Пра гэта паведамляла газета “Чырвоны сцяг” у сакавіку-красавіку 1945 года

Так рыхтуецца да вясны калгас імя Молатава

 

Калгасы

ў падрыхтоўцы

да веснавой сяўбы

Доблесная Чырвоная Армія кожны дзень радуе нас сваімі бліскучымі перамогамі над ворагам. Яна блізіць канец гітлераўскай Германіі.

Пагэтаму мы, работнікі тыла, абавязаны яшчэ лепш, яшчэ больш працаваць на даручаным нам участку работы. Кожны працаўнік сельскай гаспадаркі павінен ведаць, што хлеб з’яўляецца незамянімай зброяй супраць ворага.

Калгас „Чырвоны Бераг” Квачоўскага сельсовета, дзе старшынёй тав. Івашка, зразумеў, што падрыхтоўка да веснавой сяўбы з’яўляецца адной з важных работ у сучасны час у калгасе.

Калгас поўнасцю засыпаў і ачысціў насенны фонд. Зярно знаходзіцца ў сухім і чыстым свірне, за ім наладжаны добры догляд. Закончан рамонт сельска-гаспадарчага інвентара. Інвентар гатовы к выезду ў поле.

Калгас „Чырвоны Бераг” таксама добра рыхтуе да веснавой сяўбы цяглавую сілу. Усе рабочыя коні добрай упітанасці. Калгас зараз вывозіць на поле гной  і складвае ў скірды.

Звенні збіраюць попел і птушыны памёт. Добра рыхтуюцца да сяўбы звенні, дзе звенявымі Кохан Ліда і Грыцкевіч Канстанцін.

Не адстае ад гэтага калгаса і калгас імя „Молатава” Карцэвіцкага сельсовета, дзе старшынёй тав. Кузміч.

У гэтым калгасе таксама поўнасцю засыпана насенне, адрамантаваны інвентар, вядзецца харошы догляд за цяглавай сілай, вывозіцца на поле гной, праходзіць збор попелу і птушынага памёту.

Але на дасягнутым калгасам нельга застанаўлівацца. Перад імі стаіць вялікая работа па ўмацаванню працоўнай дысцыпліны.

Каб своечасова правесці веснавую пасяўную кампанію, неабходна павялічыць цяглавую сілу. А для гэтага патрэбна прывучаць на лёгкіх сельскагаспадарчых работах кароў.

Глебкіна,

аграном-насенавод РайЗА.

 

Веснавую сяўбу сустракаем падрыхтаванымі

Тры гады нямецкія каты гаспадарылі ў нашым раёне. Тры гады рабавалі яны сялян, забіралі жывёлу, хлеб і дабро. Забівалі і вешалі ні ў чым непавінных лю-дзей, уганялі на нямецкую катаргу. Чырвоная Армія вызваліла нас ад лютага звера. Совецкая ўлада звярнула нам правы совецкіх грамадзян.

У 1944 годзе з дня вызвалення мы прыступілі да аднаўлення свайго калгаса, які з кожным днём расце і ўмацоўваецца. Самааддана і па-франтавому працуюць калгаснікі. Калгас пасеяў азімых культур 55 гектараў, закончыў малацьбу, выканаў абавязковыя дзяржаўныя пастаўкі, па-баявому рыхтуецца да веснавой сяўбы. У калгасе поўнасцю засыпана насенне, адрамантаваны сельскагаспадарчы інвентар, праводзіцца збор попелу і птушынага памёту, наладжан добры догляд за цяглавай  сілай.

Калгаснікі гараць адзіным жаданнем падрыхтавацца і правесці веснавую сяўбу добраякасна і свое-часова.

Кузміч,

старшыня калгаса.

 

Усе коні добрай упітанасці

У 1944 годзе я ўступіў у калгас імя Молатава. 3 першага дня самааддана і па-стаханаўскі працаваў на палявых работах, каб сваёю працаю дапамагчы Чырвонай Арміі хутчэй знішчыць нямецкага звера.

Праўленне калгаса ўлічыла гэта і, як лепшага калгасніка, паставіла канюхам.

На гэтай рабоце я стаў працаваць яшчэ лепш. Я ўзяў на сябе абавязацельства падрыхтаваць коней да веснавой пасяўной кампаніі добрай упітанасці і ўсіх здаровымі. Узятае абавязацельства я выконваю. Коні ўсе здаровыя, збруя адрамантавана, хоць заўтра можна выязджаць у поле.

За 1944 год мая сям’я выпрацавала ў калгасе 180 працадзён, на якія атрымала 100 пудоў хлеба і 260 пудоў бульбы. За добрую працу ад калгаса атрымаў прэмію.

У гэтым годзе я буду працаваць яшчэ лепш  на карысць нашай Совецкай    Радзімы, на ўмацаванне нашага калгаса.

Антановіч Антон,

конюх калгаса.

