Жыццёвае крэда Марыі Мікалаеўны Худой

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

“Уставаць раніцай першай і класціся спаць апошняй, цалкам аддавацца даручанай справе, жыць для людзей — гэты прынцып стаў жыццёвым крэдам для мяне. Сама, без шафёра, я з усходам сонца аб’язджала фермы, палі, а потым з поўным веданнем справы праводзіла нарады-планёркі са спецыялістамі”, — так расказвае пра  сваё старшынёўства ў калгасе “1 Мая”, якое прыпала на 1977 — 1979 гады, ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа Марыя Мікалаеўна Худая (кніга “Гэта наша з табой біяграфія…”, 2013 г.).

Выхадца з вёскі (нарадзілася ў Сякерычах Клецкага раёна), маючы сельскагаспадарчую адукацыю, яна не магла, не ўмела працаваць інакш. Толькі — сумленна, толькі — разам з людзьмі. У полі, на фермах, на машынным двары. Аддавала зямлі ўсе сілы і веды і дбайна сачыла, каб ніхто яе, зямлю-карміцельку, не абманваў.

Амаль 30 гадоў адпрацаваўшы ў нашым раёне, Марыя Мікалаеўна зрабіла вялікі ўклад у яго развіццё. Прыступкі яе працоўнага шляху на Нясвіжчыне выглядаюць наступным чынам: пасля заканчэння тэхнікума — галоўны бухгалтар, галоўны эканаміст, намеснік старшыні калгаса “Ленінскі шлях” і сакратар партыйнай арганізацыі; завочная вучоба ў Беларускай сельгасакадэміі, у Маскоўскай сельгасакадэміі імя Ціміразева, Мінскай вышэйшай партыйнай школе; старшыня калгаса “1 Мая”; начальнік райсельгасупраўлення; старшыня выканкама Нясвіжскага райсавета народных дэпутатаў; першы сакратар Нясвіжскага раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі.

Справы ў Марыі Мікалаеўны ішлі нядрэнна і ў калгасах, і на пасадах раённага ўзроўню. Таму што глыбока ўнікала ва ўсе пытанні, умела арганізаваць людзей, вучылася сама і вучыла іншых, своечасова падтрымлівала і падказвала, строга патрабавала. Кантралявала ўсе вытворчыя працэсы, клапацілася па-гаспадарску, каб затраты акупляліся, каб праца прыносіла прыбытак. І задавальненне. Раён упэўнена падымаўся па вытворчых паказчыках, па ўсім сацыяльна-эканамічным развіцці. Першым сакратаром райкама партыі М.М. Худая адпрацавала 5 гадоў. Гэта быў напружаны і плённы перыяд у яе жыцці, лічыць мая суразмоўца. У раёне шмат будавалі, вырасталі жылыя дамы, новыя жывёлагадоўчыя фермы і комплексы. У актыве М.М. Худой і такі значны аб’ект, як гарадскія ачышчальныя збудаванні. Іх фінансавання яна дабілася ў Маскве, калі працавала старшынёй выканкама райсавета. Сённяшні агракамбінат “Нясвіжскі” быў у свой час таксама вялікай будаўнічай пляцоўкай пры пэўных намаганнях М.М. Худой. Новы пасёлак, ферма, цяпліца з выкарыстаннем цяпла як другаснай сыравіны… Гэта Марыя Мікалаеўна “выхадзіла” ў кабінетах Дзяржплана СССР. Эканоміка выйшла на перадавыя рубяжы. У 1987 годзе атрымалі рэкордны ў рэспубліцы ўраджай збожжавых культур — па 53 цэнтнеры з гектара. У 1988 годзе надой малака на адну фуражную карову дасягнуў 4 тысячы кілаграмаў, на сто гектараў сельгасугоддзяў яго атрымалі 1 001 цэнтнер, а мяса — 282 цэнтнеры. Гэта быў прарыў. І хоць 1988-ы працаўнікі раёна завяршалі ўжо без М.М. Худой (яна перайшла на іншую работу), яе ўклад у дасягненні, безумоўна, быў неацэнны.

