыце перспектывы 2018 года», — сказаў ён. «Год быў няпросты, мы звярталіся да спецыялістаў, вяскоўцаў. Яны адгукнуліся і на маю просьбу, уборку збожжавых правялі ў сціслыя тэрміны, даволі эфектыўна. Зразумела, надыходзіць час, калі людзям трэба падзякаваць. Як мы будзем гэта рабіць, калі падвядзём вынікі бягучага сельскагаспадарчага года?» — пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў намеснік Прэм’ер-міністра Міхаіл Русы, указ         № 253 «Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый» быў прыняты ў ліпені 2016 года і накіраваны на аднаўленне плацежаздольнасці тых прадпрыемстваў, якія апынуліся ў крытычным стане. На той момант налічвалася 425 такіх арганізацый, з іх пад працэдуру дасудовага аздараўлення трапілі 323 прадпрыемствы, пад працэдуру антыкрызіснага кіравання — 102. «Вынікі работы за першае паўгоддзе паказваюць, што ўказ правільны, прыняты своечасова. За паўгода 32 арганізацыі аднавілі плацежаздольнасць і пачалі працаваць па нармальным цыкле, палепшыла каэфіцыент плацежаздольнасці 131 арганізацыя», — праінфармаваў Міхаіл Русы.

БелТА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.