З малітвай за родны куток

Праз некалькі гадзін закончыцца 2020 год — апошні з трыяды гадоў, пазначаных назвай “год малой радзімы”. Шмат цікавага і значнага адбылося за гэты час у розных кутках нашага раёна — будаваліся новыя дамы, добраўпарадкаваліся тэрыторыі, праходзілі святы населеных пунктаў. А вось у вёсцы Каменка, што непадалёк ад аграгарадка Аношкі, нават з’явілася новая капліца, пабудаваная на месцы старой, якая не вытрымала выпрабавання часам.

28 жніўня 2019 года біскуп Слуцка-Салігорскай епархіі Антоній асвяціў гэту капліцу, пабудаваную ў гонар Іконы Божай Маці “Усецарыца”. Перад светлым цудадзейным абліччам Багародзіцы тут малітоўна просяць дапамогі ў ацаленні ад анкалогіі, а таксама ў вызваленні ад алкагольнай, наркатычнай і тытунёвай залежнасцей. Пачынаючы з 17 ліпеня гэтага года кожную пятніцу тут чытаецца акафіст Божай Маці “Усецарыца”, а службу вядзе настаяцель царквы Святой Праведнай Ганны вёскі Аношкі іерэй Васіль Краеў.

Гэта капліца, пабудаваная на сродкі жыхароў вёскі і іх нашчадкаў, стала сапраўдным гонарам Каменкі, яскравейшым доказам дзейснай любові да родных мясцін.

А пачалося ўсё звычайна — ураджэнцы вёскі вырашылі навесці парадак на мясцовых могілках, прыбраць вялікія старыя дрэвы, падзенне якіх магло моцна пашкодзіць шмат помнікаў. Гэта стала першым крокам да сённяшняга парадку на месцы памяці і смутку. 90 вялікіх дрэў у два заходы яшчэ ў 2017 годзе былі знесены сіламі прамысловых альпіністаў, якіх ініцыятары добрай справы знайшлі па рэкламе ў раённай газеце. Было высечана і кустоўе, пасля чаго могілкі набылі светлы і акуратны выгляд. Нельга забывацца і пра тое, што знесці дрэвы — гэта яшчэ не ўсё, шмат работы таксама трэба для таго, каб іх разрэзаць на часткі, буйныя — вывезці, а больш дробныя — галлё і кавалкі кары — спаліць непадалёк. У вывазе драўніны вельмі пасадзейнічала ААТ “Новае жыццё”, а Казлоўскі сельвыканкам арганізаваў работу па здрабненні пнёў, па магчымасці, дапамог і ў вывазцы.

Вядома, без душэўнага запалу людзей — сапраўдных патрыётаў роднага кутка, — нічога б не атрымалася. Нераўнадушныя і актыўныя Ірына Була, Іван Міхнавец, Таццяна Краўцова, Ірына Мядзведзь, Данута Карачун, Лілія Туціна, Канстанцін Зялёнка, Міхаіл Салянік, Міхаіл Нагорны, Зінаіда Шымановіч, Аліна Воранава і іншыя жыхары і ўраджэнцы Каменкі не шкадавалі асабістага часу, сіл і сродкаў для добрай справы. Не застаўся ўбаку і іерэй Васіль Краеў, які хоць і не нарадзіўся на зямлі Нясвіжчыны, але ў поўнай меры раздзяліў клопаты сваіх прыха-джан — як душэўна, так і фізічна, працуючы на ўборцы.

— Калі могілкі ачысціліся, — расказвае яшчэ адна ўдзельніца ініцыятыўнай групы па іх добраўпарадкаванні Ірына Аляксееўна Зялёнка (зараз яна жыве ў Снове), — увагу адразу прыцягнула наша старэнькая каплічка, што стаіць на іх. Прыхаваная хмызняком, раней яна не так сумна кідалася ў вочы, а пасля ўборкі дрэў стала яскрава відаць, што яе трэба ратаваць — адна са сцен магла проста рассыпацца.

Унутраны выгляд капліцы

Калі вяскоўцы звярнуліся да спецыялістаў-будаўнікоў, адказ быў несуцяшальны: будынак лягчэй знесці і паставіць на яго месцы новы, чым рамантаваць стары. І тут каменкаўцы вырашылі не адступаць: месца для малітвы на могілках павінна быць. Няхай невялікае, не шыкоўнае, але затое — роднае, сваё. І пачалі збіраць сродкі на будоўлю. Для гэтага “кінулі кліч” і праз інтэрнэт, і асабіста тэлефанавалі многім былым жыхарам вёскі і іх нашчадкам, каб тыя ўнеслі свой пасільны ўклад у будаўніцтва капліцы.    У гэту справу актыўна ўключыліся Ірына Паўлоўская, Антаніна Марук, узгаданыя вышэй Ірына Була і Ірына Зялёнка, Марыя Драчан і іншыя. Як расказала Марыя Іванаўна, званкі былі зроблены і ў Брэст, і ў Гродна, і ў Віцебск, і ў Расію, і ў Германію, і ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Ураджэнцаў вёскі шукалі па ўсіх мерыдыянах.

Зараз ужо цяжка пералічыць, праз колькі складанасцей і выпрабаванняў прайшлі тыя, хто шчыраваў над адраджэннем былой капліцы, — як няпроста было спачатку арганізаваць знос старога будынка, а ўжо потым узвесці на яго месцы новы пры самых неспрыяльных умовах надвор’я. Як не дзіўна, на гэта спатрэбілася ўсяго паўгода.

Нездарма на памятнай дошцы, якая вісіць на маленькім храме, напісаны словы: “Слава, честь и мир всякому, делающему благое”. Добрая справа перамагла, і да яе перамогі спрычыніліся многія людзі — і тыя, што збіралі сродкі на будоўлю, і тыя, што непасрэдна працавалі на ёй, і тыя, хто падараваў у новую капліцу іконы і неабходныя для яе афармлення прадметы. Напрыклад, Канстанцін Зялёнка ўласнаручна вырабіў вокны, сталы, лаўкі і ножкі для падсвечнікаў і абразоў, якія зараз упрыгожваюць унутраны выгляд капліцы. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Гэтак жа, як шмат можна расказваць пра любоў жыхароў Каменкі да роднай зямлі. Тут ёсць музей “Родны Кут”, створаны ўраджэнцамі вёскі (пра што мы ўжо расказвалі на старонках “НН”), пра яе зняты трохсерыйны дакументальны фільм “Каменка — сэрца час-цінка мая”, у якім жыхары вёскі распавялі гісторыю сваёй малой радзімы.

І, вядома, у гэту гісторыю будуць залатымі літарамі ўпісаны імёны не толькі тых, хто названы ў гэтым артыкуле, але абсалютна ўсіх, хто ўнёс свой уклад у навядзенне парадку і аднаўленне храма на роднай зямлі. А мы, жыхары Нясвіжчыны, можам аддзячыць той зямлі, што дала нам жыццё, толькі адным — быць на ёй дбайнымі, мудрымі гаспадарамі.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота аўтара

і з групы “Каменка. Нясвіжскі раён” у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.