Невядомы помнік архітэктуры XVII ст.

Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі навуковая думка, выказаная аўтарытэтнымі даследчыкамі, апрыёры лічыцца аксіёмай, але калі выпадкова пачынаеш яе разглядаць больш падрабязна, то атрымліваецца, што не ўсё так адназначна і проста. З гісторыі Нясвіжскага езуіцкага калегіума вядома, што акрамя яго галоўнага храма Божага Цела, ён меў яшчэ некалькі культавых пляцовак: касцёл на Міхалавай гары пад Нясвіжам і каплічкі на Новым Месцы, у вёсках Рудаўка, Вужанка, Залужжа пад Стоўб-цамі, але яны, на думку некаторых даследчыкаў, не захаваліся. І калі адносна большасці пералічаных вышэй пляцовак  выказаная думка не выклікае пярэчанняў, то адносна існавання каплічкі ў в. Вужанка Нясвіжскага раёна сітуацыя не такая адназначная.

Вёска ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1560 г. у сувязі з наданнем вялікім  князем Жыгімонтам Аўгустам князю Мікалаю Радзівілу Чорнаму двух валок зямлі “на Ужанцы”. А ўжо праз чвэрць стагоддзя — 10 жніўня 1584 г. падчас выдачы фундуша на заснаванне ў Нясвіжы езуіцкага калегіума вёска Вужанка  разам з в. Рудаўкай (былое сяло Рудавае) была перада-дзена калегіуму Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам і, фактычна, разам з Рудаўкай яны сталі адным з элементаў эканамічнага падмурка яго існавання і развіцця. Безумоўна, з’яўляючыся ўладаннем ордэна езуітаў, у гэтых вёсках павінны былі знаходзіцца, як мінімум, драўляныя каталіцкія капліцы з самага пачатку пераходу іх пад уладу езуітаў. Аднак крыніцы аб гэтым пакуль маўчаць.

Толькі крыніцы канца XVIII ст. некалькі асвятляюць гэта пытанне.Інвентар фальварка Ужанка 1773 г., які захаваўся ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў, згадвае наяўнасць у ім невялікага мураванага касцёла ў гонар Яна Хрысціцеля, ў якім было тры алтары. Акрамя таго, і У. Сыракомля ў сваіх апісаннях наваколляў Нясвіжа згадвае наяўнасць у Вужанцы невялікага мураванага касцёла. А ў канцы ХІХ ст. у Вужанцы ўжо згадваецца мураваная каплічка, якая існуе і зараз, адносіцца да Гарадзейскай парафіі св. Юзафа, і прысвечана Маці Божай Вастрабрамскай.

Улічваючы факт існавання мураванай каплічкі ў Вужанцы як мінімум з канца XVIII ст. і той факт, што асноўнымі фундатарамі нясвіжскага калегіума езуітаў, як і астатніх каталіцкіх кляштараў у Нясвіжы і ў яго наваколлях, былі князі Радзівілы, то адразу ж узнікае пытанне, а ці не прымалі яны ўдзел у будаўніцтве касцёла ў Вужанцы, і калі гэта магло адбыцца?

Дакладна вядома пра будаўніцтва князем Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам, акрамя касцёлаў і кляштараў у Нясвіжы, капліцы св. Лазара (будучага касцёла св. Міхала) па дарозе з Нясвіжа на Капыль. Польскі гісторык ордэна езуітаў Е. Пашэнда са спасылкамі на архіўныя крыніцы сцвярджае, што Мікалай Радзівіл Сіротка акрамя Нясвіжа пабудаваў мураваныя касцёлы ў Міры, Чарнаўчыцах, Свержані і ў Дзераўной, але аб будаўніцтве касцёла ў Вужанцы не паведамляе.

Сучасная каплічка ў в. Вужанка мае прамакутную форму памерамі 11,78 х 7,93 м, арыен-таваную з паўднёвага захаду на паўночны усход, з апсідай радыусам каля 2 метраў, якая прымыкае да асноўнага аб’ёма каплічкі з паўночна-ўсходняга боку. Да апсіды з усходняга боку прымыкае яшчэ адно памяшканне паўкруглай формы агульнай плошчай каля 11 м кв., якое зараз выкарыстоўваецца як сакрыстыя. Але адразу бачна, што гэта больш позняя прыбудова да каплічкі, якой першапачаткова не існавала.

Каплічка асвятляецца з дапамогай чатырох вокнаў. Яна перакрыта двума скляпеннямі, над якімі ўзвышаецца дах. Вышыня каплічкі каля 9 метраў, з якіх 3 метры прыпадаюць на трохкутны франтон, які аддзелены ад асноўнага аб’ёму карнізам. У верхняй частцы франтона захавалася ляпніна ў выглядзе круга, у які ўстаўлены надпіс, выкананы лацінскімі літарамі «IHS» — Iesus Hominum Salvator (Ісус, збаўца чалавецтва).

Сёння каплічка абкладзена амаль з усіх бакоў сучаснай цэглай, што з’яўляецца вынікам ратавальных прац, якія былі выкананы ў 1990 г. мясцовымі жыхарамі. Але захаваныя фотаздымкі гэтага рамонту дазваляюць высвятліць яшчэ некаторыя важныя, але зараз страчаныя дэталі гэтай каплічкі. Так, на адным з фотаздымкаў 1990 г. выразна чытаюцца з абодвух бакоў ад дзвярэй, закладзеныя ўжо ў той час нішы, у якіх, верагодна, першапачаткова планавалася размясціць скульптуры святых.