— Трэба падкрэсліць, што мы пастаянна вучыліся гаспадарыць, — расказвае Марыя Мікалаеўна. — З уводам у строй дзеючых Гарадзейскага цукровага завода ў нас паўстала праблема забеспячэння яго сыравінай. Бурачныя палеткі раёна давалі тады па 200 — 250 цэнтнераў з гектара салодкага кораня. У той час як у Гродзенскай вобласці — па 400 — 500 цэнтнераў. І мы ездзілі да суседзяў пераймаць вопыт. Больш за год наведваліся да іх па перыядах сельгасработ: падчас пасяўной, догляду пасеваў, уборкі. Ездзілі на Гродзеншчыну кіраўнікі, галоўныя спецыялісты. Дома яны вучылі механізатараў. А механізатары, асвоіўшы новыя тэхналогіі, станавіліся сапраўднымі майстрамі сваёй справы, набіраліся вопыту і пасля перадавалі яго сваім маладым калегам.

Гэта вельмі важна — работа з людзьмі, і асабліва — падрыхтоўка кадраў, зноў і зноў падкрэслівае суразмоўца. З 17-і гадоў, якія яна адпрацавала ў калгасе “Ленінскі шлях”, 10 гадоў “цягнула воз” на трох пасадах: была галоўным эканамістам, адначасова — намеснікам старшыні калгаса і сакратаром партыйнай арганізацыі. Дзесяць гадоў — лічбы і людзі, людзі і лічбы… Лічбам аддаваліся яе акуратнасць, дакладнасць, кампетэнтнасць. Людзям — душа і сэрца, разважлівасць і справядлівасць. Да яе ішлі з усякімі пытаннямі і праблемамі — у розныя гады: і ў калгасах, і пазней, калі кіравала раёнам, і калі стала дэпутатам на прафесійнай аснове.

— Пры падборы кадраў я заўсёды раілася з людзьмі, — кажа Марыя Мікалаеўна. — Памятаю, як у 1988 годзе мы рэкамендавалі старшыню калгаса “Рассвет” Міхаіла Карчміта на пасаду старшыні калгаса імя Калініна (цяпер — СВК “Агракамбінат Сноў”).

Снаўчане не жадалі прымаць чалавека збоку. Я аб’ехала ўсе фермы, брыгады, машынны двор, пераконвала людзей, прасіла іх, каб далі сваю згоду і выбралі кіраўніком Карчміта. Добра ведала яго характар, хватку, патрабавальнасць, імкненне да ўсяго новага і была ўпэўнена, што іменна такі чалавек патрэбен у такой вялікай і знакамітай гаспадарцы. Рада, што Міхаіл Аляксандравіч апраўдаў спадзяванні. Напэўна, гэта самае дарагое для мяне — слава “Снова” і Зорка Героя Карчміта.

Працуючы і ў абласных структурах, Марыя Худая ініцыіравала неабходнасць пастаяннай работы з людзьмі. Да яе меркаванняў прыслухоўваліся. Пачалі падводзіць вынікі работы маладых працаўнікоў, а таксама сустрэчы з ветэранамі вытворчасці, якія ўсё жыццё сумленна шчыравалі дзеля дабрабыту Міншчыны. Я размаўляла з гэтымі людзьмі, брала інтэрв’ю. Яны шчыра, узрушана дзякавалі за ўвагу, расказвалі пра сваю маладосць, пра цяжкія працоўныя будні ў 50 — 80-я гады. Іх трэба паважаць. І, у сваю чаргу, заахвочваць моладзь да добрых спраў, да яркіх здзяйсненняў. Людзей заўсёды называюць залатым фондам гаспадаркі, прадпрыемства, раёна, іх натруджанымі рукамі стваралася і ствараецца багацце. Марыя Худая заўсёды гэта памятала і нагадвала маладым калегам.

З лістапада 1988 года да лютага 1996-га М.М. Худая узначальвала Мінскі абласны камітэт па экалогіі. Яна стала ініцыятарам фарміравання экалагічнага фонду, за сродкі якога будавалі водазаборы, палігоны для цвёрдых бытавых адходаў, сістэмы ачысткі выкідаў у паветра прамысловымі прадпрыемствамі. Пачалі рэкультывацыю адпрацаваных кар’ераў, упарадкоўванне тэрыторыі населеных пунктаў. У Нясвіжы рэканструявалі парк і ачышчальныя збудаванні.

Вялікую ўвагу надавала Марыя Мікалаеўна экалагічнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Стала ініцыятарам правядзення ў вобласці дзіцячых экалагічных форумаў. Яны цяпер штогод праходзяць на Міншчыне, выйшлі і на рэспубліканскі ўзровень. У 2013 годзе быў заснаваны пераходны прыз “Экалагічны глобус Худой Марыі Мікалаеўны” для лепшай арганізацыі Нясвіжчыны па прапагандзе экалагічных ведаў. Мая суразмоўца за ўласныя грошы заказала хрустальны глобус на Барысаўскім хрустальным заводзе.

