Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Візіт Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

 

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12-14 верасня знаходзіўся з афіцыйным візітам ва Узбекістане. У Ташкенце кіраўнік беларускай дзяржавы правёў перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, якія прайшлі ў вузкім фармаце і пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.



Па выніках перагавораў падпісаны пакет двухбаковых дакументаў аб пашырэнні супрацоўніцтва ў розных сферах і галінах.

Паралельна з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Ташкенце прайшоў беларуска-ўзбекскі форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. У сталіцы Узбекістана была арганізавана маштабная выстаўка беларускіх вытворцаў Made in Belarus.

У Беларусі рады поспехам Узбекістана ў развіцці эканомікі і міждзяржаўных адносін — Лукашэнка

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 верасня на перагаворах з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у вузкім фармаце.

«Вам давялося разбіраць завалы ўнутры краіны — і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя рэчы. Усё ж такі прыкладна трыццаць тры мільёны насельніцтва — гэта гіганцкая рэспубліка, і ўвесь народ трэба накарміць. Трэба розныя плыні, рэлігійныя, нацыянальныя і іншыя, захаваць і аб’яднаць, накіраваць. Таму я вам адразу сказаў, што мы пад павелічальным шклом разглядаем усё, што вы робіце. І мы за вас рады, асабліва за тое, што вы выбудавалі адносіны з суседзямі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што нядаўна правёў афіцыйны візіт у Таджыкістан і кіраўніцтва гэтай краіны таксама пазітыўна ацаніла поспехі Узбекістана. «Тое меркаванне, якое сёння існуе ў эліты гэтых дзяржаў па вашай палітыцы, проста на зайздрасць. Таму я вас віншую, што вам удалося вызначыць той рэальны курс, які павінен быць ва Узбекістане. Мы за вас вельмі рады», — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць узбекскаму боку за падтрымку беларускай дыяспары — ва Узбекістане пражывае амаль 19 тыс. беларусаў. «Вы падтрымліваеце і культуру нашых беларусаў, якія жывуць тут. Упэўнены, што ніякіх праблем яны вам не ствараюць і ніколі не створаць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Я прыехаў сюды, каб падзякаваць вам за тое стаўленне да Беларусі і беларусаў, якое сёння вы прывіваеце ўзбекскаму народу. Мы сапраўды вельмі падобныя, перш за ўсё сваёй працавітасцю. Калі б мы навучыліся гандляваць, як узбекі, прадстаўляць тавар, які вырабляем, мы былі б у два разы багацейшыя. Думаю, вы нас навучыце і гэтай добрай практыцы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Узбекістан прапануе Беларусі сумесную перапрацоўку бавоўны і распрацоўку нафтавых радовішчаў

Аб гэтым Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім фармаце.

«У вас вельмі сур’ёзныя тэхналогіі ў перапрацоўчай галіне. У нас ёсць бавоўна. Чаму мы не можам яе сумесна перапрацоўваць і вывозіць яе ў краіны Еўропы? Што нам перашкаджае? Нічога. Гэта рабочыя месцы і ў нас, і ў вас. Вашы тэхналогіі — наша бавоўна», — сказаў Шаўкат Мірзіёеў.

Ёсць перспектывы для супрацоўніцтва і ў сельскай гаспадарцы, лічыць Прэзідэнт Узбекістана. «У нас на самай справе вёска ў цяжкім становішчы, таму што рыначныя механізмы яшчэ не створаны. А калі іх сёння не ўкараняць, то сельская гаспадарка не будзе рэнтабельнай і канкурэнтаздольнай, — адзначыў ён. — Я хачу прапанаваць, каб мы стварылі сумесны кластар. Беларускія калегі павінны ведаць, што ў іх ёсць сыравіна ва Узбекістане. А ў вас тэхналогіі. І мы будзем выходзіць на трэція краіны».

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ва Узбекістане вялікія запасы карысных выкапняў, аднак імі неабходна правільна распарадзіцца. Ён прапанаваў беларускаму боку паўдзельнічаць у распрацоўцы нафтавых радовішчаў. «Тая ж нафтагазавая галіна. У вас навука развіваецца, а ў нас ёсць свідравіны», — дадаў ён.

