Адзін дзень у розныя гады. Па старонках гісторыі

У мінулым годзе наша краіна адзначыла 80-гадовы юбілей уз’яднанння Заходняй і Усходняй Беларусі. Як бы хто ні ставіўся да тых падзей, нельга адмаўляць галоўнага — у выніку паходу Чырвонай Арміі быў ліквідаваны несправядлівы падзел Беларусі і большая частка яе тэрыторыі аб’ядналася ў межах адзінага дзяржаўнага ўтварэння. Так, гэты працэс быў далёка не бясхмарным і не ідэальным, былі ахвяры, былі незадаволеныя, але гэта ўласціва для ўсіх гістарычных падзей у розныя часы і ў розных краінах.

А чым яшчэ адметны дзень 17 верасня ў гісторыі Нясвіжчыны? Прапаную чытачам здзейсніць невялікае падарожжа ў мінулае.

17 верасня 1445 г. вялікі князь Казімір Ягайлавіч падпісаў дароўную грамату наступнага зместу: “От великого князя Казимира королевича ко всим людем несвижаном, што Клавка держал. Дали есмо Несвиж пану Миколаю Немировичу со всим, по тому ж как Клавка держал. И вы бы его были послушны. Писан у Меречи, сентября 17 день, индикту 9”. Доўгі час з-за недакладнага прачытання дакумента лічылася, што перадача зямель М. Няміровічу адбылася ў 1446 г., што не адпавядае сапраўднасці. Нягледзячы на лаканічнасць, грамата ўтрымлівае важную інфармацыю. Так, можна даведацца, што ранейшым уладальнікам Нясвіжа быў Клаўка (распаўсюджаная ў XV ст. форма імя “Мікалай”) — пасцельнічы вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча. Яго абавязкам было расцілаць ложак гаспадара і падаваць яму пітную ваду, верагодна, каштуючы яе перад ужываннем. З-за магчымасці атручвання гэта пасада даставалася толькі самым давераным людзям. Таму няма нічога дзіўнага, што Клаўка падзяліў лёс свайго гаспадара, загінуўшы разам з ім падчас палацавага перавароту ў 1440 г. Каму пасля гэтага дасталіся яго нясвіжскія ўладанні, невядома. І толькі ў 1445 г. яны перайшлі Мікалаю Няміровічу, які да таго ж валодаў Усялюбам, Ішкалдзю, Жухавічамі і Лунінцам. Тагачасны Нясвіж быў невялікім умацаваным паселішчам, цэнтрам сельскагаспадарчай воласці, якому нічога не прадказвала слаўнай будучыні.

17 верасня 1784 г. з нагоды прыезда ў Нясвіж караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага адбылася прэм’ера оперы “Агатка, або Прыезд пана”, адной з першых прафесійных опер, створаных на Беларусі. Музыку да яе напісаў Ян Давід Голанд — капельмайстар прыдворнай капэлы Радзівілаў. Лібрэта — князь Мацей Радзівіл. І, вядома, пастаноўка наўрад ці была б магчымай без падтрымкі тагачаснага гаспадара Нясвіжа Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку. Апошні скарыстаў тыднёвае прабыванне манарха ў сваёй рэзідэнцыі, каб уразіць апошняга багаццем і ўплывам. Сюжэт п’есы просты. Прыгонная дзяўчына Агата кахае хлопца Антака, аднак падстараста Піяшка хоча перашкодзіць шлюбу і імкнецца выдаць Агату за другога. Ёй марна спрабуюць дапамагчы апякун і старая служанка, але толькі мудры пан, уладальнік вёскі, спыняе інтрыгу і даруе маладым шчасце. Магчыма, сюжэт утрымліваў схаванае пасланне да караля: “Стаўся да сваіх падданых гэтак жа, як пан у оперы ставіцца да сваіх”. Даследчыкі схіляюцца да думкі, што і кампазітар, і лібрэтыст падчас работы над “Агаткай” актыўна выкарыстоўвалі мясцовы, “нясвіжскі” фальклор, тыпажы галоўных герояў былі “спісаны” з мясцовага люду, а ў музыцы арганічна спалучаліся прафесійныя і народныя пачаткі. Магчыма, гэтым тлумачыцца неверагодная папулярнасць спектакля на землях Рэчы Паспалітай. Пасля Нясвіжа опера 40 гадоў не сыходзіла з польскай сцэны. Яе пастаноўкай у 1926 г. было адзначана 150-годдзе Варшаўскага тэатра. А вось у іншых еўрапейскіх краінах “Агатка”, наадварот, не здабыла папулярнасці, і, па некаторых звестках, ніколі не ставілася. Прычына не ў мастацкіх якасцях, а ў тым, што твор быў занадта мясцовы. У 1995 г. опера загучала на беларускай мове.

