У Мінску 1 кастрычніка пачаўся месячнік па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, падрыхтоўкі да зімы. Мяркуецца сабраць апалае лісце, добраўпарадкаваць двары, адрамантаваць пэўныя ўчасткі пакрыцця дарог і прыпынкі, пасадзіць больш за 6 тысяч дрэў і 20 тысяч кустоў. Падчас месячніка традыцыйна будуць прыбраны пад’езды, падвалы, двары, газоны. Аб гэтым паведамляе рэспубліканская прэса.
1 кастрычніка аналагічны месячнік пачаўся ў Мінскай вобласці. Трэба ліквідаваць стыхійныя звалкі, абрэзаць дрэвы, абкасіць траву, убраць лісце і пасадзіць, дзе неабходна, дрэвы і кустарнікі, прывесці ў парадак тэрыторыі могілак і мемарыялаў.
Восеньскія работы па навя-дзенні парадку на зямлі можна назіраць і ў нашым раёне. Ад раслінных рэшткаў пазбаўляюцца кветнікі і агароды, з газонаў зграбаецца апалае лісце. Каля многіх жылых дамоў, вытворчых і сацыяльных будынкаў — чысціня і парадак.
Што ў планах дзяржаўнага прадпрыемства “Нясвіжскі зелянбуд” на гэту восень, пацікавілася ў яго начальніка ўчастка па добраўпарадкаванні горада і парка Раісы Глобаж.
— Наводзіць пастаянна чысці-ню і падтрымліваць парадак на замацаваных тэрыторыях, ствараць зялёныя зоны — гэта наш прамы службовы абавязак. А восень проста “падкідае” больш клопатаў, — расказала Раіса Аляксандраўна. — Убіраем раслінныя рэшткі з клумбаў. Адначасова займаемся пасадкай зялёных насаджэнняў. Крыху пасадзілі хваёвых, яшчэ будзем працягваць гэту работу. Часам пачынаюць прыядацца старыя кампазіцыі, створаныя некалькі гадоў таму, і хочацца стварыць нешта новае. Фантазіруем, абмяркоўваем, ажыццяўляем.
— Несвіжане заўважылі, што ў парку апошнім часам апалае лісце зграбаецца не ўсё, а часткова. Хочаце захаваць натуральны працэс утварэння спажыўнага слою глебы ў зялёным масіве?
— Так. Гэта — па-першае. Па-другое, пад дрэвамі расце шмат кветак — першацветы, ландышы, незабудкі. Калі лісце выграбаць, пашкодзіцца іх каранёвая сістэма, кветкі могуць загінуць. Калі здымаць покрыўны слой, яны могуць пацярпець зімой ад марозаў. Таму ў парку прыбіраем апалы ліст каля сцэны і абапал сцежак на шырыню метр-паўтара, каб у асеннюю пару было прыгажэй.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.