Акрамя таго, Шаўкат Мірзіёеў папрасіў беларускі бок адкрыць ва Узбекістане два-тры філіялы ВНУ, паколькі ў краіне вельмі цэняць беларускую адукацыю і задаволены ўзроўнем падрыхтоўкі студэнтаў.

«Вы сказалі, што праблем, вядома, ва Узбекістане нямала, яны і з савецкіх часоў збіраліся. Але калі вам нешта ў Беларусі падабаецца (а ў нас эканомікі спалучаюцца, мы не канкурэнты), мы перанясём ва Узбекістан вытворчасці, навучым людзей таму, што мы ўмеем. У нас ёсць вопыт. Мы ў далёкай Венесуэле так працавалі, а тут жа побач са сваімі людзьмі. Калі вас будзе нешта цікавіць — калі ласка, мы гэта зробім», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Адносіны Беларусі і Узбекістана за апошнія два гады перасягнулі ўсе чаканні — Мірзіёеў

Аб гэтым Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім фармаце.

Ён нагадаў, што з моманту іх апошняй сустрэчы, якая адбылася ў Самаркандзе, прайшло два гады. Тады бакі і дамовіліся аб тым, што Прэзідэнт Беларусі зробіць афіцыйны візіт ва Узбекістан.

«Беларусь для нас — блізкі сябар і надзейны партнёр. У апошнія паўтара-два гады нашы адносіны ва ўсіх сферах, я думаю, перасягнулі ўсе чаканні. Гэта паказвае, што можна зрабіць пры жаданні і волі кіраўніцтва краіны», — сказаў Шаўкат Мірзіёеў.

Прэзідэнт Узбекістана адзначыў, што тавараабарот паміж краінамі па выніках 2017 года значна павялічыўся. Рост прадаўжаецца і ў гэтым годзе. «Гэта сведчыць аб тым, што мы, дзве дзяржавы і два народы, засумавалі адзін па адным», — дадаў ён. На яго думку, тавараабарот паміж краінамі ў перспектыве можа дасягнуць $1 млрд.

Шаўкат Мірзіёеў прапанаваў больш актыўна развіваць узаемадзеянне ў сельскай гаспадарцы, лёгкай прамысловасці, нафтагазавай галіне. Асобна ён спыніўся на ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. «Калі мы супрацоўнічаем у такой сферы, гэта сведчыць шмат аб чым. Гэта давер, гэта наша бяспека», — падкрэсліў Прэзідэнт Узбекістана.

Узбекскі лідар таксама адзначыў вялікі патэнцыял у рэгіянальным супрацоўніцтве. «Я асабіста размаўляў з кожным губернатарам пасля паездак у Беларусь. У іх вельмі сур’ёзныя намеры», — заявіў Шаўкат Мірзіёеў.

Гаворачы пра адносіны ў культурнай сферы, ён нагадаў, што нядаўна ў цэнтры Ташкента быў адкрыты бюст Якуба Коласа, плануецца назваць адну з вуліц у гонар беларускага паэта, які ў ваенныя гады жыў ва Узбекістане. «Ён вельмі шмат пісаў пра ўзбекаў. У тыя цяжкія гады ён быў ва Узбекістане з сям’ёй, жыў тут і ведае характар узбекаў, тую працавітасць, якая падобная да беларускай. Да яго многіх твораў ва Узбекістане ставяцца з любоўю», — дадаў Прэзідэнт Узбекістана.

Лукашэнка расказаў аб галоўным выніку трохгадзінных перагавораў з Мірзіёевым

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у пашыраным складзе расказаў аб выніках трохгадзінных перагавораў двух лідараў у фармаце сам-насам.

