Сёння, у першы дзень зімы, у салоне-галерэі “Скарбніца” закончыла сваю работу выстава турыстычнай фатаграфіі “Успаміны, якія грэюць”, аб пачатку работы якой мы паведамлялі ў выпуску “НН” № 88.
Гэта штогадовая выстава, якая сёлета прайшла ў 16-ы раз, як і раней, сабрала на сваім адкрыцці захопленых прагай да складаных падарожжаў людзей — удзельнікаў турыстычнага клуба “Вандроўнік” і іх сяброў. Пасля агляду па-мастацку аформленых фотаздымкаў у “Скарбніцы” яны абмяняліся ўражаннямі і ўспамінамі ў канферэнц-зале цэнтральнай раённай бібліятэкі, якую гасцінна прадаставіла гэта ўстанова. Тут усіх чакаў сюрпрыз — яшчэ дзве міні-выставы, на якіх былі прадстаўлены вырабы з дрэва, зробленыя турыстамі непасрэдна ў паходах, а таксама невялікая, але вельмі цікавая калекцыя камянёў, знойдзеных падчас падарожжаў, і засушаных насельнікаў халодных салёных вод — марскіх зорак з Белага мора, а таксама вераску і моху з Карэліі.
Усё гэта выклікала заканамерную цікавасць прысутных (фото 1), таму што, вядома, не кожны дзень можна на свае вочы пабачыць такія незвычайныя рэчы. Не менш цікавымі былі аповеды выступоўцаў — людзей розных прафесій, аб’яднаных любоўю да падарожжаў сярод жывой прыроды, якія ўзгадвалі аб зараджэнні турыстычнага руху на Нясвіжчыне і дзяліліся сваімі ўражаннямі. Гэта былі несвіжане Алесь Язвінскі, Ігар Богуш, кіраўнік клуба “Вандроўнік” Алена Цымбарэвіч, жыхар Віцебска Мікалай Белезякоў, а таксама прадстаўнік маладой турыстычнай змены Арцём Мікітовіч, які прадставіў увазе прысутных захапляльны відэафільм аб паходах моладзі. Асобна трэба адзначыць яшчэ аднаго сябра і госця нясвіжскіх турыстаў — Алега Ульянава з Магілёва, якому па-трапіць разам з імі ў водны паход не перашкодзілі ні адлегласць, ні значны перапынак у турыстычнай практыцы — апошні раз у такім паходзе ён быў 39 гадоў таму. Гэта лічба — не памылка. Алег Іванавіч, сапраўды, сёлета адзначыў сваё 70-годдзе, на ўласным прыкладзе яскрава паказаўшы, што мудрасць і сталасць могуць выдатна спалучацца з бадзёрасцю і любоўю да жыцця. Калі ж дадаць сюды яго цудоўныя вершы і песні пад гітару ва ўласным выкананні, то стане зразумелым, што пад словамі “ў паходзе галоўнае — гэта адзінства з прыгажосцю і адзінства з людзьмі” падпішуцца турысты з розных мясцін і нават розных нацыянальнасцей.
Увогуле, музыка гучала ў той вечар часта — прысутных парадавалі песнямі ва ўласным выкананні таксама госці з Віцебска Дзмітрый Шчаўканогаў і Юрый Казлоў, што стала яшчэ адным цудоўным падарункам усім удзельнікам турыстычнага свята.
Які ж ён — свет вачамі чалавека, закаханага ў жыццё і прыгажосць наваколля, чалавека, упэўненага ў сваіх сілах?
Адказ на гэта пытанне я па- спрабавала знайсці ў саміх турыстаў — аўтараў фотавыставы.
