На Нясвіжчыне прайшлі сустрэчы з насельніцтвам кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Івана Мамайкі

Першым пунктам маршруту госця са Стоўбцаў па нашым раёне стала ААТ “Лань-Нясвіж”, працоўны калектыў якога на чале з дырэктарам Сяргеем Сямашкам і старшынёй Ланскага сельскага Савета Аляксандрам Ляхам сабраўся ў актавай зале адміністрацыйнага будынка таварыства.

Іван Андрэевіч, на сённяшні дзень — начальнік Стаўбцоўскага райаддзела міліцыі, — пазнаёміў прысутных са сваёй біяграфіяй, з тым, як ён разумее работу народнага абранніка.

— Роля дэпутата і яго асноўная задача, — сказаў выступоўца, — быць пасрэднікам паміж уладай і выбаршчыкамі. У мяне ёсць вопыт дэпутацкай работы, я ўжо двойчы выбіраўся ў Мінскі абласны Савет дэпутатаў. Асноўны мой прынцып — работа з насельніцтвам: сустрэчы з людзьмі, абагульненне праблем, якія іх хвалююць, для іх далейшага вырашэння на больш высокім узроўні.

Іван Андрэевіч таксама падзяліўся галоўнымі прынцыпамі, якія ляжаць у аснове яго перадвыбарнай праграмы. Па-першае, гэта падтрыманне стабільнасці і міру ў грамадстве, таму што галоўная задача народнай улады — захаванне жыцця чалавека. Пакуль ён жывы, любая праблема можа быць вырашана. А ўсе бурныя падзеі, накшталт рэвалюцый і войнаў, нясуць простым людзям толькі пакуты і разбурэнне. Таму стабільнае, эвалюцыйнае развіццё грамадства без сацыяльных патрасенняў — гэта аснова асноў. Другі важны момант — гэта незалежнасць Беларусі.

— Як гісторык па адукацыі, — адзначыў І.А. Мамайка, — я з упэўненасцю сцвярджаю, што наша краіна нічым не горшая за любую іншую. У нас багатае, самабытнае мінулае. І лепш быць гаспадаром у сваёй хаце, нават не вельмі вялікай, чым займаць адзін пакой у вялікай, але не сваёй. За больш чым 25 гадоў незалежнасці Беларусі ўжо вырасла пакаленне, якое адчувае сябе менавіта так.

І трэці аспект, які заслугоўвае асаблівай увагі, — гэта дабрабыт насельніцтва. Чым лепш жывуць людзі — тым лепш жыве дзяржава. Гэта бясспрэчны факт.

— Як я збіраюся працаваць у накірунку паляпшэння жыцця суайчыннікаў, можна будзе прачытаць у маёй праграме, на агі-тацыйных плакатах і ў лістоўках, — зазначыў кандыдат у дэпутаты. — Вядома, галоўным для мяне будзе абарона інтарэсаў выбаршчыкаў Стаўбцоўскай выбарчай акругі, у якую ўваходзіць і Нясвіжчына. Нашы раёны блізкія адзін да аднаго і па гістарычных асаблівасцях, звязаных з родам Радзівілаў, і па менталітэту. Таму абодвум рэгіёнам будзе ўдзяляцца аднолькавая ўвага, асабліва ў плане забеспячэння дзіцячымі садкамі і школамі, добраўпарадкавання дарог і якасці пітной вады. Усе гэтыя пытанні кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Іван Мамайка абяцаў трымаць у выпадку свайго абрання на асаблівым кантролі.На гэтым тыдні, акрамя ААТ “Лань-Нясвіж”, ён сустрэўся таксама з працоўнымі калектывамі прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Нясвіжскім раёне, Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, філіяла “Гарадзейскае хлебапрыёмнае прадпрыемства” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў”, участка разліву (г. Нясвіж) ААТ “Крыніца”, Нясвіжскага філіяла (племпрадпрыемства) РУСП “Мінскае племпрадпрыемства”, Нясвіжскага ЗВЭС Мінскага філіяла “Белтэлекам” і іншых.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.