Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 6 °C

“Раёнцы” — 80! Пра гэта паведамляла газета “Чырвоны сцяг” 23 і 27 лютага 1945 года

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 24.02.2019

НЯХАЙ ЖЫВЕ ЧЫРВОНАЯ АРМІЯ —

АРМІЯ БРАЦТВА І ДРУЖБЫ НАРОДАЎ СССР!

Даб’ём фашысцкага звера ў яго ўласнай бярлозе

Дэпутат Вярхоўнага Совета БССР, старшыня Быхаўскага сельсовета тав. Наздрачоў атрымаў ад свайго аднасельчаніна чырвонаармейца Леаніда Дудко ліст, які мы поўнасцю друкуем.



„Многа часу прайшло з той пары, як я пакінуў сваю родную вёску. За ўвесь час майго знахо-джання ў Чырвонай Арміі я пішу вам першы ліст, за што прашу прабачэння. Зараз апішу, Вам, пра сваё жыццё ў арміі.

Жывецца мне весела і добра. Усё яшчэ вучуся. Адчуваю сябе здаровым. Прайшоў праз усю Польшчу і хачу апісаць Вам, таварыш Наздрачоў, крывавыя справы нямецкіх звярэй, якія яны рабілі на польскай тэрыторыі. Фашысцкія бандыты вывозілі польскіх сялян на катаргу ў Германію, а на іх землях пасялялі сваіх каланістаў. Застаўшыяся сяляне павінны былі працаваць на каланістаў дарэмна. Усе прадукты з калоній вывозіліся ў Германію. Насельніцтва галадала. Людзі жылі ў найхудшэйшых умовах ад жывёлы. Польскае насельніцтва не мела ніякіх правоў. Польскаму народу было звернута рабства, якое існавала тысячы год назад.

Многа перацярпеў польскі народ. 3 якой радасцю насельніцтва Польшчы сустракае Чырвоную Армію — сваю вызваліцельніцу. Насустрач выносяць усё лепшае, што маюць: кветкі, табак, малако.

Праклятыя акупанты зрабілі-б і ў нас тое самае. Але ім не хапіла часу. Чырвоная Армія вышвырнула іх з нашай тэрыторыі. Мы зараз ідзём па нямецкай зямлі — ідзём як суддзі, як мсціўцы. Мы адпомсцім за слёзы нашага народа, за гора, якое яны прычынілі нам, за смерць нашых дзяцей і бацькоў. Мы з чэсцю выканаем прыказ таварыша Сталіна № 220 — даб’ём нямецкага звера ў яго ўласнай бярлозе і ўзнімем над Берлінам сцяг перамогі.

Бывайце здаровы. Пішыце, што новага ў Вас.

С прывітаннем

Леанід Дудко”.

 

У чэсць слаўнай гадавіны

Уся краіна, увесь совецкі народ сустракаюць 27-ю гадавіну Чырвонай Арміі як усенароднае свята, свята слаўных перамог на франтах Айчыннай вайны.                 У адказ на гераічныя подвігі воінаў Чырвонай Арміі працоўныя совецкага тыла адзержваюць эканамічныя  перамогі адна за другой.

Гераічныя подвігі працоўных праяўляюцца ў аднаўленні разбуранай нямецкімі акупантамі народнай гаспадаркі, у аказанні дапамогі фронту.

Працоўныя нашага раёна ўнеслі ў фонд Чырвонай Арміі 271855 рублёў, у тым ліку на танкавую калону „Працоўны Барана-віцкай обласці” 59241 рублёў, на эскадрыллю самалётаў ,,Комсамолец Беларусі” 17060 рублёў.

 

Асаблівай увагай і клопатамі акружылі працоўныя раёна раненых байцоў   і   камандзіраў.

Больш 400 святочных пасылак атрымалі раненыя воіны несвіжскага шпіталя. Сярод падарункаў 125 штук рознай птушкі, больш 160 кілаграмаў жыроў, 158 банак кансерваў, 58 кілаграмаў табаку, бумага, канверты, наскі, ручнікі, і многа іншага.

Не забыты і дзеці франтавікоў і загінуўшых на франтах Айчыннай вайны. Многа падарункаў ад працоўных атрымалі выхаванцы дзіцячага дома ў Ліпе.

Усё гэта сведчыць, што наш народ любіць сваю родную армію, клапо-ціцца аб сем’ях франтавікоў, аб дзецях-сіротах, бацькі якіх загінулі ад рук нямецкіх акупантаў.

Гэта ўсенародная любоў і клопаты спрыяюць хутчэйшаму разгрому ворага.

Наруцкі,  сакратар РК КП(б)Б.

 

Падарункі раненым воінам

3 вялікай радасцю і любоўю рыхтавалі вучні Лявонавічскай школы святочныя падарункі раненым воінам. Старэйшыя вучаніцы вышылі прагожыя кісеты, насавыя хустачкі. Адны зрабілі канверты, другія нарыхтавалі смачных семечак, трэція — сала, масла.

У   кожнай   пасылцы   ліст да раненага воіна. Вучаніца 5 кл. Саўчанка Рэня ў лісце  віншуе байцоў і камандзіраў з наступаючым вялікім святам, жадае скарэйшага выздараўлення, дзякуе за вызваленне ад нямецкіх акупантаў.