 

Буду працаваць яшчэ лепш

3 прыходам доблеснай Чырвонай Арміі, якая вызваліла нас ад нямецкіх катаў, я стала адчуваць сябе вольнай, шчаслівай совецкай жанчынай. Да мяне вярнуліся сіла, радасць і любоў да працы.

У верасні 1944 года ўступіла добраахвотна ў калгас імя Молатава.

Праўленне калгаса паставіла мяне свінаркай. 3 першага дня я энергічна ўзялася за гэту працу. Своечасова карміла свіней, глядзела за чыстатой і парадкам у свінарніку.

За 1944  год  я  выпрацавала ў калгасе 160 працадзён, за якія атрымала 90 пудоў  хлеба і 240 пудоў бульбы. Мая сям’я зараз поўнасцю забяспечана хлебам.

Праўленне   калгаса   ацаніла маю працу і прэміравала ў тым годзе,   у   дзень жанчыны, грашыма ў суме 400 рублёў.

Мой муж на фронце нішчыць нямецкіх катаў, а я ў тылу буду працаваць яшчэ лепш, каб сваею працаю дапамагчы нашай Чырвонай Арміі хутчэй дабіць праклятага ворага.

Вайцюшонак Гэля,

свінарка калгаса.

 

Па баявому рыхтуюцца да веснавой сяўбы

Праз некалькі гадзін хадзьбы мы апынуліся ў калгасе імя Молатава. Старшыня калгаса тав. Кузміч расказаў нам пра жыццё і працу калгаса.

У 1944 годзе батракі і сяляне вёскі Малева, Карцэвіцкага сельсовета, рашылі аднавіць свой калгас, які быў арганізаваны ў 1940 годзе і разрабаваны немцамі. 3 першага дня калгаснікі сабралі сельскагаспадарчы інвентар: вазы, плугі, бароны, пружыноўкі, адрамантавалі канюшню, у якой паставілі коней, і агульнымі сіламі прыступілі да калектыўнай працы.

У калгасе налічваецца зараз 235 гектараў зямлі, на якой пасеяна 55 гектараў азімых культур. 3 кожным днём павялічваецца ферма, у якой ужо ёсць буйнай рагатай жывёлы 11 штук, авец 12, свіней 7, коней 11.

Так сама ў калгасе ёсць і сад, плошчай у 9 гектараў, пчола-пасека — 23 пчола-сямей.

Калгаснікі ўзмоцнена рыхтуюцца да веснавой сяўбы. Поўнасцю засыпаны насенны фонд, вывозіцца на поле гной, якога вывезена 10 тон, сабіраецца попел і птушыны памёт. Сельскагаспадарчы інвентар: плугі, возы, бароны, пружыноўкі, — адрамантаваны.

Заможна жывуць калгаснікі. У 1944 годзе яны атрымалі на адзін працадзень па 9 кілаграмаў хлеба і 24 кілаграмы бульбы, дастаткова корму для сваіх кароў.

Праўленне калгаса лепшых людзей прэміравала, сярод якіх атрымалі грашовыя прэміі конюх калгаса Антановіч Антон 500 руб., свінарка Вайцюшонак Гэля 400 руб., калгасніца Буткевіч Ніна 250 руб. і другія.

У калгасе арганізаваны звенні, паміж якімі разгорнута соцыялістычнае спаборніцтва за хутчэйшую і лепшую падрыхтоўку да веснавой сяўбы.

Бурна расквітае жыццё калгаса імя Молатава, якое разбурылі нямецкія варвары, проклятыя ворагі нашай  Радзімы.

Пройдзе невялікі час і калгас вырасце ў моцную  і багатую гаспадарку, а жыццё калгаснікаў бу-дзе заможным і культурным.

М. Стульба.

(Стылістыка, арфаграфія  і пунктуацыя арыгіналаў  захаваны).

 

З клопатам пра зямлю, пра хлеб

У раёне актыўна абмяркоўвалі пастанову СНК БССР і ЦК КП(б)Б “Аб дзяржаўным плане развіцця сельскай гаспадаркі  на 1945 год”.

Так, на сходзе ў Лявонавіцкім  сальсавеце жыхарка вёскі  Лесуны, маці двух франтавікоў Браніслава Жабуртовіч  сказала: “Мой муж ужо стары. Два сыны  ваююць. Мне цяжка адной  спраўляцца з гаспадаркай, але нічога  не зробіш. Я сваю зямлю засею ў тэрмін, а мае сыны няхай  ваююць, дабіваюць ворага і хутчэй вяртаюцца на радзіму”.

Ігнат Верамчук з Салтанаўшчыны  па-абяцаў: “Агульнымі  сіламі мы  дапаможам і сем’ям франтавікоў засеяць сваю зямлю. Даведаўшыся аб нашых клопатах  і дапамозе, іх сыны і мужы  будуць весялей ваяваць і біць ворага”. Зямля пуставаць не будзе — такім быў лейтматыў сходу. Так называлася і адна з заметак у “ЧС”, яе аўтар — Волкаў.

