Чалавек без малой радзімы
Хоць глядзіць,
ды нічога не бачыць.
Ён жыве на зямлі пустацветам
I нічога на свеце не значыць.
Малая радзіма — гэта
хата з нізкім парогам,
Сцяжынка вузкая,
што выводзіць
у жыццёвы прасцяг,
на дарогу.
Году малой радзімы была прысвечана літаратурна-музычная праграма «Краявіды роднага краю — вам у любові я прысягаю», якая адбылася ў вёсцы Дубейкі.
Згодна з гістарычнымі звесткамі, вёска існуе з 1587 года. Належала яна Радзівілам. І было на той час у Дубейках каля трыццаці двароў.
Зараз у вёсцы дваццаць шэсць двароў, дзе пражываюць 37 жыхароў. Самай старэйшай з іх — Яніне Вікенцьеўне Цвірка — амаль 90 гадоў… Прытулілася вёсачка Дубейкі да жытнёвага поля, да балотца, да дарог палявых. Ціхая і прыветлівая, сустракае і адпраўляе дзетак сваіх у далёкія і блізкія шляхі-дарогі. Сціхае яна і замірае, калі землякі праводзяць кагосьці ў апошні шлях…
Шчырыя, гасцінныя і працалюбівыя жывуць тут людзі сёння. Менавіта іх, па традыцыі, на Сёмуху віталі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Салтанаўшчынскага сельскага клуба і Лявонавіцкага сельскага дома культуры. Цікавы аповед пра малую радзіму, шчымлівыя вершы, цудоўныя песні і гумар у выкананні Ядзвігі Верамейчык, Наталлі Федзічкінай, Алены Горбач, Таццяны Шкода, Алены Верамчук, дзіцячай вакальнай групы «Вясёлыя ноткі» вельмі спадабаліся прысутным. Пажылым вяскоўцам гэта свята падаравала радасць сустрэчы, магчымасць пагутарыць і адпачыць душой.
На фота: жыхарка в. Дубейкі Ф.С. Емельянчык уручае кветкі салістцы Салтанаўшчынскага сельскага клуба Т.І. Шкода.
Алена МАМЧЫЦ,
загадчыца
Салтанаўшчынскага сельскага клуба.