 

Сапраўды каплічка ў 1990 г. патрабавала тэрміновага рамонту, бо яе сцены мелі шчыліны, але наколькі такі варыянт іх умацавання можна прызнаць удалым, цяжка сказаць. Тым болей, што некаторыя шчыліны так і не былі ўмацаваны і існуюць да сённяшняга дня. З іншага боку, выкананы рамонт зараз не дазваляе са знешняга боку сцен прасачыць памеры цэглы, з якой была пабудавана каплічка і тэхніку яе кладкі. Толькі ў адным месцы на апсідзе, якое не было абкладзена сучаснай цэглай і адвалілася тынкоўка, удалося прасачыць памеры цэглы, якая адпавядае памерам цэглы, што выкарыстоўвалася падчас будаўніцтва замка ў Нясвіжы. Цэгла падобных памераў была зафіксавана і ў мураваным алтары каплічкі. Такім чынам, гэта дазваляе ставіць пытанне, а ці не з’яўляецца сучасная каплічка ў в. Вужанка раней невядомым помнікам архітэктуры пачатку         XVII ст.?

У сувязі з гэтым прыцягвае ўвагу так званы альбом праект-ных чарцяжоў Я.М. Бернардоні, дзе на абароце 5 аркуша намаляваны праект прамакутнага касцёла, а пад праектам на польскай мове напісана: “Fundamenta kosczo?ka tego, ten jest urobioni f wolwarku kole[g]yum nieswizskiego, ma na dluz kosc [sic] lokszi 22 na serkosc lokczi 12”.

Хаця ў надпісе не сказана, ў якім фальварку нясвіжскага калегіума падмуркі гэтага касцёла былі ўжо закладзены, але яго агульны план і памеры адпавядаюць плану і памерам сучаснай каплічкі, размешчанай ва Ужанцы. Больш таго, на гэтым праектным плане касцёла паказаны і нішы для ўстаноўкі статуй святых, якія бачны як закладзеныя на адным з фотаздымкаў, выкананых падчас рамонту ўжанкаўскай каплічкі 1990 г. На захаваным плане ў алтарнай частцы касцёла паказаны дзве нішы. І ў алтарнай частцы вужанкаўскай каплічкі, з левага боку ад алтара, захавалася ў сцяне ніша памерамі 0,58 х 0,77 см і глыбі-нёй 0,5 м. А з правага боку ад алтара ніша была знішчана, верагодна, падчас прыбудовы сакрыстыі, і на месцы нішы быў арганізаваны праход з памяшкання касцёла ў сакрыстыю.

Усе гэтыя агульныя рысы, якія адзначаюцца ў праектным плане касцёла і сучаснай каплічкі ў Вужанцы, дазваляюць выказаць меркаванне, што на плане з так званага альбома    Я.М. Бернардоні паказаны касцёл, які быў пабудаваны ў фальварку нясвіжскага езуіцкага калегіума, размешчанага ў  в. Вужанка, які захаваўся да нашых дзён у некалькі змененым выглядзе. Хто быў аўтарам праекта касцёла ў Вужанцы, пакуль невядома. Ім мог быць як сам Я.М. Бернардоні, так і які-небудзь мясцовы дойлід, што працаваў пад яго наглядам.

Калі быў пабудаваны касцёл у Вужанцы — зараз цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё, яго праект быў складзены яшчэ на пачатку XVII ст., магчыма, падчас гаспадарання ў Нясвіжы Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Але больш дэталёва аб гэтым можна будзе казаць толькі пасля мэтанакіраваных археалагічных і архіўных даследаванняў. Але наўрад ці час яго будаўніцтва выходзіць за сярэдзіну XVII ст. Тым не менш, ужо зараз выразна прасочваюцца два этапы ў яго развіцці. Першы адносіцца да часоў будаўніцтва яго асноўнага аб’ёму, а другі тычыцца часу прыбудовы да асноўнага аб’ёму касцёла памяшкання сакрыстыі.

Яе яшчэ няма на праектным плане, не згадваецца яна і ў апі-санні касцёла св. Яна Хрысціцеля 1773 г. Але ў той самы час у інвентары фальварка 1773 г. згадваецца вялікая колькасць рэчаў, якая захоўваецца ў сакрыстыі. І дакладна пералічваюцца рэчы, якія адносяцца да таго ці іншага алтара касцёла. Таму можна меркаваць, што да 1773 г. сакрыстыя пры касцёле ўжо існавала. І тады час яе будаўніцтва, хутчэй за ўсё трэба аднесці альбо да часоў адра-джэння фальварка і касцёла пас-ля вайны 1654 — 1667 гг., калі Нясвіж і яго наваколлі два разы нішчылі рускія войскі, альбо гэта магло адбыцца пасля па-дзей 1706 г., пасля шведскага пагрому Нясвіжа і яго наваколляў.

Тым не менш, нягледзячы на існуючы на сённяшні дзень шэраг праблем з даціроўкай часу ўзвядзення каплічкі ў        в. Вужанка Нясвіжскага раёна, сам факт існавання раней невядомага помніка архітэктуры XVII ст., які не знаходзіцца на дзяржаўным уліку, выклікае занепакоенасць і патрабуе як ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь так і мясцовых улад тэрміновых дзеянняў па пастаноўцы помніка на дзяржаўны ўлік як аб’екта нерухомай гісторыка-культурнай спадчыны, яго паўнавартаснага абследавання, і прыняцця мер па захаванні яго стану. Бо, нягледзячы на рамонт 1990 г., ёсць пэўныя праблемы з гэтым.

Андрэй МЯЦЕЛЬСКІ,

старшы навуковы

супрацоўнік аддзела

крыніцазнаўства

і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі,

кандыдат гістарычных

навук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.