А ў заметцы Варывончыка расказваецца пра тое, што 10 бядняцкіх сялянскіх гаспадарак Гарадзейскага сельсавета атрымалі зямельныя надзелы агульнай плошчай больш за 70 гектараў. Напрыклад, селянін Тыдрыш з Малой Ужанкі, сям’я якога складаецца з 10-і чалавек, меў 1,75 га зямлі. Яму адвялі яшчэ 7 гектараў. Селянін Ганкевіч меў 4 гектары, стала восем. Федасенка і Анішчанка зусім не мелі зямлі, цяпер атрымалі яе.

Актыўна рыхтаваліся да веснавой  сяўбы і сяляне Карцэвіцкага  сельсавета. Ачысцілі насенне,  адрамантавалі інвентар, у іх дагледжаныя  коні. Значную работу ў падрыхтоўцы да важнай  сельгаскампаніі  праводзілі агітатары Качура, Рудзешка, Кубрак. Дэпутаты  сельсавета  Свірыдовіч, Усовіч і Целяховіч арганізавалі дапамогу сем’ям франтавікоў і тым гаспадарам, у якіх не было коней.

 

Шырылася калгасная вытворчасць

Фота фрагмента газетнай старонкі

У Нясвіжы прайшоў раённы сход сялян і спецыялістаў сельскай гаспадаркі. На ім быў заслуханы і абмеркаваны даклад сакратара РК КП(б)Б тав. Перунова аб задачах сялян па падрыхтоўцы і правядзенні веснавой сяўбы.

Газета “Чырвоны сцяг” змясціла выступленні ўдзельнікаў сходу.

Так, Алена Макавоз з вёскі Саска Ліпка Квачоўскага сельсавета сказала: “Я, як дэпутат  сельскага Савета, прыкладу ўсе сілы, каб веснавую сяўбу правесці  ў тэрмін. За смерць майго бацькі, забітага нямецка-фашысцкімі наймітамі, я буду помсціць  сваёй адданай працай на карысць нашай любімай Радзімы”.

Старшыня Сноўскага сельсавета Шутаў расказаў, што ў 1944 годзе  сяляне з вялікай  радасцю сустрэлі Чырвоную Армію-вызваліцельніцу. І абавязаліся ўсімі сіламі і сродкамі  дапамагаць фронту, каб наблізіць  перамогу над ворагам. Яны перавыканалі абавязковыя пастаўкі дзяржаве, здалі ў фонд Чырвонай Арміі 45 тон збожжа і 25 тысяч  рублёў. А вясной 45-га актыўна рыхтаваліся да пасяўной, вырашылі арганізаваць дапамогу сем’ям франтавікоў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.

Заметка за подпісам старшыні калгаса імя Молатава Кузьміча называлася “Аднаўляем родны калгас”. Ён быў створаны ў 1940 го-дзе. Былыя батракі князя  Радзівіла і бяднейшыя сяляне сталі дружна працаваць разам, дзеля агульнага выніку. Але фашысцкія захопнікі спынілі гэты стваральны рух наперад. Многія вяскоўцы загінулі падчас вайны. І толькі вызваленне Чырвонай Арміяй у ліпені 1944 г. прынесла  свабоду. “Радасна і заможна жывуць калгаснікі. Мы атрымалі па 9  кілаграмаў збожжавых культур на працадзень. У нас многа сем’-яў, якія атрымалі па 3 тоны збожжа… З кож-ным днём калгас умацоўваецца. Зараз маем 16 плугоў, 7 культыватараў, 2 сеялкі. Увесь інвентар адрамантаваны, збруя падрыхтавана, вазы ў парадку. Трактары стаяць на месцы. Заўтра можна пачынаць араць”, — паведаміў старшыня. І паабяцаў, што веснавую  сяўбу калгас правядзе  за 8 — 9 дзён, прытым на высокім  агратэхнічным узроўні.

А вось у калгасе “17 верасня” па стане на 6 красавіка ўжо было ўзарана 10 гектараў глебы, пасеяны 1 гектар вікі. Аб гэтым у заметцы “Распачалі сяўбу” распавёў яе аўтар — тав. Рассахач. Дарэчы, за час падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі ў калгас  было прынята 9 новых сем’яў, а літаральна ў апошнія дні  вяскоўцы прынеслі ў праўленне яшчэ 6 заяў. Калгасная рэчаіснасць рабілася для сялян усё больш прывабнай.

Аднаўленне музея

Раённая газета рэгулярна публікавала таксама паведамленні ТАСС аб справах у іншых абласцях Беларусі і рэспубліках Савецкага Саюза. У прыватнасці, расказвала пра абнаўленне музея Пятра І у Полацку, які быў разбураны гітлераўцамі. У гэтым будынку ў 1708 годзе, перад Палтаўскай бітвай са шведамі, Пётр І жыў некалькі тыдняў.

“Чырвоны сцяг”

чытала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.