Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

На службе Богу і людзям

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Якое шчасце, калі на жыццёвым шляху сустракаюцца людзі, якія не толькі словам, але і сваімі ўчынкамі, ладам жыцця, светапоглядам, характарам вучаць лепшым чалавечым якасцям: дабрыні і міласэрнасці, сціпласці і разважлівасці, адданасці сям’і і справе, вернасці ідэалам і вялікай прыстойнасці. Іменна такім Настаўнікам быў для несвіжан святар храма Велікамучаніка Георгія Перамаганосца протаіерэй Дзмітрый Пятровіч Хмель. Нават для тых, хто рэдка наведваў царкву і звяртаўся да бацюшкі толькі тады, калі трэба было адпяваць нябожчыка. А ўжо для тых, хто хадзіў у храм рэгулярна, хто слухаў яго малітвы, хто меў з айцом Дзмітрыем нейкія стасункі — ён сам быў іконай, якая дапамагала і лячыла, быў светачам, які паказваў правільны і праведны шлях у нашым імклівым, бурлівым жыцці.



Д.П. Хмель

Больш за 50 гадоў — з 1957-га — аддаў айцец Дзмітрый служэнню Богу і людзям на нясвіжскай зямлі. За адданую службу праваслаўнай царкве быў узнагароджаны ордэнамі Еўфрасінні Полацкай, Прападобнага Сергія Раданежскага і князя Маскоўскага Данііла, Патрыяршай граматай, Мітрай.

Духоўныя ўзнагароды далучыліся да ранейшых, уручаных за ратныя подзвігі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені, медалі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”. Сведчанні яго гераізму і бясстрашнасці, глыбокай веры ў перамогу над чорнай пачварай — фашызмам.

Дзмітрыя Пятровіча няма побач з намі 8 гадоў. Але сёння, напярэдадні светлага свята — Дня Перамогі мы не можам не ўспомніць пра яго баявы шлях. Тым больш, Дзмітрый Хмель — адзін з тых слаўных воінаў, хто вызваляў нашу Беларусь.

У адрозненне ад нашых землякоў, якіх прызывалі ў Чырвоную Армію пасля вызвалення Нясвіжа ад фашыстаў (у ліпені 1944-га), украінскі юнак Дзмітрый Хмель стаў салдатам у сакавіку 44-га, пасля вызвалення роднай Вінніцкай вобласці. Трапіў у вучэбны артылерыйскі дывізіён, затым яго накіравалі на III Беларускі фронт. Быў наводчыкам 100-мілімятровай пушкі. Выконваў у пятай арміі абавязкі арттапавылічальніка. Прайшоў з баямі ад Віцебскага да Усходняй Прусіі, вызваляў Мінск, Ліду, гарады Літвы. Вайну закончыў каля горада Пілау, меў званне сяржанта.

У сваіх успамінах Дзмітрый Пятровіч асабліва яскрава нагадваў штурм і ўзяцце Кёнігсберга, калі баі былі асабліва цяжкімі, асабліва кровапралітнымі. Горад-крэпасць фашыстаў бамбілі адначасова больш за 300 самалётаў, іх гул, гукі разрываў бомбаў былі такімі моцнымі, што пасля вайны доўга сніліся салдату. Два дні вораг супраціўляўся, але ў канцы другога дня капітуліраваў.

Ва Усходняй Прусіі, выконваючы баявое заданне, Д. Хмель быў паранены ў нагу. Але заданне выканаў, дапоўз да варожага дзота і гранатай знішчыў яго. Праўда, салдата і самога заваліла абломкамі, пад якімі праляжаў суткі. Знайшла яго пахавальная каманда. Хацелі аднесці ў брацкую магілу, але пачулі стогн. Дзмітрый Хмель, на шчасце, застаўся жывым. Ён паўтара месяца лячыўся ў шпіталі ў Вільнюсе.

Дэмабілізаваўся Дзмітрый Пятровіч з куляй у пазваночніку, якую немагчыма было дастаць. Стаўшы святаром, цэлыя дні праводзіў на нагах: вёў службы, хрысціў, вянчаў, адпяваў. Мужнасць гэтага чалавека дастойна велізарнай павагі. Несвіжане памятаюць пра Дзмітрыя Пятровіча, з цеплынёй успамінаюць яго. Д.П. Хмелю прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа”.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва рэдакцыі. 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!