«Галоўны вынік нашых перагавораў (я хачу, каб гэта чулі члены ўрада, адказныя людзі з двух бакоў): мы дамовіліся, што ў нас у Беларусі няма закрытых тэм не толькі для абмеркавання, але і для далейшых дзеянняў. Калі нешта нашы ўзбекскія браты ўбачаць у Беларусі патрэбнае, гэта будзе неадкладна зроблена: або перанесена вытворчасць на вашу тэрыторыю, або створым сумеснае прадпрыемства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У прыклад Прэзідэнт прывёў магчымае стварэнне прадпрыемства ў сферы лёгкай прамысловасці. «Мы тут будзем вырошчваць бавоўну, перапрацоўваць яе ў Беларусі і прадаваць на тых рынках, дзе бавоўна не расце, — растлумачыў ён. — У нас ёсць тэхналогіі, людзі, у нас захавалася школа, вытворчасць. Сыравіна — давайце будзем дамаўляцца».

«Разам будзем гэта ствараць. Адкрыю сакрэт: я не супраць, калі вы ўвойдзеце ў капітал нашых прадпрыемстваў. Гэта будзе і ваша прадпрыемства. І будзем прадаваць на еўрапейскім рынку самыя добрыя тканіны, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Я вельмі прашу, каб члены нашага ўрада гэта пачулі, і каб не было скаргаў з боку нашых узбекскіх таварышаў».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў савецкі час бавоўна з Узбекістана перапрацоўвалася ў Беларусі — у Баранавічах працаваў велізарны камбінат. «Трэба вярнуцца да гэтага зноў і зрабіць гэта ўзаемавыгадным. Мы гатовы», — заявіў ён.

Лукашэнка і Мірзіёеў лічаць магчымым падняць узровень тавараабароту да $1 млрд

«Нягледзячы на тое, што аб’ёмы гандлю паміж нашымі краінамі за апошнія гады істотна павялічыліся, захоўваюцца каласальныя магчымасці. Я марыў аб $500 млн і з гэтым сюды прыехаў. Але калі пачуў ад Прэзідэнта, што не за гарамі мільярд, падумаў: слава богу. Калі Прэзідэнт пра гэта гаворыць, значыць, ёсць мэта. Мы да гэтага гатовы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ва Узбекістане, як і ў Беларусі, акцэнт у знешняй палітыцы робіцца на развіцці ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва.

«Эканоміка — гэта фундамент, гэта аснова любых адносін. Будзе эканоміка — будуць дружалюбныя адносіны і ўсё астатняе», — перакананы Прэзідэнт.

Шаўкат Мірзіёеў растлумачыў, што лічбу тавараабароту ў памеры $1 млрд не прыдумваў: прааналізаваўшы развіццё адносін паміж краінамі, ён прыйшоў да высновы, што можна яшчэ шмат чаго зрабіць. Галоўнае, паводле яго слоў, каб такой жа палітыкі прытрымліваліся і адказныя чыноўнікі пры выкананні дасягнутых дамоўленасцей.

Лукашэнка прапануе Узбекістану разам выходзіць на рынак Афганістана

«Мы вельмі зацікаўлены, каб узбекскія браты дапамаглі нам супрацоўнічаць з Афганістанам. Але мы не хочам ісці туды адны, хочам з вамі туды прыйсці з нашай прадукцыяй. Таму, ствараючы ва Узбекістане прадукцыю, у тым ліку складаную, машынабудаўнічую, давайце разам пойдзем і дапаможам афганцам. Яны гэта ацэняць, ім усё патрэбна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што афганскі рынак не мае патрэбы ў суперкамбайнах або тэхнічна складаных трактарах, ім патрэбна простая тэхніка. «Мы гатовы сёння ва Узбекістане сабраць такую тэхніку, а заўтра патроху яе рэалізаваць — не толькі ва Узбекістане, але і ў Таджыкістане, Афганістане», — дадаў ён.

Пры гэтым, падкрэсліў Прэзідэнт, у стварэнні сумесных прадпрыемстваў і перадачы вопыту з беларускага боку няма ніякай дабрачыннасці.