Усе падарункі пераданы ў нясвіжскі шпіталь. Цёпла дзякавалі воіны за падарункі. Яны прасілі перадаць усім школьнікам, каб яны вучыліся на ,,4” і ,,5”. І гэта для воінаў Чарвонай Арміі будзе самым найкаштоўнейшым падарункам.

Шынгель,  дырэктар школы.

 

Клопаты аб сем’ях франтавікоў

Сем’і ваеннаслужачых і партызан у нашай краіне акружаны ўсе-агульнай увагай і клопатамі.

Аддзел дзяржаўнага забяспячэння сямей ваеннаслужачых нашага раёна да 27-й гадавіны Чырвонай Арміі выплаціў штомесячнай дзяржаўнай дапамогі 159.401рубель, пенсіі 29.691 рубель.

Акрамя таго, насельніцтва раёна сабрала ў фонд дапамогі сем’ям ваеннаслужачых 700 пудоў жыта, 10 тысяч грашыма, 120 метраў палатна,     8.000 кілаграмаў бульбы. З створаных фондаў нуждаючымся сем’ям аказана аднаразовая дапамога прадуктамі, грашыма. Многім сем’ям аказана дапамога палівам, дадзены льготы па абавязковых пастаўках, звольнены ад грашовых падаткаў.

Акружым усеагульнай увагай сем’і ваеннаслужачых і партызан Айчыннай вайны.

Федзіоў.

 

Святкаванне дня Чырвонай Арміі  ў раёне

23 лютага ў горадзе Несвіжы  ў   ДСК адбылося ўрачыстае пасяджэнне Раённага і Гарадскога Советаў дэпутатаў працоўных з удзелам партыйных, совецкіх і профсаюзных арганізацый, прысвечанае 27-й гадавіне Чарвонай Арміі і Ваенна-Марскога Флота.

Даклад аб 27-й гадавіне Чырвонай Арміі і Ваенна-Марскога Флота зрабіў   ваенны камісар Нікіцін.

Ва ўсіх сельскіх советах праведзены ўрачыстыя сесіі сельскіх советаў з удзелам актыва.

У   школах праведзены ранішнікі вучняў.

Фота фрагмента газетнай старонкі

(Стылістыка, арфаграфія  і пунктуацыя арыгіналаў  захаваны).

 

На шляху да перамогі

У “Чырвоным сцягу” за 27 лютага 1945 г. апублікаваны  “Загад Вярхоўнага Галоў-накамандуючага” № 5 ад 23 лютага  1945 г. — у сувязі з 27-й гадавінай Чырвонай   Арміі.

У ім падкрэслівалася, што “ў вялікіх бітвах Айчыннай  вайны супраць нямецкага  нашэсця Чырвоная Армія  выратавала народы Савецкага Саюза ад нямецка-фашысцкага  рабства, адстаяла свабоду і  незалежнасць нашай Радзімы і  дапамагла народам Еўропы скінуць нямецкае іга”.

Далей гаварылася пра канкрэтныя ваенныя дзеянні і поспехі Чырвонай Арміі на шляху вызвалення. Так, за сорак дзён у студзені-лютым 1945 г. нашы войскі вы-гналі немцаў з 300 гарадоў, захапілі каля сотні ваенных заводаў, занялі звыш 2400 чыгуначных станцый, авалодалі сеткай  чыгунак працягласцю больш за 15 тысяч кіламетраў, знішчылі і захапілі каля трох тысяч варожых самалётаў, больш за 4,5 тысячы танкаў і самаходных гармат.

У выніку Чырвоная Армія поўнасцю вызваліла Польшчу і значную частку  Чэхаславакіі і Венгрыі, авалодала  большай часткай Усходняй  Прусіі і нямецкай Сілезіі, прабіла  сабе дарогу ў Брандэнбург, у Памеранію, да подступаў на Берлін…

Вярхоўны Галоўнакамандуючы Маршал Савецкага Саюза І.В. Сталін павіншаваў чырвонаармейцаў і чырванафлотцаў, сяржантаў, афіцэраў і генералаў з 27-й гадавінай Чырвонай Арміі і загадаў 23 лютага адзначыць гэту дату 20-цю артылерыйскімі  залпамі ў Маскве, Ленін-градзе, Кіеве, Мінску, Петразаводску, Таліне, Рызе, Вільнюсе, Кішынёве, Тбілісі, Сталінградзе, Севастопалі, Адэсе, Львове.

А ў газеце за 23 лютага маёр П. Голубаў у перадавіцы “Чырвоная Армія — абаронца  Радзімы” не толькі пералічвае  найбольш важныя моманты ў ваенных дзеяннях на франтах на тэрыторыі еўрапейскіх краін. Але і расказвае, як працаўнікі тылу садзейнічаюць хутчэйшай перамозе над ворагам. З новай сілай разгарнулася спаборніцтва за датэрміновае выкананне планаў  выпуску прадукцыі, за паспяховую падрыхтоўку да веснавых палявых  работ. Хутка ідзе рамонт  трактароў і інвентару, рыхтуецца насенне. Аўтар ставіць задачу  забяспечыць у 1945 годзе збор  багатага ўраджаю. Ураджаю перамогі. Каб дастойна сустрэць воінаў-пераможцаў, калі яны  вернуцца з фронту.

“Чырвоны сцяг” чытала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!