Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Людміла Мядзведзева аб магчымасці для развіцця прадпрымальніцтва

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Тыя, хто цікавіцца развіццём рэгіёнаў, ведаюць: аграпрамысловы комплекс Нясвіжскага раёна, яго сферы аховы здароўя, адукацыі, культуры — адны з найлепшых у Беларусі.  Тут моцная прамысловасць. Нясвіж вядомы як турыстычны горад. На працягу апошніх гадоў ён павялічыўся на тысячу жыхароў. Тут актыўна будуецца жыллё: арэнднае, па дзяржзаказе, індыві-дуальнае. Моладзь ганарыцца сваім горадам і ахвотна прыязджае сюды на работу пасля заканчэння сярэдне-спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. А гэта не толькі кадравы патэнцыял, але і надзея на тое, што ў будучыні спецыялісты, магчыма, адкрыюць сваю справу, створаць новыя рабочыя месцы для землякоў і памножаць бюджэт раёна. Развіццю малога і сярэдняга бізнесу тут  надаюць значную ўвагу.



— У Нясвіжы прэстыжна і камфортна працаваць, — кажа намеснік старшыні райвыканкама Людміла Мядзведзева. — Стабільна развіваецца малы і сярэдні бізнес. У раёне налічваецца 876 індывідуальных прадпрымальнікаў і 244 юрыдычныя асобы недзяржаўнай формы ўласнасці. Паводле Указа Прэзідэнта № 337, фізічныя асобы могуць аказваць розныя паслугі без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Таму людзі карыстаюцца такой магчымасцю. Хто не вытрымлівае канкурэнцыі, няпростых рынкавых умоў, — закрываюцца. Але для нашага невялікага раёна, дзе 39 тысяч жыхароў, такая колькасць юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў — гэта не так і мала.

Ініцыятыўныя людзі раёна займаюцца рознымі відамі дзейнасці: гандлем — трэць ад агульнай колькасці, будаўніцтвам, транспартнымі ды іншымі паслугамі — адпаведна каля 30 %. Асобныя развіваюць вытворчасць: выпускаюць мэблю, медыцынскія прэпараты, дзіцячае харчаванне, шклопакеты, плітку, агароджу.

Нясвіж адносіцца да малых гарадоў, і тут дзейнічаюць ільготы, якія вызначаны ў адпаведных указах, дырэктывах, пастановах. Таму сваю справу ў населеным пункце рэгіструюць нават жыхары з вялікіх гарадоў, напрыклад, Мінска.

— Цяпер вельмі актуальнае пытанне, як для Беларусі, так і для нашага рэгіёна, — прыцягненне ў гаспадарчы абарот нявыкарыстанай маёмасці. У невялікіх вёсках закрываецца частка магазінаў, дзесьці — клубы, школы, бібліятэкі. Гэтыя будынкі ў першую чаргу прапаноўваем прыватнаму бізнесу для адкрыцця вытворчасці, аказання паслуг. І людзі купляюць або бяруць у арэнду нерухомасць, — канстатуе Людміла Віктараўна. — Тыя, хто жадае,  выкупляюць памяшканні былых вясковых крамаў у райспажыўсаюза і зноў жа адкрываюць свае гандлёвыя кропкі. Такія прыклады ёсць у вёсках Мацылёўшчына, Квачы, дзе пражывае адпаведна каля 70 і 130 чалавек. Калі ў населеным пункце налічваецца менш за 200 жыхароў, адпаведна сацыяльным стандартам тут можа і не быць стацыянарнага магазіна, а пакупнікоў абслугоўвае аўтакрама.

Улічваючы, што Нясвіж — турыстычная зона, шмат жадаючых зарабляць на продажы сувеніраў, уласнай прадукцыі. Для гэтага вызначаны канкрэтныя пляцоўкі.

— І ўсё ж, якую дзейнасць варта развіваць: гандаль, вытворчасць? — пацікавілася ў намесніка старшыні райвыканкама.

— У нас дастаткова розных формаў гандлю: спажыўкааперацыя, дзяржаўны, прыватны, ведамасны, — лічыць Людміла Віктараўна. — Толькі гандаль СВК «Агракамбінат Сноў» займае каля 30 % ад агульнага тавараабароту. Практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы таксама маюць свае крамы. У горадзе працуюць крамы «Дабраном», «Еўраопт». Прычым сеткавікі прыходзяць і ў сельскую мясцовасць. Напрыклад, той жа «Еўраопт» адкрыў свае пункты ў вёсках Студзёнкі, Аношкі. Акрамя таго, вяскоўцаў абслугоў-ваюць і тры аўтакрамы гэтай сеткі.

У раёне зацікаўлены ў больш актыўным развіцці вытворчасці: тут можна стварыць нашмат больш рабочых месцаў, чым у гандлі. Для гэтага ёсць неабходныя плошчы, напрыклад, даволі вялікае памяшканне былога льнозавода. У раёне дастаткова кваліфікаванай рабочай сілы.

Дадам, што доля паступленняў ад малога і сярэдняга бізнесу ў раённы бюджэт штогод павялічваецца і дасягнула амаль 30 %. Гэта немалая сума. І мясцовыя ўлады імкнуцца дапамагаць прыватнаму бізнесу развівацца, ідуць яму насустрач, фарміруюць зямельныя пляцоўкі для арганізацыі вытворчасці, гандлю, іншых паслуг. У Нясвіжы разумеюць, што гэта яшчэ — і новыя працоўныя месцы. У эканоміцы раёна занятыя 19 тыс. работнікаў, у тым ліку каля 6 тыс. — на прадпрыемствах і ў арганізацыях недзяржаўнай формы ўласнасці. Разам з тым новыя вытворчасці — гэта дадатковая магчымасць пашырэння экспарту тавараў. Сёння доля прадпрыемстваў пазаведамаснай падпарадкаванасці займае больш 60 % ад агульнага экспарту тавараў раёна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!