Выкананне сваіх прамых службовых абавязкаў М.М. Худая ўмела спалучала з грамадскай дзейнасцю. Яе выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 8-га і 13-га скліканняў. Затым на працягу трох скліканняў (1995, 2000 і 2004 гады) — дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Працавала на пастаяннай аснове намеснікам старшыні камісіі па праблемах аварыі на Чарнобыльскай АЭС, экалогіі і прыродакарыстанні. Адначасова была старшынёй пастаяннай камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварыі. Каб правесці ў жыццё рашэнне аб фінансаванні аб’ектаў, неабходных для ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, якое чамусьці тармазілася, Марыя Худая асабіста пабывала на прыёме ў міністраў фінансаў і аховы здароўя Саюза нашых дзяржаў, дабілася свайго і справа зрушылася з месца. Так што яна — адзін з ініцыятараў будаўніцтва Гомельскага спецыялізаванага дыспансера і Скідзельскага завода медпрэпаратаў. Дарэчы, іменна пра гэты факт я даведалася ад Марыі Мікалаеўны на днях, рыхтуючы сённяшнюю публікацыю, хаця, раней пісала пра яе. Магчыма, з-за сціпласці мая суразмоўца не пералічвала ўсе свае добрыя справы, а магчыма, іх было так многа, што ўсіх і не ўспомніш.

2 кастрычніка 1997 года ў складзе беларускай дэлегацыі М.М. Худая ўдзельнічала ў падпісанні гістарычнага дагавора “Аб Саюзе Беларусі і Расіі”. Яна з’яўлялася прэзідэнтам аддзялення грамадскага аб’яднання “Міжнародны жаночы саюз “Адзінства” ў Рэспубліцы Беларусь.

Працавітасць, адданасць справе Марыі Мікалаеўны Худой адзначаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў і ордэнам Пашаны.

Рыхтуючы гэту замалёўку пра Марыю Мікалаеўну ў сувязі з яе 80-гадовым юбілеем, я папрасіла сказаць пра яе ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа Леаніда Крупца, які ў свой час кіраваў Нясвіжскім раёнам, Мінскай вобласцю, узначальваў дыпламатычную місію нашай краіны ў Бразіліі.

—Марыю Мікалаеўну ведаю з 1984 года, калі я з жонкай прыехаў працаваць на Гарадзейскі цукровы камбінат. А з 1985 года працаваў пад яе кіраўніцтвам у Нясвіжскім райкаме партыі, — апавядае Леанід Фёдаравіч. — І практычна ўсе гады пастаянна падтрымліваў сувязь з ёй. Больш цесныя кантакты былі падчас маёй работы намеснікам старшыні і старшынёй Нясвіжскага райвыканкама, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Хачу сказаць вось што: дзе б яна ні працавала, якую пасаду ні займала, Марыя Мікалаеўна заўсёды перажывала за стан спраў у раёне і вобласці, старалася дапамагчы, падказаць. Гэта вельмі працаздольны і актыўны, сумленны і справядлівы чалавек, аналітык і працаголік. І многае, што дасягнута ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і вобласці, звязана з яе імем і працай.

Я ўдзячны лёсу за такога Настаўніка і Сябра. Жадаю Марыі Мікалаеўне моцнага здароўя, вытрымкі, аптымізму, добрага настрою і даўгалецця.

Пасля работы ў Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі М.М. Худая на грамадскіх пачатках узначальвала Мінскую абласную арганізацыю Камуністычнай партыі Беларусі, абласны каардынацыйны савет палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Цяпер з’яўляецца членам ЦК і членам бюро абласной арганізацыі Кампартыі. А таксама ўваходзіць у савет старэйшын Мінскага аблвыканкама. Яна застаецца вернай сваім прынцыпам, свайму крэда — быць у гушчыні людзей, працаваць для людзей.

Напрыканцы нашай гутаркі Марыя Мікалаеўны сказала:

—Мая велізарная ўдзячнасць людзям за той давер, які яны мне аказвалі, за сумесныя плённыя гады працы.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ, член Беларускага саюза журналістаў.

Фота з архіва рэдакцыі.


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.