Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 12 °C

Талакой можна многае зрабіць. І могілкі стануць чыстымі

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Мая малая радзіма — вёска Каменка Казлоў-скага  сельсавета. І я хачу расказаць, як яе ўра-джэнцы праяўляюць клопат  аб апошнім прытулку  чалавека — могілках. Месца пахаванняў ранейшых гадоў (1800-х) знаходзілася  ў аварыйным стане: непраходныя зараснікі, старыя дрэвы з тоўстымі і пустымі ў сярэдзіне стваламі (многія раслі нават у агароджы магіл) пачалі ўяўляць пагрозу, таму мы і ўзяліся  прыбіраць іх з могілак. (Далей аўтар апавядае пра хаджэнні па інстанцыях у пошуку дапамогі. — рэд.). Патрэбны былі сродкі, каб аплаціць  спецыялістам за спілоўванне дрэў, і тэхніка, каб іх вывезці.



І вось на свята Пакроваў, сабраўшыся ў каплічцы (яна была адноўлена ў апошнія гады стараннямі нашай зямлячкі Ірыны Аляксееўны Зялёнка), усе аднагалосна вырашылі: трэба збіраць сродкі. У асноўным давалі па 30—50 рублёў, а некаторыя — і па 100. Збіралі грошы мясцовыя жыхары і ўраджэнцы Каменкі, якія жывуць у Снове, Аношках і іншых населеных пунктах, перадавалі  праз знаёмых, перасылалі  па пошце. Вялікую ролю адыгралі нашы актывісты. Так, І.А. Зялёнка збірала грошы ў жыхароў Снова і Каменкі (у апошняй зайшла ў кожную хату, бо там усе — састарэлыя), давала  аб’яву ў інтэрнэце. Т.І. Краўцова збірала ў Аношках, М.І. Драчан — у Баранавічах абвясціла ўсіх сваіх родных і знаёмых. Незаменнымі ў гэтай справе былі таксама І.А. Була, Г.К. Нагорная і яе сын М.В. Нагорны, дэпутат Казлоўскага сельскага Савета. Канешне, былі і цяжкасці: некаторыя не верылі, сумняваліся, што нешта атрымаецца з гэтай задумы. Але, дзякуй людзям і Богу, справа з месца зрушылася.

З жыхарамі вёскі сустрэўся старшыня Казлоўскага сель-скага Савета А.П. Яраш. Дамовіліся, што Савет дапаможа пры-браць тэрыторыю могілак пасля спілоўвання дрэў. А на гэтую справу мы па аб’яве ў газеце знайшлі прыватнага прадпрымальніка.

Потым шмат давялося папрацаваць, каб абрэзаць галлё, вынесці яго за агароджу, пасекчы і спаліць, скаціць калоды ў кучы. Шэсць дзён выходзілі людзі на працу. Сельскі  Савет выдзеліў двух рабочых з бензапілой. А ініцыятыву ўзялі ў свае рукі К.У. Зялёнка і М.М. Саленік. Некалькі дзён выносілі галлё І.М. Мядзведзь, А.У. Воранава, Д.А. Карачун, М.М. Марук, І.І. Міхнавец, Л.А. Туціна, А.І. Шымановіч, Д.М. Якавец, С.С. Андросік, Г.М. Саленік, В.У. Андросік. Настаяцель храма Святой Ганны айцец Васілій таксама  прысутнічаў са   сваякамі, запрасіў на дапамогу вернікаў.

Калі калоды падрыхтавалі да вывазкі, а іх было вельмі шмат, сельскі Савет выдзеліў трактар. Ураджэнцы Каменкі звярнуліся таксама па дапамогу да кіраўніцтва  мясцовай гаспадаркі — ААТ “Новае жыццё”. Дырэктар А.К. Ратомскі ўважліва  выслухаў пасланцоў, і нам  выдзелілі пагрузчык і тры трактары з вялікімі прычэпамі. У суботу, 17 сакавіка, калі далі тэхніку, на могілках сабралася шмат  людзей: 28 мужчын і 6 жанчын. Прыехалі землякі з Мінска, Нясвіжа, Баранавічаў, Снова. Работа проста кіпела. Жанчыны  насілі на прычэпы ламачча, мужчыны закочвалі ў коўш пагрузчыка калоды. І так дружна, зладжана, з ахвотай усе працавалі! Драўніны было так многа, што мне здавалася: да вечара не ўправяцца. Але работу закончылі ў 14 гадзін. Вывезлі каля 20 прычэпаў.

Работы на могілках яшчэ шмат. Трэба выграбці пілавінне, сухія дробныя галінкі. Ёсць тут многа вельмі даўніх магіл, на якіх ляжачыя помнікі пакрыліся мохам, дрэнна чытаюцца прозвішчы і імёны. Іх ніхто не даглядае, бо няма нікога з родных або людзі вельмі старэнькія, нямоглыя. Ды і дрэвы яшчэ не ўсе спілавалі, каплічку трэба падрамантаваць. Вось і патрэбна дапамога больш маладых і некаторыя сродкі.

31 сакавіка, перад Вербнай нядзеляй, мы збяромся на суботнік, каб навесці  на могілках парадак. Запрашаем усіх жадаючых прыняць у ім    удзел. Як бачна, талакой можна многае зрабіць.

Зінаіда ШЫМАНОВІЧ,

жыхарка аг. Сноў.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!