Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Купалазнаўства

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 10.11.2017

Мы, беларусы,  заўсёды ганарымся сваімі майстрамі нацыянальнага прыгожага пісьменства. Янка Купала — гэта велічны і надзвычай таленавіты духоўны настаўнік многіх пакаленняў нашага народа.  Многія яго вершы, паэмы мы вывучалі ў школе, ведаем на памяць калі не цалкам увесь верш, то хоць урывачак. І біяграфія песняра добра вядома. Аднак мы нярэдка не ведаем, хто даносіў да нас тыя самыя літаратуразнаўчыя факты і аргументы пра любімага аўтара, хто даследаваў яго творчасць. Я лічу, што ў Год навукі і 135-годдзя Янкі Купалы гэта карысна зрабіць. І, дарэчы,  даследчыкам і ў ХХІ стагоддзі ёсць што даследаваць, бо ў біяграфіі Майстра засталося яшчэ  шмат белых плям, таямніц і загадак…



Сама навука пра Купалу — купалазнаўства — фактычна пачалася ў 1908 годзе. Менавіта першы зборнік паэта “Жалейка” (1908) стаў не толькі вялікай падзеяй у айчыннай літаратуры, але і выклікаў шматлікія водгукі. Так, Ядвігін Ш. у газеце “Минское эхо” (9.7.1908) дае ацэнку гэтай самабытнай кнігі. У. Самойла характарызаваў зборнік як “сонца жывой сапраўднай паэзіі”. Даследчык адзначае ў газеце “Минский курьер» (23.8. 1908): “Беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у  галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці”. У. Самойла высока ацаніў драматычную паэму “Адвечная песня”, а паэзію Янкі Купалы лічыў каштоўным скарбам, дзе глыбока адлюстравана душа народа. У газеце “Наша ніва” (16.9.1910) ён разважае пра  нацыянальнае і агульначалавечае значэнне творчасці песняра. Самую ж скрупулёзную ацэнку дакастрычніцкай творчасці Купалы даў пачынальнік беларускага літаратуразнаўства Максім Багдановіч, які і стаў першым даследчыкам купалаўскай паэтыкі, напрыклад, вызначальным у форме ён бачыў рытм верша.

Сістэматычнае вывучэнне творчасці Купалы пачалося пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі — той самай, у якой сёлета таксама  юбілей — стагоддзе. Так, у “Гісторыі беларускай літаратуры” М. Гарэцкага Купала ахарактарызаваны як лірык з ярка выражанымі грамадзянскімі матывамі.   Я. Карскі падкрэсліваў лірычную прыроду яго таленту. Шмат даследаванняў з’явілася ў сувязі са святкаваннем 20-годдзя дзейнасці Купалы і прысваення яму звання  народнага паэта Беларусі (1925). Спробу даследавання філасофскіх матываў яго лірыкі зрабіў А. Бабарэка ў працы “З далін на ўзвышшы” (“Маладняк”, 1926, №10), дзе акцэнтаваў увагу на вытанчаным адчуванні Купалам самой “моцы жыцця”.  Артыкул М. Піятуховіча “Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы” (“Полымя”, 1925, №4) — першая спроба перыядызацыі творчасці песняра.

Зборы яго твораў выходзілі ў 1925 —1932 гг. (у 6 т.). Дарэчы, гэта наогул першы збор твораў у гісторыі беларускай літаратуры.  У 1928 — 1940 гг.  выйшаў збор у 4 т.

У сувязі з 35-годдзем  дзейнасці Купалы (1940) быў апубліваны шэраг прац, дзе яго творчасць разглядалася аб’ектыўна, з улікам сладанасцей эпохі. “Мастацкай гісторыяй  жыцця беларускага народа”  назваў паэзію Купалы В. Барысенка (“ЛіМ”, 8.12.1940).  У 1943 г. у Маскве і Ташкенце выйшлі два зборнікі “Памяці Янкі Купалы”, якія ўключалі даследаванні Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, С. Гарадзецкага і іншых вучоных з рознабаковай характарыстыкай творчасці. Затым Купалу даследавалі М. Лужанін, Н. Перкін,  А. Александровіч, Ю. Пшыркоў, Я. Мазалькоў.

