Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 6 °C

З вогненнай вёскі

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 1

Пост опубликован: 28.06.2019

Вызваленне  нашага горада  летам 1944 года вітала разам з усімі і Ванда Фянькоўская,

маладая дзяўчына з Капыльшчыны.

Нясвіж даў сіраце прытулак у час вайны.

Да гэтага жыла яна ў працавітай шматдзетнай сям’і ў вёсцы Калодзезнае, што на захад ад Капыля, у  бок Нясвіжа. Пачаліся трывожныя дні вайны. Неяк у вёску прыехалі паліцаі, прайшліся па вуліцы, зайшлі на вячоркі, папярэдзілі, каб назаўтра ўсе заставаліся ў хатах, нікуды не адлучаліся, нібыта  будуць правяраць дакументы.



Было тое 9 лютага 1943 года.  Уранні, па снеданні, малыя сядзелі на печы, дарослыя займаліся будзённымі клопатамі. Ванда — старэйшая з дзяцей — першая ўбачыла, што ідуць да іх. Папярэдзіла родных і ўскочыла на гарышча, бо маці неаднойчы  непакоілася: маўляў, малым нічога,  а яе каб хаця не вывезлі ў Германію. Схавалася за комінкам, накінуўшы на сябе нешта, але чула стрэлы. Чула, як нехта ўзнімаўся і прыадчыняў гарышча. Пасля ўчула і добра знаёмы стук брамкі  — пайшлі. Вычакаўшы колькі часу, адважылася ціхенька спусціцца ў хату. Чужых не было, былі толькі родныя, але ўсе забітыя, усе да аднаго: і бабуля, і дзед,  і маці,  маленькія брацікі і сястрычка. Як уведала пазней, такі ж лёс напаткаў кожную сям’ю.

Ды на тым не скончылася.  Схавалася ў падпечак, бо пачалося рабаўніцтва. Забіралі жывёлу і што лепшае з хаты. Пасля вёску падпалілі. Сядзела дзяўчына ў тым падпечку, дакуль было магчыма. Пазней, каб не сканаць у дыме і агні, адважылася выскачыць праз акно ў снег, зашылася ў гурбу, каб не згледзелі. Бо кожную хату кантралявалі.

На некаторы час далі ёй прытулак жыхары суседняй вёскі. Пасля параілі шукаць  каго са сваякоў. Вось і накіравалася Ванда ў Нясвіж. Жыла  ў сям’і цёткі, якая перабралася сюды яшчэ на пачатку вайны ў апусцелы дамок на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада, непадалёк ад млына Крашэўскіх.

Пасля вызвалення працавала ў магазіне лясніцтва, у так званых Домках. Затым паступіла вучыцца, атрымала прафесію, мела добрую пасаду. Жыла ў Оршы. Пасля з мужам і сям’ёй пераехала на Украіну. Прыязджала  ў Нясвіж, наведвала сваё няшчаснае Калодзезнае. Сабрала попел былой сваёй хаткі  і пахавала на могілках, паставіўшы адзін крыж па ўсіх родных.

Ужо за мірным часам напісала Ванда Фянькоўская падрабязныя ўспаміны пра перажытае. Трапілі яны да пісьменніка Янкі Брыля, але на той час яго кніга “Я з вогненнай  вёскі” была ўжо выдадзена.

Зрэшты, ніякая кніга не можа змясціць усё тое, што перажылі беларусы, змагаючыся за сваю незалежнасць, што стараемся ведаць і помніць.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!