«Ён даносіў да нас матэматыку так, што самы пасіўны далучаўся да дзеяння…» Успамін удзячнага вучня

Год малой радзімы міжволі падвёў мяне да ўспамінаў пра школу, настаўнікаў, тое мудрае, добрае, вечнае, што застаецца, як і малая радзіма, на ўсё жыццё.

Нясвіж, 3-я школа. Тут я правучыўся зусім няшмат, два апошнія выпускныя гады. Адсюль з атрыманым атэстатам сталасці пайшоў у жыццё. І дзе б ні працаваў ці вучыўся далей, скрозь у думках вяртаўся ў свой клас, асабліва на ўрокі матэматыкі, да незабыўнага Фамы Несцеравіча Герцыка. Пра яго, Настаўніка з вялікай літары, мне і хочацца сказаць колькі слоў. Хоць ведаю, нават упэўнены, што пра яго варта пісаць цэлыя даследаванні і манаграфіі. Можа, гэта і зробяць яшчэ профільныя спецыялісты, да якіх я, на жаль, не належу. Інжынер-механік, я пэўны час працаваў у родным калгасе “Запаветы Леніна” (цяпер агракамбінат “Нясвіжскі”), а затым, аж да пенсіі, — на Беларускай чыгунцы.

Тым не менш, мне вельмі важна выказаць тое, што засвоіў сам, — падзяліцца ўспамінам, якім застаўся ў маёй памяці настаўнік матэматыкі Фама Несцеравіч Герцык. Магчыма, мае развагі падсілкуюць і памяць іншых, хто таксама, як і я, вучыўся ў Фамы Несцеравіча. Такім чынам, атрымаецца гэткі “ўрок матэматыкі” з успамінамі ўдзячных вучняў.

Што мяне захапляла найбольш — неардынарнасць падыходаў настаўніка, яго нестандартнасць ва ўсім, але найперш у  выкладанні прадмета. Ён даносіў да нас матэматыку так, што самы пасіўны далучаўся да дзеяння. Як яму гэта ўдавалася, не скажу, але кожны ўрок быў маленькім вострасюжэтным спектаклем — такіх урокаў, як у яго, мы не бачылі і не чулі. Часам  прызнаваўся: што зробіш, маўляў, матэматыка — сухая навука, таму трэба яе прыпраўляць чымсьці вострым…  На гэта ў настаўніка быў вялікі набор “прыправак”: жартаў, усмешак, дос-ціпаў, анекдотаў. Усё было да месца, ніхто ні на секунду не забываўся, што ён на ўроку матэматыкі. Калі клас быў актыўны і адпрацоўваў сумленна, настаўнік гэта абавязкова заахвочваў — пакідаў колькі хвілін на эмацыянальную разрадку.

Ведаў нас па здольнасцях, адпаведна і патрабаваў, аднак не даваў ленавацца нікому, нават тым, хто ніяк не залічваў сябе ў “матэматыкі”. Рабіў усіх ПРАЦАздольнымі. Памятаю: апроч класнага журнала, меў пры сабе такі паралельны нататнік, як мы казалі — шпаргалет, куды заносіў свае асабістыя назіранні за кожным з нас. Не толькі адзнака, а кожны зрух да лепшага, кожны, хай самы маленькі, поспех там знаходзіў месца, улічваўся, трапляў у рахункі ўважлівага настаўніка. Дадам, што парадак і дысцыпліна ў класе былі ідэальныя. Настаўнік “спосабаў меў многа”, каб з намі ўправіцца па-добраму, без шуму і скаргаў, нават без дапамогі бацькоў.

Я ўжо сказаў: у яго была неардынарнасць ва ўсім. У адзенні таксама. Настаўнік матэматыкі не любіў афіцыйных касцюмаў, мы прывыклі бачыць яго ў дэмакратычных світарах. Гэта таксама збліжала, працавала на давер і ўзаемную шчырасць.

У Фамы Несцеравіча вучыліся і два мае старэйшыя браты — Іван і Мечыслаў. Кожны з іх таксама бачыў у настаўніку прыклад  дакладнасці і дысцыпліны, творчасці і зычлівай сардэчнай мудрасці. Мяне ён навучыў перш-наперш адносінам да справы, якую маеш для сябе галоўнай у жыцці. Навучыў не на словах тэорыі, а жывым сваім прыкладам. Яго адносіны да прафесіі настаўніка, на мой погляд, былі мала сказаць адказнымі — яны былі самаахвярнымі.

Напрыканцы 2018 года споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Настаўніка. Нізкі паклон Вам, Фама Несцеравіч! Мы памятаем Вас.

Казімір УРБАН,

в. Петухоўшчына.

выпускнік 1969 года, 10 ”Г” класа Нясвіжскай СШ № 3.

Фота з архіва аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.