Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Сустрэча

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

У бязмежнай нябеснай вышыні ляцелі сівыя хмаркі. Павеялі зімовыя  марозныя вятры. Хмаркі плакалі ад холаду, і іх слёзкі замярзалі, ператварыўшыся ў мільярды крышталёвых сняжынак. Так у небе нарадзіўся Снег, што белым  пухам паляцеў насустрач зямлі.

Гарады і вёскі рыхтаваліся да сустрэчы Новага года і Каляд. Снег стварыў для ўсіх святочны настрой. Апрануў у бялюткія ўборы дрэвы і будынкі, заслаў пуховымі дыванамі шляхі і сцежкі, намёў сумёты ў дварах… Дзеці ляпілі снегавікоў, птушкі весела  купаліся ў снезе, крадучыся па снежных дыванах прагульваліся каты, сцярушваючы снег з футра. Вакол панавала казка.



Падаючы за акном, снег з цікаўнасцю заглядаў у вокны дамоў, дзе за шыбамі мільгалі агеньчыкі гірлянд і гарэў агонь у камінах. У дамах было цёпла і ўтульна. Снег вельмі хацеў апынуцца там і быць госцем на свяце. Аднойчы, лётаючы за акном, ён убачыў у пакоі ёлачку. Зялёная прыгажуня  ззяла бліскучымі пацеркамі і шарамі. Снег  пазнаў яе, нядаўна прыпарошаную ім у лесе…

— Прывітанне, Ёлачка! Так рады я гэтай сустрэчы, — прашалясцеў снег за акном.

Ёлачка страпянулася, узмахнула  махнатымі галінкамі і ціха прашаптала:

— Прывітанне… Я тут зараз галоўная  госця на свяце, але мне так не хапае цябе, Снег…

У пакой увайшла гаспадыня дома. Міжволі залюбаваўшыся сняжынкамі, адчыніла на хвіліну акно. З парывам ветру Снег заляцеў у дом. Жаданне яго збылося. Такая жаданая і прыемная сустрэча адбылася. У пакой забеглі дзеці і з радасным крыкам “Лаві сняжынку шчасця!” кінуліся наўздагон… А Снег заплакаў ад шчасця, сцякаючы кроплямі па галінках сваёй Ёлачкі…

Мы на парозе Новага года. Няхай у кожным доме ёлкі запальваюцца агеньчыкамі дабра, любові, надзеі. І няхай у кожнага адбудзецца жаданая сустрэча са сваёй марай.

Аксана ШКРЭД,

г. Нясвіж.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!