Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.5 |
Погода 13 °C

Вялікае мастацтва маленькага тэатра

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 19.01.2018

Канец снежня для жыхароў аграгарадка Грыцкевічы стаў часам асабліва святочным — у адзін з апошніх дзён года тутэйшыя прыхільнікі тэатральнага і музычнага мастацтва разам з гасцямі з Нясвіжа сабраліся ў мясцовым Доме культуры на юбілейны вечар народнага аматарскага тэатра мініяцюр “Люстэрка жыцця”, які адзначаў сваё 10-годдзе.

Да прысутных на юбілейным вечары са словамі ўдзячнасці звяртаецца загадчык Грыцкевіцкага СДК Людміла Гадун



Гэты калектыў ужо добра вядомы на Нясвіжчыне — ён з нязменным поспехам выступаў і на сваёй, і на раённай сцэне. А пачыналася ўсё не 10 гадоў таму, а нашмат раней, калі ў Грыцкевіцкім СДК за-працаваў драматычны гурток для дарослых, якім кіравала на той час мастацкі кіраўнік Дома культуры Людміла Гадун. Выступленні таленавітых мясцовых артыстаў хутка набылі папулярнасць, і з раённага аддзела культуры паступіла прапанова вывесці гэту работу на новы ўзровень і стварыць тэатр мініяцюр, які зможа прэтэндаваць на званне “народны”. Так яно і атрымалася. Набраўшыся вопыту і майстэрства, мясцовыя артысты за-працавалі з новай сілай і з 31 снежня 2013 года іх супольнасць стала з поў-ным правам называцца “народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр мініяцюр “Люстэрка жыцця”. Гаворачы словамі афіцыйнага дакумента, гэта найменне было прысвоена “за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень і актыўную канцэртна-выставачную дзейнасць”. Да сённяшняга дня “Люстэрка жыцця” робіць усё магчымае, каб адпавядаць свайму ганароваму званню, не стамляючыся здзіўляць і захапляць гледача.

Вядома, дасягнуць усяго гэтага было б немагчыма без улюбёных у мастацтва людзей, якія, будучы прадстаўнікамі самых звычайных прафесій, набываюць на сцэне нечаканыя вобразы. Так, ад заснавання тэатра, яшчэ з часоў тэатральнага гуртка, у ім удзельнічаюць Таццяна Зінкевіч (кладаўшчык Грыцкевіцкага НПК дз/с-СШ), Алена Леўшык (намеснік дырэктара ААТ “Грыцкевічы” па ідэалогіі), да якой пазней далучыўся яе муж Сяргей (механізатар гаспадаркі), Ганна Сяргей (тэхработнік мехдвара гаспадаркі), Святлана Зубік (палявод), Марына Закудоўская (тэхработнік СДК), Мікалай Ярош (вадзіцель) і іншыя артысты-аматары, якія не шкадуюць асабістага часу і сіл, каб збірацца на рэпетыцыі, працаваць, удасканальвацца і ў выніку дарыць радасць людзям, у першую чаргу — сваім землякам. Амаль адразу пасля стварэння тэатра да яго далучыўся прафесійны работнік культуры, на той час мастацкі кіраўнік СДК Юрый Кабяк, які прыйшоў на работу ў Дом культуры пасля заканчэння Мінскага каледжа мастацтваў. Гэта моцна ўзмацніла пастаноўкі ў музычным плане, надало ім асаблівую артыстычнасць. Зараз Юрый Кабяк працуе ў Доме культуры акампані-ятарам і кіруе ансамблем песні “Суседзі”, якому, дарэчы, у наступным, 2019-м, годзе споўніцца 10 гадоў. Праз некаторы час услед за ім у калектыў тэатра ўлілася яго жонка і калега па рабоце Таццяна. Яна не толькі выдатна выконвае ролі ў мініяцюрах, але і стварае прыгожыя харэаграфічныя замалёўкі да вакальных нумароў анасмбля “Суседзі”, без якога не абыходзіцца ні адно выступленне тэатра.

Юбіляраў віншуе
дырэктар ААТ “Грыцкевічы” Яўген Здановіч

Радуе, што да вопытных       удзельнікаў калектыву далучаюцца маладзейшыя, новыя таленты, напрыклад, за апошнія пяць гадоў у ім з’явіліся Ганна Парэйка (у звычайным жыцці — бухгалтар гаспадаркі), Ілья Антановіч (аператар па штучным асемяненні жывёлы), Іна Кузміч  (ветурач), Яўген Гуліцкі (мастацкі кіраўнік СДК, выпускнік Мінскага каледжа мастацтваў, прыняты на работу на час водпуску па доглядзе дзіцяці Таццяны Кабяк). Кожны з іх уносіць у сцэнічную дзею сваё абаянне, сваю непаўторную нотку.