«Узбекская дзяржава гатова за гэтыя тэхналогіі плаціць і падтрымліваць стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Што яшчэ трэба? Для нашай растучай вытворчасці патрэбны рынкі, і нам прапануюць: прыходзьце — 33 млн чалавек. Гэта толькі на тэрыторыі, а вакол — каласальны рэгіён», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь гатова пабудаваць ва Узбекістане заводы па мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі

«Мы сёння дамовіліся, што не толькі адрамантуем, мадэрнізуем вашу тэхніку, лятальныя апараты, бранятэхніку, але і тут, на вашай базе, можам ствараць адпаведныя заводы і мадэрнізаваць і Су, і МіГ, і БТР, і танкі — у гэтым рэгіёне шмат гэтай тэхнікі», — сказаў Прэзідэнт.

«Цікавяць вас прадпрыемствы ВПК — калі ласка, яны адкрыты для вас. Патрэбны вам складаныя камандныя комплексы кіравання — мы іх ствараем самі. Яны ў нас на ўзбраенні стаяць. Мы вам створым. Трэба будзе — больш складаную ракетную тэхніку», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сферы бяспекі ў Беларусі няма сакрэтаў ад Узбекістана. «Прэзідэнт разумее, у якім свеце мы сёння жывём, і ставіць задачу па бяспецы і абароне. Калі ў вас ёсць цікавасць да нашых ваенных школ і органаў дзяржаўнай бяспекі — калі ласка, у нас не будзе ад вас ніякіх сакрэтаў», — сказаў ён.

Беларусь і Узбекістан маюць намер за тры-чатыры гады рэалізаваць назапашаны патэнцыял

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.

«У апошнія гады беларуска-ўзбекскія адносіны выйшлі на якасна новы ўзровень», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што краіны вядуць адкрыты дыялог на аснове разумення, узаемнага даверу і шчырага жадання развіваць усебаковае супрацоўніцтва. Доўгія гады адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам развіваліся вельмі маруднымі тэмпамі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за тры-чатыры гады яны навярстаюць упушчанае.

«Сёння перагаворы прайшлі ў вельмі цёплай, дружалюбнай і брацкай атмасферы. Асноўная ўвага, вядома, была ўдзелена гандлёва-эканамічнаму ўзаемадзеянню, якое апошнім часам, на шчасце, паспяхова пашыраецца», — канстатаваў Прэзідэнт.

Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва павінна стаць пашырэнне вытворчай кааперацыі ў машынабудаванні, аграпрамысловым комплексе, транспартнай і фармацэўтычнай галінах, сферы інфармацыйных тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу кіраўнікам міністэрстваў і буйнейшых прадпрыемстваў знайсці ва Узбекістане для рэалізацыі канкрэтныя праекты. Ён даручыў віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму кантраляваць выкананне гэтага даручэння.

«Калі ўзбекам трэба збожжаўборачны камбайн, зрабіце той, які ім патрэбны. Калі ім патрэбны абаротны плуг, зрабіце яго — менавіта той, які патрэбны ва Узбекістане, а не ў Беларусі, Украіне або Расіі, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. — Давайце знойдзем сабе работу, гэта ж нам на карысць. Гэта ж не дабрачыннасць: Узбекістан, багатая, а ў перспектыве яшчэ больш багатая краіна, за гэта плаціць грошы. І мы павінны зрабіць так, каб яны сталі яшчэ багацейшымі, каб потым яшчэ больш нам заплацілі».

На перагаворах прэзідэнты таксама абмяняліся меркаваннямі па міжнародным парадку дня, пацвердзілі гатоўнасць і імкненне ўмацоўваць прававую базу ў галіне процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму, разам процістаяць кантрабандзе наркотыкаў і іншым пагрозам. «І калі ў барацьбе з гэтым страшэнным сучасным злом (наркотыкі, тэрарызм, экстрэмізм) трэба будзе дапамагчы Узбекістану ў галіне бяспекі, абароны, ваенна-прамысловага комплексу, мы гатовы гэта зрабіць», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў таксама даручыў свайму ўраду стварыць усе неабходныя ўмовы для беларускіх прадпрыемстваў, каб яны змаглі рэалізаваць праекты на тэрыторыі краіны. «Вы павінны ўсе зразумець, што патрабаванні будуць вельмі жорсткімі. Воля двух прэзідэнтаў такая, што патрэбны канкрэтны вынік», — падкрэсліў ён.