Таіса і Генадзь Аксёнік, гаспадары аграсядзібы “Нясвіжская”:
— Мы ў гэтым годзе пабачылі горы, прычым розныя. У канцы зімы пабывалі ў Закарпацці, у Букавелі, дзе каталіся на горных лыжах, а ў канцы лета — на Каўказе. Там пабачылі знакаміты помнік прыроды Белыя Скалы, што ў раёне Сочы, куды яшчэ няма афіцыйных экскурсій. Уражанні сапраўды незабыўныя. Што тычыцца горных лыж, то з імі фізічна непадрыхтаваны чалавек не справіцца, а адчуванні ад спуску на іх можна параўнаць з тым, калі трапляеш у “бочку” на катамаране — тое ж адчуванне сябе пушынкай у руках стыхіі. А на Каўказе свая прыгажосць — вельмі багатая, пышная прырода, дзе нават ракавінка смаўжа, які, здаецца, не дзіва для Беларусі, мае асаблівы панцыр, які пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. Вельмі ўразіла і веліч вадаспадаў на Белых Скалах, якія зліваюцца з трох патокаў у адзін, і прыгажосць Чорнага мора з яго загадкавымі гротамі.
А горы — гэта асобная гісторыя. Яны вельмі прыгожыя і тады, калі зімой на іх вяршынях блішчыць снег, і летам, калі на іх ляжаць аблачыны.
Вось адтуль, а яшчэ з адной вельмі маляўнічай мясціны па-блізу Брэсцкай крэпасці — нашы фотаздымкі.
Мікалай Белезякоў, прадпрымальнік:
— Я быў у гэтым годзе ў двух паходах: адзін, як звычайна, вясной, — па Беларусі, другі, летам, — па Карэліі. Нам пашанцавала з надвор’ем, але не вельмі пашанцавала з вадой — яе было шмат, і таму некаторыя складаныя парогі былі амаль незаўважныя, і там, дзе чакаў асаблівых уражанняў і эмоцый, усё аказалася занадта спакойна. Калі не лічыць гэтага, усё астатняе было вельмі добра: цудоўныя людзі побач, цудоўная прырода. Ёсць у ёй такія моманты, якія нельга знайсці ў Беларусі, тыя ж неверагодныя скалы, напрыклад. А шукаць гэтыя моманты і фіксаваць іх на фотакамеру мяне прымушае, напэўна, некаторая мастацкая струнка, якая ёсць у маёй свядомасці — па адукацыі я майстар мастацкай апрацоўкі драўніны, і люблю прыгожыя формы і колеры.
Ігар Богуш, урач-хірург, пачынальнік турыстычнай фотавыставы “Успаміны, якія грэюць”:
— Сёлета я быў з сябрамі ў пасёлку Мурмашы, што ў 30 кіламетрах ад Мурманска. Ішлі 30 кіламетраў па заліве, затым 40 — па Баранцавым моры. Былі на рацэ Вароньцы, дзе водзіцца сёмга, але нам не пашчасціла яе злавіць, на рацэ Юмас і аднайменным возеры, што знаходзяцца на Кольскім паўвостраве. Тут ужо было весялей з уловам — у рацэ трапляліся фарэлі, а ў возеры — акуні. На беразе возера спадабаліся ўмовы — там стаіць паляўнічы домік, дзе былі і печ, і лежакі, на вуліцы — навес, кастрышча, лаўкі, усё, што трэба для адпачынку. Вось адтуль і прывёз здымкі, каб тыя, хто там не быў, маглі ўбачыць, як ловіцца траска ў Баранцавым моры, як заходзіць сонца на возеры Юмас і адпачывае на яго беразе адзінокая лодка, як цячэ рака Варонька.
Многія дзівяцца, чаго нас нясе на поў-нач, калі ўсе звы-чайныя людзі імкнуцца пагрэць костачкі на поўдні. Але ж ёсць і тыя, хто гэта разумее. А здымкі атрымліваюцца тады, калі ўзнікае непераадольнае імкненне ўбачыць і зафіксаваць прыгожае, а потым — падзяліцца гэтым. І калі другі чалавек прымае тое, што цябе радуе — гэта двайная радасць!