17 верасня 1912 г. у в. Пількаўшчына, недалёка ад Мядзеля, нарадзіўся Яўген Скурко, больш вядомы пад сваім творчым псеўданімам Максім Танк. Удзельнік заходнебеларускага вызваленчага руху, вязень польскіх турмаў, паэт, які заклікаў да барацьбы. У савецкі час Максім Танк атрымаў званне народнага паэта Беларусі, акадэміка, Героя Сацыялістычнай Працы. У такім тытулаваным статусе ў 1975 г. ён прыязджаў на лячэнне ў санаторый “Нясвіж”.

17 верасня 1939 г. пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. У 4 гадзіны раніцы перадавыя аддзелы ўступілі ў Нясвіж, які знаходзіўся паблізу савецка-польскай мяжы і занялі яго без бою. Пісьменнік Валянцін Катаеў, які наведаў горад некалькі пазней, занатаваў свае ўражанні: “Мы пад’язджалі да мястэчка Нясвіж. Навокал ляжалі неабсяжныя землі Радзівіла. Пачалі трапляцца заможныя вёскі — пабеленыя платы, крамы, шыльды аптэк, слясарных майстэрняў, краўцоў. Тут жывуць злейшыя ворагі беларускага народа — асаднікі. Па гэтых мясцінах лепей ехаць з расшпіленай кабурой рэвальвера… У Нясвіжы жыццё прыкметна наладжваецца: адчынены кавярні, некаторыя магазіны, рабочая гвардыя з чырвонымі павязкамі на рукавах і паляўнічымі стрэльбамі ў руках… Некалькі танкістаў гавораць з мясцовай жанчынай. Малады танкіст, адкрыўшы рот і прысеўшы ад цікаўнасці, глядзіць ёй у вочы і пытаецца:

— І магазіны ў вас прыватныя?

— Так.

— Зусім-зусім прыватныя!

— Так. Прыватныя.

Танкіст разгублена паглядзеў на таварышаў, пакруціў галавой і спачувальна ўздыхнуў:

— Ай-ай-яй!”.

Неўзабаве ў горадзе закіпела гаспадарчае жыццё. Сведка тых падзей Дз. Касмовіч прыгадваў: “Азёры былі спушчаны: пачалася лоўля карпаў і ачыстка вады ад зараснікаў. На княжацкіх палях работнікі пачалі выкопваць бульбу і заворваць на зіму палі, якія не былі прыведзены да ладу з-за ваенных падзеяў. У лясах брыгады, складзеныя з мясцовых жыхароў, нарыхтоўвалі дровы на зіму. На тарфяных балотах капалі торф і складалі сохнуць у спецыяльныя кубікі… Работы было вельмі шмат, але энергіі, волі і сілы ставала”.

А яшчэ ў Нясвіжы была арганізавана народная міліцыя. У першы ж дзень міліцыянеры арыштавалі і перадалі чырвонаармейцам 37 чалавек з ліку былых вайскоўцаў, чыноўнікаў, асаднікаў. Неўзабаве органамі НКВД былі арыштаваны яшчэ 15 чалавек. Прынамсі, такія лічбы агучыў наркам унутраных спраў Л. Берыя ў дакладной запісцы на імя І. Сталіна 21 верасня 1939 года.

Андрэй БЛІНЕЦ,

старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.