Беларусь і Узбекістан падпісалі 16 дакументаў па выніках перагавораў Лукашэнкі і Мірзіёева

Ключавыя дамоўленасці адлюстраваны ў міжурадавым дагаворы аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве на 2019-2023 гады. Гэта комплексны дакумент, які датычыцца развіцця ўзаемадзеяння ў самых розных галінах.

Дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве заключылі акадэміі навук абедзвюх краін. Міністэрствы замежных спраў Беларусі і Узбекістана падпісалі праграму кансультацый на 2019-2020 гады. Па выніках перагавораў бакі таксама аформілі пратакол аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных зносінах ад 22 снежня 1994 года.

Большасць падпісаных дакументаў — гэта пагадненні аб развіцці супрацоўніцтва паміж рознымі міністэрствамі і дзяржорганамі. З беларускага боку з профільнымі ведамствамі Узбекістана іх заключылі дзяржкамітэты па маёмасці і судовых экспертыз, міністэрствы аховы здароўя, культуры, адукацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання.

Таксама падпісана некалькі міжурадавых пагадненняў аб супрацоўніцтве: у галінах навукі і тэхналогій, аховы аб’ектаў прамысловай уласнасці, аб узаемнай дапамозе ў мытных справах, аб сістэме садзейнічання ўзаемнаму гандлю, аб развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў прынялі сумесную заяву. У ёй кіраўнікі дзяржаў выказалі сваё задавальненне паступальным нарошчваннем двухбаковага супрацоўніцтва і ўпэўненасць у тым, што рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей і падпісаных дакументаў будзе садзейнічаць далейшаму развіццю традыцыйна дружалюбных адносін паміж краінамі і іх вываду на якасна новы ўзровень.

Больш за 80 кантрактаў на $193,3 млн падпісана на беларуска-ўзбекскім дзелавым форуме

Удзельнікі Узбекска-Беларускага форуму дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва падпісалі 82 экспартна-імпартныя кантракты на агульную суму $193,3 млн, а таксама дасягнулі дамоўленасцей аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на агульную суму $38 млн.

У форуме і кааперацыйнай біржы прынялі ўдзел каля 500 прадстаўнікоў дзелавых колаў Узбекістана і Беларусі, а таксама прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін.

На форуме бакі адзначылі, што ўжо другі год запар назіраецца тэндэнцыя росту тавараабароту паміж дзвюма краінамі. Гэты станоўчы трэнд дае магчымасць рэалізаваць новыя кааперацыйныя праекты і стымуляваць інвестыцыйныя і таварныя патокі. Так, прыкладам поспеху прамысловай кааперацыі дзвюх краін з’яўляецца сумеснае прадпрыемства «Амкадор-Агратэхмаш» па вытворчасці поўнага цыкла дарожна-будаўнічай і спецыяльнай тэхнікі на базе Ташкенцкага завода сельгастэхнікі. Акрамя таго, у самым цэнтры Ташкента на тэрыторыі Алайскага рынку пачаў сваю дзейнасць магазін беларускіх тавараў і вядзецца актыўная работа па адкрыцці аналагічнага магазіна ўзбекскіх тавараў у Мінску.

Перспектыўнымі напрамкамі двухбаковага супрацоўніцтва ў рамках форуму абазначаны лёгкая, электратэхнічная, сельскагаспадарчая, горназдабыўная, машынабудаўнічая, харчовая галіны, сумесная вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.

У мэтах актывізацыі міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі бізнесу Узбекістана і Беларусі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве гандлёва-прамысловых палат Ташкента і Мінска, а таксама Ташкенцкай і Гомельскай абласцей.

Заяўлена аб зацікаўленасці ў далейшым умацаванні двухбаковага супрацоўніцтва паміж органамі стандартызацыі, узаемным абмене вопытам у сферы прымянення сусветных стандартаў, акрэдытацыі лабараторый у міжнародных органах сертыфікацыі, стварэнні эфектыўнай сістэмы падрыхтоўкі кадраў.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!