Падарунак для Евы

У зборачным  цэху гадзіннікавага завода былі высокія, амаль да столі, вокны. Таму памяшканне выглядала прасторным і светлым. Святла дабаўлялі белыя халаты работніц. Дзяўчаты ў асноўным былі маладыя, прыгожыя.

А сярод іх выдзялялася адна: маленькага росту дзяўчына, з чорнымі валасамі, вялікімі вейкамі, стройная, усмешлівая. Яе звалі Ніна Размоўка. Незвычайнае прозвішча выклікала пытанні, на якія яна адказвала жартам:

— Мае продкі былі вельмі гаварлівымі, дык што ж зробіш.

Пасля змены дзяўчаты прыхарошва-ліся ў гардэробе, бо многіх на прахадной чакалі хлопцы.

Ніна выбягала ў лёгкай квяцістай сукенцы, з усмешкай. Да яе падыходзіў невысокі юнак у ваеннай форме, браў за руку, і яны ішлі ў парк Чалюскінцаў. Вадзім вучыўся, рыхтаваўся стаць афіцэрам. Яны сустракаліся ўжо год, хлопец не мог наглядзецца на каханую, яе чорныя вочы і доўгія вейкі так і вабілі. У парку было шмат моладзі, каталіся на каруселях, елі марожанае, проста весяліліся. Ніна з Вадзімам нібы плылі на высокім коле агляду, захапляліся прыгожымі відамі Мінска і радаваліся адзін аднаму і жыццю, як толькі могуць радавацца  маладыя  людзі.

А Вадзім быў наогул вясёлы хлопец: бывае, прыйдзе да Ніны ў ківеры і рапартуе: “Паручнік Ржэўскі ля ног цудоўнай дамы!”. Або прынясе, пасля дажджу мокрую галінку бэзу і скажа: “Расой абмытая краса з тваёй не можа параўнацца”. Дзяўчына шчасліва смяялася і думала: “Ваенны, а які рамантычны”. Яна і сама любіла паэзію, захаплялася вершамі Ахматавай і Цвятаевай. Асвойвала прафесію філолага на завочным аддзяленні БДУ. Пасля заканчэння яны думалі пажаніцца з Вадзімам, а да таго часу ён атрымае дыплом. Дзяўчаты ў цэху крыху зайздросцілі Ніне: прыгожая, будучая ваендама, не кожнай так выпадзе. А Ніна жартавала: “Памятаеце: каб  стаць жонкай генерала, трэба паматацца з лейтэнантам па гарнізонах”.

I вось надышоў доўгачаканы час вяселля. Ніна хвалявалася, надзяваючы белую сукенку і тонкі вэлюм, а маці, Клаўдзія Іванаўна, супакойвала: “Ну што ты, не трэба так хвалявацца, ты будзеш шчаслівая, я веру. Зразумела, з вольнай маладосцю развітвацца сумнавата, але ж такое жыццё. Няхай яно ў цябе будзе добрым”.

Першыя гады сумеснага жыцця праляцелі, як сон. Вадзіма накіравалі ў невялікі ваенны гарадок, Ніна працавала там у дзіцячым садку. У маладой сям’і нарадзілася дачушка, якую па ўзаемнай згодзе назвалі Евай, а поўнасцю — Евангелінай. Дзяўчынка мела светлыя, як у таты, валасы, цёмныя маміны вочкі і пушыстыя вейкі. Вадзім вельмі любіў сваю дачку, прыносіў ёй цікавыя цацкі, прыдумляў розныя гульні. Дзяўчынка залівіста смяялася, ёй падабалася гуляць з татам.

Ева падрастала, прыйшла пара ісці ў школу. З вялікімі белымі бантамі, у сіняй сукеначцы і белым фартушку яна выглядала такой мілай, нібы маленькая фея. Бацькі не маглі налюбавацца на яе. Пачаліся школьныя будні. Еве лёгка давалася матэматыка, чытанне. Дома мама займалася з ёй правапісам. Дзяўчынцы такі карпатлівы занятак быў не вельмі па душы, мабыць, таму, што натура яе была жывой і вясёлай. “Мама, — пыталася яна, — ну што гэта за бочачка?”— маючы на ўвазе літару “ю”. Ніна смяялася і тлумачыла, што да чаго. 3 цягам часу і гэты прадмет аказаўся па сілах, Ева была здольнай вучаніцай. Паспяхова закончыла чатыры класы, і летам бацькі адвезлі яе ў лагер, які размяшчаўся за 30 кіламетраў ад воінскай часці. Там цякла рэчка і важатыя вадзілі дзяцей купацца.Тыя задаволена плёскаліся ў вадзе, дурэлі і весяліліся. А потым з апетытам елі смачны абед.

Аднойчы на прагулцы ў лес Ева раптам спынілася ад болю ў баку і войкнула. Выхавальніца ўсхвалявана спытала: “Што з табой?”. “Нешта баліць тут”, — адказала дзяўчынка і паказала на левы бок. Яе павялі да ўрача, той агледзеў дзіця і сказаў, што неабходна здаць аналізы і зрабіць здымак. Прыехалі ўсхваляваныя бацькі і павезлі Еву ў бальніцу.Там яе дасканала абследавалі і вынеслі несуцяшальны прысуд: у дзяўчынкі хворая нырка, падазрэнне на анкалогію. Ніна плакала ўпотай ад дачкі, Вадзім перажываў не менш за яе, але стараўся не падаваць выгляду, каб не бачыла дачка. Пачаліся доўгія дні і месяцы лячэння: уколы, хіміятэрапія…

Неяк урач выклікаў да сябе Вадзіма і сказаў: “Я не буду ад вас хаваць праўды: вашай дачцэ патрэбна мяняць нырку, інакш хворы орган загіне… Мне вельмі шкада. Думайце…”

Мужчына выйшаў ад урача са слязьмі на вачах. У галаве была адна пакутлівая думка: “Што рабіць?” ён успомніў, што ў Евы хутка дзень нараджэння, ёй споўніцца дванаццаць гадоў. Але жыццё можа абарвацца на такім узлёце? “Не, толькі не гэта!”— з жахам падумаў Вадзім. I рашэнне прыйшло адразу. “Я зраблю ёй падарунак на дзень нараджэння, яна будзе жыць здаровай”. ён вярнуўся да ўрача і сказаў: “Доктар, ёсць выхад, я аддам сваю нырку Еве”.

Вадзіма паклалі на розныя аналізы і абследаванні. Ніна, калі даведалася пра рашэнне мужа, і дзякавала яму, і плакала. Яна не магла ведаць, што будзе далей, але ратаванне дачкі было на першым плане. Жанчына малілася Богу, каб усё абышлося. Напісала маці, тая падтрымала рашэнне зяця і сказала, што пойдзе ў царкву маліцца за іх усіх.

Цёплым майскім днём у цэнтры транспланталогіі ішла складаная аперацыя: нырку Вадзіма перасаджвалі дачцэ.

У дзень нараджэння ў палату да яе прыйшлі з падарункамі родныя і блізкія. Вадзім пяшчотна абняў дачку і сказаў: “Віншую, мая прынцэса, з днём нараджэння, будзь заўсёды здаровай і вясёлай на радасць нам. Як табе нашы падарункі?” “Татачка, самы лепшы падарунак для мяне — тое, што ты падарыў мне жыццё і на-дзею на ўсё добрае ў ім”, —  адказала Ева.

Раіса ХВІР,

г.Нясвіж.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.