Значных поспехаў купалазнаўства дасягнула ў 50 — 60 гг., чаму спрыяла выданне твораў песняра ў шасці тамах (1952 — 54, 1961 — 63). З’явіліся працы даследчыкаў В. Івашына, М. Яроша. У 1952 і 1955 гг. былі выдадзены зборнікі матэрыялаў пра жыццё і творчасць Купалы. З’я-віліся працы, прысвечаныя яго сувязям  з рускай, украінскай, літоўскай, польскай, чэшскай літаратурамі.

Вывучалася сувязь яго творчасці з фальклорам. У 60-я г. купалазнаўства ўзбагацілася зборнікамі з новымі працамі “Любімы паэт беларускага народа” (1960) і “Народны паэт Беларусі” (1962).

Прыкметнай з’явай стала кніга Р. Бярозкіна “Свет Купалы” (1965), дзе даследавана сістэма вобразнага мыслення. З’яўляецца грунтоўная манаграфія І. Навуменкі “Янка Купала. Духоўны воблік героя” (1967).  Па-новаму даследуюць Купалу А. Лойка,  В. Каваленка,  У. Калеснік, У. Казбярук, У.  Конан, М. Арочка, М. Грынчык, І. Ралько.

Да 90-годдзя з дня нараджэння быў выдадзены зборнік артыкулаў “Народныя песняры” (1972). Важнай падзеяй стала выданне ў 1972 — 76 гг.  навукова-каменціраванага збору твораў Янкі Купалы ў сямі тамах. Актывізацыі купалазнаўства ў многім спрыялі юбілеі паэта. Выйшлі  зборнікі “Песні беларускай валадар”(1981), “Разам з народам” (1983). Падзеяй у культурным жыцці стала кніга А. Лойкі “Янка Купала” (1982), якая выйшла ў знакамітай серыі “ЖЗЛ”. У 1995 —2003 гг. убачыў свет збор твораў Купалы ў  9 т.

Яшчэ ў  1986 г. быў выдадзены энцыклапедычны даведнік “Янка Купала”. А ў  2017 г. чытачы змогуць убачыць перавыданне культавай энцыклапедыі, у якую ўвайшло  3 тысячы артыкулаў.

Нельга не сказаць пра дзейнасць Міжнароднага фонду Янкі Купалы, мэтай якога з’яўляецца садзейнічанне больш дасканаламу вывучэнню жыцця і творчасці, выхаванне маладога пакалення на лепшых узорах, вызначэнне яго месца і ролі ў беларускай і сусветнай літаратуры. Дарэчы, сама ідэя ўтварэння фонду нарадзілася падчас першых Міжнародных купалаўскіх чытанняў у верасні 1995 г.  З 1996 г.  разам з Літаратурным музеем Янкі Купалы фонд з’яўляецца суарганізатарам  чытанняў, на аснове якіх былі выдадзеныя шматлікія зборнікі дакладаў і артыкулаў. Старшынёй фонду з дня яго заснавання з’яўляецца вядомы беларускі літаратуразнаўца  Вячаслаў Рагойша. У склад фонду ўваходзіць 7 суполак у Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Любань,  Наваполацк) і 6 суполак за мяжой: у Літве, Латвіі, Польшчы і Расіі. Шмат даследаванняў ажыццявілі і працягваюць сёння ажыццяўляць выкладчыкі-вучоныя з усіх педагагічных ВНУ Беларусі, супрацоўнікі акадэмічнага Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы.

Як бачым, постаць Купалы цікавіла даследчыкаў усё ХХ ст. Зразумела, мяняліся эпохі, мяняліся і погляды даследчыкаў. Сама  база ведаў пра  класіка пашырылася, дзякуючы шматлікім архіўным дакументам, непараўнальна вырас і сам узровень літаратуразнаўства. Таму відавочна, што купалазнаўства аб’яднала вакол сябе некалькі пакаленняў даследчыкаў.

У ХХІ ст.  з’явяцца як  новыя даследчыкі  творчасці Купалы, так і  новыя чытачы, прыхільнікі яго бессмяротнай спадчыны.  Цікавасць да нашага класіка, безумоўна, была і будзе.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!