Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 10 °C

Незабыўны акардэон

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Хто хоць раз пачуў, як гучыць акардэон у руках лаўрэата міжнародных конкурсаў, пераможцы Вышэйшай лігі мэтраў сусветнага акардэона, стыпендыята Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Ігара Квашэвіча, той не забудзе гэта ніколі. У мінулы чацвер акунуцца ў сапраўдны вадаспад захапляльных мелодый, якія нараджаліся пад рукамі музыканта, змаглі і жыхары, і госці Нясвіжа, якія пабывалі на яго выступленні ў раённым цэнтры культуры. Яно было арганізавана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” у рамках “Беларусь-тура”, дзе наш горад стаў 110-м пунктам канцэртнага маршруту музыканта.



Ігар Квашэвіч — наш суайчыннік, які нарадзіўся і вырас у Целяханах Брэсцкай вобласці, закончыў з адзнакай мясцовую музычную школу, затым гэтак жа “на выдатна” — Баранавіцкае музычнае вучылішча і, нарэшце, ізноў-такі з дыпломам з адзнакай — Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. У дзяцінстве вельмі захапляўся футболам, але любоў да музыкі перамагла любоў да спорту, і свет атрымаў цудоўнага музыканта, які не перастае ўдасканальваць сваё майстэрства — зараз ён працягвае вучыцца, але ўжо ў Германіі, у Мюнхене, што не перашка-джае яму выступаць з канцэртамі на Радзіме і ў іншых краінах.

У выкананні Ігара Квашэвіча гучалі творы сусветна папулярных кампазітараў — пачынаючы ад “Рыа-Рыты” Сантэухіні і “Пырскаў шампанскага” Ежы Пецярбургскага і заканчваючы “Палётам шмяля” Рымскага-Корсакава і “Турэцкім маршам” Моцарта. Выканаў ён і “Варыяцыі” славутага акардэаніста і кампазітара Віктара Грыдзіна на тэму ўкраінскай народнай песні “Ехаў казак за Дунай”, што стала яшчэ адным сведчаннем яго высокага майстэрства, таму што творы Грыдзіна “пакараюцца” далёка не кожнаму музыканту.

Даволі нечаканым адкрыццём для гледачоў стала і тое, што віртуёзны выканаўца яшчэ і добра спявае, пры тым — свае ўласные песні на ўласныя ж вершы. Напоўненая цудоўнай музыкай і цікавымі каментарыямі самога артыста, канцэртная праграма закончылася яго ўласнай песняй пад сімвалічнай назвай “Беларусь”, якую гледачы падтрымалі гарачымі апладысментамі, доўга не адпускаючы музыканта са сцэны.

Канцэрт закончыўся, але ў душах усіх, хто на ім прысутнічаў, застаўся той непаўторны феерверк эмоцый, якія можа пакідаць толькі жывая, па-майстэрску выкананая і па-сапраўднаму вялікая музыка.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!