Аляксандр Мікітовіч, прад-прымальнік:
— У гэтым годзе хадзіў з сябрамі па маршруце Іслач — Заходняя Бярэзіна — Нёман. Дарэчы, быў на гэтым маршруце 10 гадоў таму, але сёлета рака змянілася, стала куды больш паўнаводнай. Мы нават, бывала, гублялі русла і ішлі, што называецца, па палях. Гэта толькі здаецца, што добра, калі вады шмат. Бывае складана знайсці стаянку для адпачынку, асабліва, калі група вялікая. Нават калі не адзін раз хадзіць па адной і той жа рацэ, кожны год усё будзе па-рознаму: іншы калектыў, іншая абстаноўка, іншае надвор’е. Дарэчы, сёлета нам з надвор’ем, можна сказаць, пашанцавала, але адзін раз навальніца застала прама на вадзе. А яшчэ ў гэтым годзе мы ўпершыню ў Беларусі прайшлі тры кіламетры супраць цячэння па Нёмане, каб зэканоміць адлегласць. Складана было, але справіліся. Вельмі маляўнічыя мясціны былі на Іслачы. Яна такая балоцістая, што часам ператваралася ў ручай, але на яе берагах мы бачылі ласёў і казуль, якіх амаль не хвалявала наша прысутнасць. Кожная фатаграфія, зробленая ў такіх мясцінах, — як новая кропля ў рознакаляровым даж-джы паходных уражанняў.
Уладзімір Цымбарэвіч, прадпрымальнік:
— Мы сёлета ўпершыню пабывалі на Карэльскай рацэ Чырка-Кем. Паход атрымаўся складаным, частку шляху прыйшлося пераносіць катамараны ў руках, бо раку перакрывалі завалы з дрэваў. Сыпаў дробны дождж, стаяў туман, вільготнасць была 98 працэнтаў. Пакуль не з’явілася чыстая ад завалаў вада, было ўражанне, што ідзём па нашых, беларускіх балотах — звыклага для нас краявіду Карэліі не было бачна. Нават рыбы было мала — толькі на юшку і крыху падсмажыць. Гэта было выпрабаванне. Але потым, калі надвор’е палепшала і з’явілася чыстая ад завалаў вада, усё стала зусім па-іншаму. А самаробная лазня і ўвогуле ўзняла ўсім настрой. Дарэчы, гэта рэчка — добрае месца для тых, хто толькі пачынае хадзіць у падарожжы на катамаранах. Мы, як аматары цяжкасцей, пачалі свой паход вышэй, чым агульнапрынята, аднак усё ж такі справіліся.
Алесь Язвінскі, настаўнік фізкультуры:
— Калі б я быў адзін, то нічога не атрымалася б. Хтосьці працаваў, як я, на школьнай ніве, хтосьці — на медыцынскай, хтосьці — на спартыўнай, але калі мы сабра-ліся ўсе разам, атрымаўся наш клуб — “Вандроўнік”. Гэту цудоўную назву прыдумаў Генадзь Аксёнік. За час, які прайшоў, многае адбылося, быў закладзены падмурак маладзёжнага турызму, і зараз нашу эстафету пераймаюць нашы дзеці. Так што галоўнае тут — гэта сябры побач. Мы — супольнасць людзей з асаблівасцямі (усміхаецца — Аўт.), бо не кожнаму зразумелае тое задавальненне, якое мы атрымліваем ад вандроўкі ў цяжкіх умовах. Нашы людзі адфільтроўваюцца адразу і застаюцца з намі назаўсёды. А фотаздымкі мае на гэты раз прывезены з беларускіх Заходняй Бярэзіны, Нёмана, Іслачы і карэльскай Чырка-Кемі.
Як яны атрымаліся — меркаваць гледачам.
P.S. Паходны сезон завершаны, але ў аматараў карыснага і здаровага адпачынку ўжо з’яўляюцца новыя ідэі на наступны год. Няхай яны здзейсняцца, а мы абавязкова раскажам пра іх нашым чытачам падчас новых “Успамінаў, якія грэюць!”
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.