Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

У «Нясвіжскіх Астроўках» учора закончылі сеяць збожжавыя і зернебабовыя

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

У адкрытае акцыянернае таварыства “Нясвіжскія  Астроўкі” мы паехалі якраз у  той дзень, калі тут прыступалі да сяўбы яравых культур. Паварот са старой брэстмаскоўскай дарогі на вёску  Стаўпішча — і гравійка прывяла да пасяўнога агрэгата — трактара з сеялкай “Ферабокс”. Распачаў гэтую  важную кампанію  механізатар Віталь Манулік (фота 1). На новенькім  МТЗ-1523. Прыгнаў яго ў гаспадарку 23 лютага. 30 гадзін адвёў, як і патрабуецца, на  абкатку. Прычэп да яго таксама набылі новы, 12-тонны. Вазіў пясок на будаўнічую пляцоўку МТФ № 3, арганічныя ўгнаенні. Дагэтуль у В. Мануліка быў трактар той жа маркі, 2006 года выпуску. Яго перадаў механізатар Віктару  Люміну. У “Нясвіжскіх Астроўках” у Віталія Аляксандравіча гэта пятая пасяўная, а раней, у другім раёне, гадоў 6-7 эксплуатаваў “Фендт”. Так што вопыт у яго ёсць, жаданне працаваць — таксама. А закончыцца сяўба — прыступіць да касьбы траў, цюкавання травяной масы ў рулоны з абгортваннем плёнкай.



Фота 1

Справы ў В. Мануліка на ячменным полі ладзіліся. За дзень 3-мятровай сеялкай  праходзіў 15-16 гектараў пры  норме 10.

Збожжа да сеялкі падвозіў і запраўляў агрэгат вадзіцель Сяргей Кунік (фота 2). МАЗ-5551 служыць свайму гаспадару восем гадоў. А ўвесь вадзіцельскі стаж у нашага суразмоўцы — 11 гадоў.

У першы ж дзень сяўбы ў гаспадарцы ўключылі ў гэту работу,  зняўшы з культывацыі, энерганасычаны трактар “Джон Дзір”  з сеялкай “Амазоне”. На ім у дзве  змены працавалі механізатары Аляксандр Сукала і Яўген Ватазін.

Каб захаваць усе тэхналагічныя патрабаванні і вырасціць добры  ўраджай, вельмі многае трэба  зрабіць ужо зімой і вясной падчас сяўбы. Адрамантаваць як след машыны. А кожны механізатар сам рамантуе ўсё, што за ім замацавана, бо ведаюць дасканала вузлы і дэталі: што трэба замяніць, што — падрамантаваць. Высокая якасць  пры гэтым будзе забяспечана. Гатоўнасць адрамантаванай тэхнікі праверыла камісія ў складзе кіраўніка прадпрыемства, галоўных інжынера і агранома. Далей — неабходна адрэгуляваць сеялкі на норму высеву для кожнай культуры і кожнага сорту. Устанавіць сеялкі на тэхналагічную каляіну праз 18 і 24 метры, таму што  ў гаспадарцы апырсквальнікі  з такой шырынёй. Устанавіць у гаражы сашнікі на глыбіню загортвання  насення, а потым на кожным полі  галоўны аграном з механізатарамі яе пераправяраюць і карэкціруюць у залежнасці ад стану  глебы. Гэтыя тонкасці аграноміі нам і растлумачыў галоўны тэхнолаг зямлі Аляксей Грох. Ён паведаміў таксама, якія яшчэ захады былі прадугледжаны дзеля  павышэння ўраджайнасці. Былі падабраны аптымальныя папярэднікі. З восені ўнеслі  фосфарныя і калійныя ўдабрэнні, вясной пад культывацыю — азотныя. Палі ён правяраў рэгулярна, каб своечасова выйсці з культыватарамі, закрыць у глебе вільгаць. Ля Краснагорак і Янчыцаў землі лягчэйшыя, туды і накіравалі тэхніку  першым чынам. Механізатары пастараліся  і неяк за два дні закультывавалі 340 гектараў. Аляксей Яраслававіч з задавальненнем называе прозвішчы механізатараў, занятых  гэтай справай: Сяргея Залатара і Яўгена Чыркуна на  МТЗ-1221, Валерыя Кішко на “Нью Холандзе”.

Закончылі сеяць яравыя збожжавыя 19 красавіка. Яны занялі 521 гектар, у т.л. 476 га — ячмень, 15 — авёс, 30 — зернебабовыя.

Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, летась у гаспадарцы павялічылі  плошчу пад азімыя, дабавілі 70 га трыцікале і пасеялі 98 га азімага рапсу.  (Бо на гліністых землях у Макашах, заўважыў дырэктар Мікалай  Халопіца, толькі і растуць трыцікале  ды кукуруза). Таму вясной аб’ём сяўбы крыху зменшыўся.

Што тычыцца сартоў ячменю, то тут у асноўным аддаюць перавагу  “шафлю” і “ірыне” нямецкай селекцыі і беларускаму “бровару”. Летась іменна  два першыя зарэкамендавалі  сябе: яны  больш устойлівыя да палягання і меней утрым-ліваюць бялку — для здачы на піваварныя мэты.

Ладзяцца ў гаспадарцы і іншыя работы. Своечасова падкормлены КАСам азімыя збожжавыя. Атрымаў азот азімы рапс. Перазімавалі гэтыя культуры добра. Хоць за рапс апасаліся — усё ж маразы былі без снегу. Але яго восенню падкармілі мікраўгнаеннямі, апрацавалі  рэгулятарамі росту. Таму і на ўраджай ёсць спадзяванні. Завершана падкормка каліем шматгадовых траў, лугоў і пашы. Травы, за выключэннем люцэрны, падкармілі яшчэ азотам (дзе — у выглядзе карбаміду, дзе — у выглядзе КАСа).

Механізатары ўносяць у глебу  арганічныя ўгнаенні. З восені пад цукровыя буракі  было ўнесена 13,5 тысячы тон. Вясной трэба яшчэ 27 тысяч тон: 10 тысяч — пад буракі, 17 тысяч — пад кукурузу. Аляксей Грох  прывёў прыклад высокай прадукцыйнасці  працы: неяк за тры рабочыя дні было раскідана  3,5 тысячы тон кампостаў. На раскідванні заняты Аляксандр Ражкоў, Уладзімір Жэрка, Уладзімір Шыманскі і Юрый  Манулік, на пагрузчыках — Аляксандр Анісенка і Казімір Ройка. Заворвае кампост Мікалай Кішко.

Прыступілі ў гаспадарцы да сяўбы цукровых буракоў. Пачынаў механізатар Андрэй Матусевіч. Сёння ж, у пятніцу, далучаецца другі агрэгат — Аляксандра Сукалы. А на  наступным тыдні  меха-нізатары другі раз пойдуць падкормліваць азотам азімыя.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Аксаны ГРОХ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!