У цэнтры Грыцкевіч пабудавана выдатная дзіцячая гульнёвая і спартыўная пляцоўка

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 22
  •  
  •  
  •  
  •  

Цудоўны падарунак атрымалі гэтым летам дзеці аграгарадка Грыцкевічы і навакольных вёсак ад дырэкцыі ААТ “Грыцкевічы”. У цэнтры аграгарадка за сродкі сельгаспрадпрыемства пабудавана выдатная дзіцячая гульнёвая і спартыўная пляцоўка.

— Планіроўку тэрыторыі мы зрабілі ў маі, — расказвае спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Алена Леўшык. — А ў сярэдзіне чэрвеня аб’ект быў гатовы. Фірма, якая вырабляе і ўстанаўлівае абсталяванне, справілася са сваёй задачай за тры тыдні. І ў дзень адкрыцця пляцоўкі яна была запоўнена дзецьмі.

Абсталяванне прадугледжана для дзетак розных узростаў, пачынаючы з трох гадоў. А ёсць арэлі, на якіх можа пагойдацца і 70-кілаграмовы чалавек. У забаўляльны комплекс увахо-дзяць качалка-балансір, машынка на спружыне, крытая пясочніца, турнікі для дзяцей 6 — 16 гадоў, канатная лесвіца, рулявы мосцік, дзве горкі, чацвёра арэляў. Усё зроблена дыхтоўна, з дрэва і металу. Пастаўлены лаўкі, каб маглі пасядзець мамы і бабулі, пакуль дзеці гуляюць. Заасфальтаваны пад’езд да пляцоўкі, дзе трэба, па-кладзена тратуарная плітка, праведзена азеляненне тэрыторыі — разбілі клумбы, высадзілі туі.

У мясцовым навучальна-педагагічным комплексе дзіцячым садзе-сярэдняй школе выхоўваецца і навучаецца больш за сто дзяцей. На канікулы прыехалі да бабуль і дзядуль хлопчыкі і дзяўчынкі з іншых месцаў. Так што забаўляльна-спартыўная пляцоўка вельмі запатрабавана.

Сваім уражаннем аб навінцы на вёсцы з “НН” падзялілася жыхарка Грыцкевіч Ганна Парэйка, мама 7-гадовага Ромы:

—Так здорава!.. Каля нашага дома таксама ёсць дзіцячая пляцоўка, але на ёй няма такой разнастайнасці прыстасаванняў для гульняў. Дзеці з задавальненнем бягуць, каб палазіць па канаце, падцягнуцца на турніку. Такога ў нашай вёсцы не было, таму ўсім вельмі цікава.

Да мамы далучыўся і сын:

— Я задаволены. Люблю гушкацца на вялікіх жоўтых арэлях.

Раздзяляе іх думку і Кацярына Еўтух, мама 6-гадовай Варвары:

—     Мы з нецярпеннем чакалі адкрыцця пляцоўкі. Усё — супер!

Абсталяванне, вядома, не таннае. І павінна пастаянна быць у спраўным стане, каб не дапусціць траўматызму. Таму дарослыя сочаць за яго эксплуатацыяй. Кожную раніцу адказныя работнікі акцыянернага таварыства яго аглядаюць. Устаноўлена там і відэакамера. Дзіцячыя забавы павінны быць бяспечнымі, вясёлымі і карыснымі. На гэта і скіраваны клопат кіраўніцтва гаспадаркі.

Як падкрэсліла Алена Леўшык, будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі стала другім крокам у стварэнні вёскі будучага. Першым, напомнім, было ўвядзенне ў строй сталовай і магазіна акцыянернага таварыства. Падчас трэцяга кроку з,явіцца лазне-пральны камбінат.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Алены ЛЕЎШЫК.          

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 22
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.