Увесь “зорны” склад свайго тэатра грыцкевічане ўбачылі на яго юбілейным вечары. І, мяркуючы па ўсім, былі вельмі задаволены прадстаўленым відовішчам. Ды і як яно можа быць іначай, калі ўсе мініяцюры, усе тэксты праходзяць пільны “фільтр” загадчыка СДК, мастацкага кіраўніка тэатра Людмілы Гадун. Як расказала ў нашай гутарцы сама Людміла Мікалаеўна, тэмы для пастановак тэатра яна знаходзіць у розных крыніцах — ад часопіса “Вожык” да гумарыстычных маладзёжных тэлепраграм. Тое, што спадабалася, апрацоўваецца, прыстасоўваецца да мясцовых умоў, пры неабходнасці, перакладаецца на беларускую мову, таму што, як вопытны работнік культуры, яна даўно заўважыла: нішто так не кранае сэрца гледача, як роднае, сваё.

Момант з мініяцюры “Раман”.
У ролях — Ілья Антановіч і Ганна Сяргей

Трыа ў складзе Яўгена Гуліцкага, Юрыя Кабяка і Ільі Антановіча
выконвае песню “Мы не птушкі”

Мініяцюру “Сустрэча”
выконваюць Мікалай Ярош і Алена Леўшык

Выступленне тэатра мініяцюр “Люстэрка жыцця”
не пакідала раўнадушнымі ні сталых, ні самых юных гледачоў

Артысты запрасілі ўсіх у стылізаваны “Начны клуб “Сустрэча”, дзе, як у люстэрку, гледачы сталі пазнаваць у яскравых мініяцюрах, шчодра аздобленых музыкай і спевамі, многія моманты звычайнага чалавечага жыцця: вось “мамчын сынок” ніяк не можа ўзяць на сябе адказнасць за сваё жыццё і з “дапамогай” мамы спрабуе вярнуць каханую дзяўчыну, вось дама “бальзакаўскага” ўзросту даволі ветліва, але настойліва дабіваецца ўвагі маладога кавалера, вось дачка-студэнт-ка прывяла знаёміцца з бацькамі жаніха-афраеўрапейца, вось сябры маладосці, сустрэўшыся праз многа гадоў, высвятляюць, хто каму быў жаніхом, а хто — шаферам і многае іншае. Зала смяялася, дзесьці і ўздыхала, але галоўнае — горача апладзіравала, дорачы сваім землякам шчырую ўдзячнасць за іх смеласць і талент. Завяршыўся юбілейны вечар народнага аматарскага тэатра мініяцюр “Люстэрка жыцця” папулярнай песняй “Ах, ноч!” з рэпертуару групы “Кумовья”, якая прагучала ў выкананні ансамбля песні “Суседзі” так шчыра і пра-нікнёна, што ўся зала ператварылася ў слых і ў фінале стоячы вітала артыстаў.

Дарэчы, узнагародай ім былі не толькі гарачыя апладысменты гледачоў, але і цёплыя словы пачэсных гасцей. Так, дырэктар ААТ “Грыцкевічы” Яўген Здановіч, які выдатна працягвае добрую традыцыю падтрымкі мясцовых талентаў, прынятую ў гэтай гаспадарцы, шчыра павіншаваў удзельнікаў калектыву         з юбілеем, падзякаваў за творчую працу і ўручыў тэатру цудоўны падарунак — дакументы на новую асвятляльную апаратуру, што, безумоўна, дапаможа зрабіць яго пастаноўкі яшчэ больш цікавымі. Высока ацаніла майстэрства грыцкевіцкіх артыстаў і дырэктар раённага цэнтра культуры Таццяна Лук’янчык, якая ўручыла юбілярам ноутбук. Завяршыў віншавальную частку мерапрыемства вялікі святочны торт з агнямі, які падрыхтаваў да свята прафкам сельгаспрадпрыемства.

Юбілейны вечар “Люстэрка жыцця” адышоў у гісторыю, але наперадзе — новыя спектаклі, новыя пастаноўкі, якія напэўна паднясуць гледачам яшчэ шмат цікавых сюрпрызаў. Чакаем!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!