Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Перамогу сустрэла недалека ад Берліна

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 08.05.2018

Мінула дзевяць дзён, як пайшла з жыцця ветэран Вялікай Айчыннай вайны Марыя Васільеўна Каструбай.

Гэту заметку пра яе мы падрыхтавалі раней, яшчэ пры жыцці Марыі Васільеўны, фарміруючы святочны нумар “раёнкі” да 9 Мая — Дня Перамогі.



А фотаздымак быў зроблены ў лютым, падчас урачыстага моманту, калі ваенны камісар Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў А. В. Марозаў уручаў М. В. Каструбай медаль “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна,  рускай дзяўчыне Марыйцы Харытонавай праз два месяцы споўнілася б 18 гадоў. Яе мама, каб пазбегнуць адпраўкі дачкі на прымусовыя работы ў Германію, паспела выправіць Марыі дакументы, памаладзіўшы яе на два гады. А вось працаваць санітаркай перасоўнага шпіталю № 3333 дзяўчына ўсё ж пайшла. У жніўні 1941-га. Добраахвотна. Імкнулася з сяброўкамі хоць штосьці рабіць, хоць чымсьці дапамагаць у барацьбе з ворагам. Да іх у шпіталь на рэйках прывозілі раненых з поля бою. Жанчыны і дзяўчаты на руках пераносілі салдат у вагоны, аказвалі разам з медсёстрамі і ўрачамі першую дапамогу, ласкавымі словамі, пяшчотнымі дотыкамі стараліся зменшыць боль. Поезд адвозіў цяжка параненых у стацыянарны шпіталь, і ўсю дарогу санітарачкі даглядалі іх, падбадзёрвалі, супакойвалі. Раненні былі розныя, у тым ліку і вельмі цяжкія. І гля-дзець на ўсё гэта, працаваць, не пакладаючы рук, побач з крывёй, павязкамі, стогнамі і бяспамяцтвам было складана. Толькі праяўляць слабасць, паказваць яе было нельга. Вялікая цвёрдасць духу — вось на якім падмурку мацавалася Вялікая Перамога.

А як радасна было, калі бачылі, што салдаты выздараўліваюць, што яны зноў гатовы ісці ў бой, біць ворага!

Марыя Васільеўна ў санітарным поездзе № 3333 прайшла Беларусь, Украіну, Польшчу. Пра перамогу над фашыстамі даведалася ў Германіі. Яны стаялі за 60 кіламетраў ад Берліна.

Яна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені і медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941— 1945 гг.”.

Што ўбачыла дзяўчына, вярнуўшыся дамоў? Разбураныя, спаленыя гарады і вёскі, парослую бур’яном зямлю, голад. І яна з сяброўкамі паехала ў Беларусь у пошуках кавалка хлеба.

Пра жыццё Марыі Васільеўны мне расказала яе нявестка Яніна Дранчук, бо па стане здароўя Марыя Васільеўна з намі пагутарыць не магла.

Прыехаўшы ў 1946 годзе на Нясвіжчыну на заробкі, рускія дзяўчаты, а іх была групка ў чалавек мо дванаццаць, засталіся хто ў Сейлавічах, хто — у Мікулічах, хто — у Амлынцах. Марыя жыла і працавала ў Амлынцах, наймалася пасвіць кароў. Гаспадары кармілі і плацілі збожжам. Па заробленыя дачкой пуды са Смаленшчыны прыязджала маці, забірала, бо дома заставалася яшчэ вялікая сям’я, якую трэба было карміць.

У 1947 годзе Марыя Васільеўна выйшла ў Амлынцах замуж, стала насіць прозвішча Каструбай. Праз год у сям’і нарадзіўся сын. Працавала жанчына ў мясцовым калгасе. Але цяжкасці і тут не абмінулі яе. І муж, і сын рана пайшлі з жыцця. Добра, што нявестка, Яніна Уладзіміраўна, у якой потым ужо склалася новая сям’я, забрала бабулю на старасці да сябе ў Петухоўшчыну, даглядала каля васьмі гадоў. Дабрыня і міласэрнасць, якія ў вайну аддавала Марыя Васільеўна параненым салдацікам, вярнуліся да яе.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Марыны СУБОЦІНАЙ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!