У інтарэсах непаўналетніх

На апошнім пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх было разгледжана два пытанні. Першае тычылася парушэння артыкула 17.12 Кодэкса адміністратыўных парушэнняў Рэспублікі Беларусь, у якім гаворыцца аб недапушчэнні на начныя дыскатэкі і ў культурна-забаўляльныя (начныя) клубы асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, за выключэннем выпадкаў, калі гэта дазволена актамі заканадаўства. Падобнае парушэнне было выяўлена ў адной з такіх устаноў раёна. Тры непаўналетнія дзяўчыны, адной з якіх 16 гадоў, дзвюм — 17, знаходзіліся тут пасля 23 гадзін. Адна з іх — школьніца, дзве другія — навучэнкі каледжаў. Дзяўчаты паводзілі сябе нармальна, грамадскага парадку не парушалі, аднак па закону не мелі права знаходзіцца ў месцы адпачынку ў такі час. Улічваючы добрую рэпутацыю ўстановы і адсутнасць падобных парушэнняў раней, юрыдычнай асобе — яе ўладальніку — вынесена мінімальна магчымае ў такіх выпадках пакаранне — штраф у 10 базавых велічынь.

Другая справа тычылася разгляду хадайніцтва Салтанаўшчынскага НПК д/с-СШ аб прызнанні чатырох непаўналетніх дзяцей з сям’і, што жыве ў в. Лявонавічы, патрабуючымі дзяржаўнай абароны. Раней становішча гэтай сям’і ўжо было вызначана як сацыяльна-небяспечнае. Бацькі злоўжываюць спіртным, на пасяджэнні камісіі па ахове правапарадку пры Ланскім сельвыканкаме, куды іх выклікалі неаднойчы, не з’яўляліся. Сам за сябе гаворыць той трывожны факт, што іх старэйшая, 14-гадовая дачка, ужо некалькі разоў уцякала з дому. Пры гэтым маці чацвярых дзяцей у свой час была пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах да свайго самага старэйшага дзіцяці, якое зараз паўналетняе.

Разгледзеўшы гэту справу, камісія аднагалосна прыняла рашэнне адабраць дзяцей і траіх старэйшых размясціць у сацыяльным прытулку, што працуе на базе Гарадзейскай школы-інтэрната, а іх 9-месячную малодшую сястрычку — у прыёмнай сям’і пасля абследавання ў Нясвіжскай ЦРБ.

Маці прапанавалі некалькі дзён пабыць у бальніцы разам з дачкой, пакуль яна не пройдзе медкамісію для выхаду на работу.

Бацькам было растлумачана, што ў выпадку добрасумленнага лячэння ад алкагалізму і завяршэння рамонту ў доме, а таксама пры ўмове пастаяннай увагі да дзяцей падчас іх знаходжання ў прытулку і прыёмнай сям’і, яны могуць атрымаць назад сваіх дачок і сына нават раней, чым праз 6 месяцаў, адведзеных праблемным сем’ям на ліквідацыю недахопаў у доглядзе дзяцей.

Як яны выкарыстаюць гэту магчымасць — пакажа час.

“НН”.       

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.