Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 9 °C

Я ў горадзе жыву, а сніцца вёска…

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

У кожнага з нас ёсць у жыцці родны куточак, куды мы з радасцю спяшаемся, дзе б ні былі. Вяртаемся нават тады, калі там нас ужо ніхто не чакае. Для кагосьці гэта — вуліца ці дом, дзе мы нарадзіліся і выраслі. А для нас, вясковых жыхароў, гэта мілыя сэрцу вёскі. Вёскі, дзе і сонца свеціць ярчэй, і неба больш яснае.

І як я цяпер разумею майго татачку, які ў свае восемдзесят гадоў мог аб’ехаць на ровары ваколіцы свайго Слаўкава, каб палюбавацца навокал краявідамі, успомніць, дзе хто жыў калісьці на хутарах.



Успамінаецца мая старэнькая матуля, якая гаварыла мне, што, калі бывала ў сваёй пляменніцы ў Юшавічах, галава яе заўсёды паварочвалася ў той бок, дзе быў раней яе хутар, дзе яна нарадзілася. Хаця там ужо нічога не засталося — адзінае дрэва…

Для мяне мая малая радзіма — вёска Слаўкава. Знаходзіц-ца яна непадалёку ад горада Нясвіжа, ад знакамітага палаца Радзівілаў.

Раней гэта была вялікая вёска. На вуліцах было мнагалюдна. Каля кожнай хаты цвілі кветкі, стаялі лаўкі. Таму ў ня-дзелю кабеты сталага ўзросту, павыганяўшы кароў у статак пасля абеду, збіраліся разам, каб пагутарыць.

На працу маладыя ездзілі ў Нясвіж, старэйшыя працавалі ў саўгасе.

А як хочацца ўспомніць пра святы. Чамусьці больш за ўсё ўспамінаецца такое светлае, як Вялікдзень. Рыхтаваліся да яго сур’ёзна: забівалі парсючка, прыбіралі ў хаце, на двары, куплялі абноўкі. На першы дзень Вялікадня хадзілі ў госці.

Але з цягам часу моладзь раз’-ехалася па гарадах, а старыя, на вялікі жаль, паўміралі. І некаторыя хаты апусцелі. Адны прададзены дачнікам, а іншыя даглядаюць нашчадкі.

І калі бачыш, што вакол цвітуць кветкі, бегаюць дзеці і ўсё дагледжана, — хочацца сказаць вялікі дзякуй цяперашнім гаспадарам. Бо я ведаю, што мае вяскоўцы былі руплівымі, любілі сваю сядзібу, вёску.

І сціскаецца сэрца ад горычы, калі бачыш вакол хат запусценне. Напэўна, і колішнім гаспадарам глядзець на гэта ўсё з нябёсаў вельмі балюча.

Так здарылася, што хату маёй свякроўкі прыйшлося прадаць, а сама яна па стане свайго здароўя жыве са мною. Але, як сказала яе аднасяльчанка аднойчы: “Шчаслівая Маня, бо хата папала ў добрыя рукі”. Вось так…

Хочацца звярнуцца да ўсіх уладальнікаў вясковых сядзіб: мы павінны падтрымліваць парадак там, дзе жывём. Бо гэта наша справа, а не мясцовых улад (сельскіх Саветаў), якія стараюцца абкошваць закінутыя падвор’і і ўбіраць смецце. Нам патрэбна зрабіць усё, каб нашы вёскі, як і раней, патаналі ў зеляніне садоў і кветак, каб яны не адыходзілі ў нябыт. А наадварот. Адраджаліся. І ўсё гэта залежыць ад нас і ад нашых нашчадкаў.

Антаніна Міхайлаўна

 КАРПУК,

жыхарка г. Нясвіжа.

Ад рэдакцыі. Нашы землякі шануюць сваю малую радзіму, захоўваюць у сэрцы любоў да яе, адрасуюць ёй самыя цёплыя словы. Часам гэтыя словы выліваюцца на паперу. Вось так і атрымалася ў сённяшнім выпадку.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!