Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 8 °C

Маляваў найперш для аднавяскоўцаў, сяброў, суседзяў… Сваёй кветкавай нівай ён змагаўся з пасляваеннай шэрасцю жыцця

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 21.09.2019

Аж да гэтага часу сёй-той з вяскоўцаў у Карцэвічах і Амлынцах, Сейлавічах і Андрушах, Саскай Ліпцы і Юшавічах захоўвае даўнія народныя маляванкі. Узятыя ў самаробныя драўляныя рамы, яны зазвычай размешчаны высакавата на сцяне, паміж вокнамі. Ніз абапіраецца на два ўбітыя цвічкі, а верх не прыстае шчыльна да сцяны, а крыху нахілены, трымаецца на шнурочку. 50-60-я гады мінулага стагоддзя — самы росквіт народных маляванак. А яны і са-праўды ярка расквечвалі сціплыя хаціны калгаснікаў.



Выхаваны бацькавымі маляванкамі, Іван Мысліцкі любіць кветкі, штогод саджае і даглядае іх

Асабліва шчыраваў на той кветкавай ніве мастак-самавук з Сейлавіч Юзік Мысліцкі. Маляваў найперш для аднавяскоўцаў, сяброў, суседзяў. Але, бывала, завітваў і ў аддаленую вёску, пасяляўся там на колькі дзён у добрага гаспадара. Неўзабаве ад хаты да хаты расходзілася пагалоска: мастак прыйшоў. І неслі яму, хто што меў — кардон ці фанеру, шкло ці саматканае палатно — ды рабілі заказ на свой густ. Адзін прасіў намаляваць лебедзяў на азярцы, другі — дыванок з вяночкам кветак. І не шкадаваў сваіх колераў-фарбаў сейлаўскі мастак! Спрактыкаванай рукой выводзіў бэз і мак, ружы і рамонкі, васількі і астры. Шчодра напаўняў імі шкляныя сінія вазы і плеценыя кошыкі. Букеты, у якіх сабраны кветкі рознай пары — вясновай, летняй, асенняй, — ці не самае распаўсюджанае ў яго творчай спадчыне. Быў яшчэ адзін улюбёны сюжэт — паўлін у шматколернай кветкавай засені. І заўсёды неяк жа вельмі насцярожана і пільна, як добры вартавы, глядзеў той паўлін: не дай Бог бяды ў хату. Жанчыны яго часта вышывалі, а Мысліцкі — маляваў. Да справы гэтай прылаўчыўся даўно. Маляваў, як сведчыць яго сын Іван, з маладых гадоў, нават у ваенны час: быў паранены і праляжаў у шпіталі чатыры месяцы. Дык аздобіў — размаляваў палаты таго шпіталя, аб чым у характарыстыцы байца пакінулі ўдзячны запіс. Відны, высокі, без малога два метры росту, шырокі ў плячах, з вайны вярнуўся Юзік Мысліцкі інвалідам 2 групы: асколак, што трапіў у лёгкія, не змаглі дастаць. Аднак хапала ў яго ахвоты і сілы клапаціцца пра скалечаных франтавікоў, дапамагаць удовам. Бывала, каб прывезці торфу ці жамерын, сам ехаў “у той гортоп ці на цукровы”. Марыя Чарнюк з Сейлавіч, што перажыла вайну і размяняла ўжо дзявяты дзясятак гадоў, дае аднавяскоўцу кароткую шчырую характарыстыку: “ Харошы чалавек быў, ай-ей!”.

Іосіф Мысліцкі.
Смаленскі шпіталь, 1944 год

Ларыса Клюсілава таксама ахвотна, з прыемнасцю і ўдзячнасцю ўспамінае Юзіка Мысліц-кага. Яна больш за дваццаць гадоў узначальвала Сейлавіцкі сельсавет і мела ў асобе гэтага аўтарытэтнага сейлаўца добрага памочніка ў многіх справах.

— Юзік Мысліцкі, — кажа яна, — узначальваў савет ветэранаў вайны. Клопатаў меў шмат: час жа быў няпросты, з чэргамі, з нястачай самага неабходнага. Прынцыповы і справядлівы, ён горача абараняў інтарэсы людзей, смела і ад-крыта выступаў з любой трыбуны. Часта сустракаўся са школьнікамі. Шмат было сустрэч у працоўных калектывах. Выхоўваў і дарослых, калі тыя прыахвочваліся да чаркі, дрэнна клапаціліся пра дзяцей і гаспадарку. Сваіх жа дзяцей (а іх было шасцёра, пяць хлопцаў і дачка) выхоўваў узорна.

— Бацька трымаў нас у строгасці, ва ўсім патрабаваў прыкладных паводзін, сам не курыў і нам катэгарычна забараняў, — кажа сын Іван, які цяпер жыве ў роднай хаце і на відным месцы як ганаровую спадчыну трымае бацькавы маляванкі.

— Лішніх грошай у нас не было, жылі з невялікай бацькавай пенсіі па інваліднасці ды яшчэ з заказаў на маляванкі. Часам аж чарга на іх была. Часцей заказвалі паўлінаў, — успамінае дачка Ядвіга. — Мы паляжам спаць, а бацька ўсё малюе. Я так прывыкла да паху яго фарбаў, што яны мне як духі.

Маляванкі… Яны былі для Мысліцкага, як цяпер кажуць, тры ў адным: і любімы занятак, і матэрыяльная падмога для шматдзетнай сям’і, і грамадскі чын. Сваёй кветкавай нівай ён змагаўся з пасляваеннай шэрасцю жыцця. Густоўна кампануючы самыя розныя колеры, нёс у хаты пацеху дзецям, добры настрой дарослым. “Гэта ж мая радасць! Нікому не аддам!”, — кажа Соф’я Драчан з Карцэвіч пра адзіную хатнюю аздобу — букет руж і бэзу, што намаляваў больш паўсотні гадоў таму сейлаўскі мастак-вандроўнік.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!