Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Крэатыўныя і ініцыятыўныя. Валанцёры сярэбранага ўзросту на фестывалі ў Жодзіна

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Горад аўтамабілебудаўнікоў сустрэў нас цёплым сонцам і залаціста-жоўтым убраннем дрэў.
Тут у першы дзень кастрычніка адбыўся абласны фестываль валанцёрскіх ініцыятыў людзей пажылога ўзросту “Актыўнае даўгалецце —
ключ да здаровага жыцця”.

Пачатак форуму размясціўся ля Палаца культуры БЕЛАЗа, бела-ружовы будынак якога ўражвае сваёй манументальнасцю: вялікія калоны каля ўваходу, прасторная пляцоўка, роставыя лялькі, цудоўная музыка. Дарэчы, гучалі прыгожыя вальсы, танга, падэспан і кракавяк, лявоніха, лірычны блюз французскі. Прафесіянальныя танцоры і аматары з радасцю паказвалі сваё майстэрства публіцы. Удзел у святочным карагодзе мог прыняць любы жадаючы. А яшчэ можна было бясплатна зрабіць ці падправіць прычоску ў майстроў выязной цырульні “Элегант прэстыж”, а таксама манікюр. Чым ахвотна скарысталіся жанчыны.



Было чым заняцца ўдзельнікам фестывалю ў гарадскім парку, які размяшчаўся побач. Яго ўваход зроблены ў форме вялікага чырвонага сэрца з белым ажурным узорам, а наверсе — два пярсцёнкі. Аказваецца, праз дарогу ёсць ЗАГС, і маладыя з яго накіроўваюцца на ўлонне прыроды, і па традыцыі на выгнутым мосціку прымацоўваюць замочкі. У парку дзейнічалі зоны па інтарэсах: фітнес для жанчын, ёга, пункт калясачнікаў, жэставы столік, выстава карцін жодзінскіх мастакоў, дзе можна было пазіраваць кожнаму і праз 20 хвілін атрымаць свой партрэт, выкананы алоўкам.

Цікавымі і патрэбнымі былі палаткі па аказанні першай дапамогі, дзе медыкі вучылі рабіць штучнае дыханне і масаж сэрца. Ля палявой кухні можна было паласавацца гарачай юшкай, у другім месцы пагуляць у бяспройгрышную латарэю. Словам, усё гэта надавала святу асаблівы настрой, а сонечны дзянёк і жоўтая лістота стваралі асаблівы каларыт. Паступова дзейства перабралася ў фае Палаца культуры, дзе прыезджыя маглі пазнаёміцца са стэндамі, на якіх адлюстраваны фотамоманты работы валанцёрскіх атрадаў і сацыяльных цэнтраў вобласці. Дарэчы, наш Нясвіжскі РТЦСАН прадстаўлены дастойна, аб чым сведчыла цікавасць да яго гасцей свята. Духавы аркестр Жодзінскай музычнай школы вітаў нас прафесійным выкананнем знаёмых твораў. Красавалася ў зале падборка з асенняга ўраджаю: вялікія жоўтыя гарбузы, кабачкі, яблыкі, чырванела пругкая рабіна. Працавалі гандлёвыя рады, дзе можна было купіць тавары ААТ “Світанак”, а побач паспытаць мясцовай выпечкі.

Гэта была прэлюдыя фестывалю, а яго ўрачыстае адкрыццё пачалося ў глядзельнай зале Палаца культуры. Вядучыя Кацярына Лушчык і Віталь Жыгімонт запрасілі на сцэну ганаровых гасцей: намесніка старшыні Мінаблвыканкама І.С.Маркевіча, намесніка міністра Міністэрства працы  і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь РБ А.А. Румака, старшыню камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама А.А. Семянчука і старшыню Жодзінскага райвыканкама Д.В. Заблоцкага. Яны сардэчна прывіталі ўдзельнікаў фестывалю, павіншавалі са святам мудрага ўзросту, падкрэслілі важнасць валанцёрскага руху, наказалі прыцягваць да яго моладзь. Пажадалі людзям актыўнай жыццёвай пазіцыі здароўя і далейшых поспехаў у іх высакароднай справе дапамогі іншым. І агучылі такі момант: у снежні плануецца правесці рэспубліканскі фестываль валанцёраў.

Затым на сцэне адбыўся паказ хатняга адзення мадэльераў ААТ “Світанак”. Іх змяніў калектыў жодзінскіх “Аптымістаў” з песняй “Усіх запрашаем на свята” і ў канцы выпусцілі ў залу шары ў форме сэрца. Іменна добрыя сэрцы ў валанцёраў, што дапамагаюць тым, каму неабходна іх падтрымка. Такая выснова ўсёй дзейнасці ўдзельнікаў фестывалю і яго лейтматыў. У песнях і вершах, танцах і тэатральна-харэаграфічных пастаноўках 23 калектывы валанцёраў вобласці адлюстроўвалі сваю дзейнасць і магчымасць жыць актыўна ў залатым узросце. Цікавымі былі кампазіцыі Капыльскага цэнтра сацыяльнага забеспячэння, Бярэзінскага, Валожынскга, Клецкага, Любанскага, Салігорскага ды іншых. Усіх, вядома, нельга пералічыць, у кожнай каманды свае здольнасці і падыход.

Што датычыць нашых валанцёраў, а іх было 10 разам з актыўным музыкантам Аляксандрам Гапановічам, мы таксама стараліся быць не горш за іншых. Каманда з лагатыпам СОБР (па-руску Социальный отдел быстрого реагирования) страявым крокам пад бадзёрую музыку прыгожа выйшла на сцэну, камандзір Таццяна Русак прыняла даклад валанцёра Галіны Шапавалавай. А іменна: сёлета нашы валанцёры наведалі шэсць устаноў, аказалі неабходную дапамогу словам і справай. Рух “Пажылыя — пажылым” удастоены граматы ў марафоне-конкурсе “Сярэбраная ніць”. Нядаўна актывісты звязалі 46 пар шкарпэтак і перадалі іх разам з кандытарскімі вырабамі насельнікам аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян  пажылога ўзросту і інвалідаў у Лявонавічах, а таксама ў бальніцу сястрынскага догляду ў Гарадзеі. Пра нашы будні і справы расказаў і ролік, падрыхтаваны да фестывалю: наведванне ветэранаў і хворых, вечары адпачынку, заняткі спортам і скандынаўская хадзьба, гурткі па інтарэсах. Мы праспявалі аптымістычную песню і пад апладысменты гледачоў пайшлі ў залу.

Напрыканцы святочнага мерапрыемства А.А. Семянчук і Д.В. Заблоцкі ўручылі яго ўдзельнікам Падзякі і кветкі. Дамоў мы вярталіся з добрым настроем. Мы ўдзячны дырэктару НРТЦСОН Н.Г. Корсак і загадчыцы дзённага аддзялення для пажылых і інвалідаў Н.У. Дзігмунтовіч за прадастаўленую магчымасць паехаць на абласны форум. А таксама выказваем шчырую падзяку дырэкцыі ААТ “Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў” за транспарт.

Раіса Хвір,

г. Нясвіж.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!