У 1995 г. адкрыты Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. Як стваралі “Скарбонку Нясвіжчыны”

“1995 г. Адкрыты Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. Сярод найбольш цікавых экспанатаў — сярэбраны кубак з выявай

Б. Радзівіла, падлогавы гадзіннік і мэбля сярэдзіны ХІХ стагоддзя”.

Газета “СБ. Беларусь сегодня” за 14 студзеня 2020 г., вынятка з рубрыкі “Каляндар памятных дат і падзей”.

За сціслымі радкамі пра Нясвіжскі музей, 25 гадоў з дня адкрыцця якога споўнілася 14 студзеня, стаіць вялікая і насычаная работа. Работа і на працягу гэтай чвэрці стагоддзя, і раней, калі музея яшчэ не было, але экспанаты збіраліся.

Пра ўзнікненне і станаўленне гэтай важнай і ў культурным, і ў гістарычным плане ўстановы я папрасіла расказаць першага дырэктара музея Міхаіла Мацэля, які цяпер працуе намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Музей ён узначальваў з верасня 1991 года па сту-дзень 1996 года.

Заўважце: музей ствараўся ў нялёгкія для рэспублікі часы. Развал Савецкага Саюза, роспуск яго кіруючай сілы — Камуністычнай партыі. Абломкі ідэй, веры, эканамічных і культурных сувязей. Разброд і шатанні… Насуперак цяжкасцям, у нашым невялікім старажытным райцэнтры займаліся стваральнай працай. Стваралі дом, каб пасяліць у ім гісторыю, каб захаваць яе дакументы, рарытэты для будучых пакаленняў.

Міхаіл Міхайлавіч апавядае:

— Пад раённы гісторыка-края-знаўчы музей аддалі будынак канца ХІХ стагоддзя па адрасе: вуліца Ленінская, 96. Там раней размяшчаліся склады вайсковай часці, рэшткі скрынак з амуніцыяй вывозілі яшчэ пры мне. Будыніна выклікала засмучэнне: дах у цэнтры і на паўднёвым баку быў правалены, больш-менш захаваўся толькі на паўночным баку. Рамонтныя работы і пачалі з даху. На 70 працэнтаў замянілі кроквенную сістэму, поўнасцю — латы, па-клалі новую бляху. Унутры сцены атынкавалі — спецыялісты тут працавалі выдатныя. А вяла ўсе работы “Белрэстаўрацыя”. Што засталося аўтэнтычнае?  Сцены з чырвонай цэглы, у тым ліку і ў падвале. “Родная” плітка сярэдзіны ХІХ стагоддзя засталася на палавіне падлогі ў выставачнай зале і ля ўваходу ў памяшканне.

Каб надаць будынку нейкую ўрачыстасць, асаблівасць, архітэктары прапанавалі прыбудаваць уваходную галерэю. І яна ўпісалася вельмі ўдала, гарманіруе з самім будынкам.

Я доўга думаў, якую назву нашай установы вынесці на фасад, каб кожнаму было зразумела, што тут знаходзіцца, усё-такі будынак стаіць на ўездзе ў цэнтр горада. Поўная назва месціцца на шыльдзе. А над уваходам вялікімі літарамі — слова “МУЗЕЙ”. Коратка і ясна, і відаць здалёк.

— Вы як дырэктар кантралявалі работы рамонтнікаў і рэстаўратараў, займаліся гаспадарчымі справамі і адначасова — распрацоўкай экспазіцыі, зборам матэрыялаў…

— Спачатку ў штаце я быў адзін. Так, збіраў экспанаты, вадзіў экскурсіі ў парк, у замак, дзе тады яшчэ размяшчаўся санаторый. Потым з’явіліся захавальнік фондаў, наглядальнік. Экспанатаў было шмат сабрана, яны знаходзіліся ў кватэры, якая належала жыллёва-камунальнай гаспадарцы, у доме № 9 па вуліцы Карла Лібкнехта. Яна і была нашым прытулкам на першым часе. Экспанаты трэба было класіфікаваць, апісваць. І збіраць. У горадзе, у вёсках. Людзі па-рознаму аддавалі рэчы ў музей. Адны проста развітваліся з імі па дабрыні душэўнай, другія давалі часова, напавер, трэція — каб зарабіць хоць якую капейку на жыццё, бо гады тыя былі цяжкімі. Плаціць многа за рарытэты наш аддзел культуры не мог — тады ўсе былі беднымі, і дзяржава, і яе грама-дзяне. Бывала, каб не страціць вельмі каштоўнай рэчы, разлічваўся з чалавекам з уласнай кішэні. Напрыклад, за сярэбраны кубак пачатку ХVІІІ стагоддзя я заплаціў несвіжаніну 20 рублёў, у той час за іх можна было набыць 100 боханаў хлеба. У гэтым кубку ў сям’і гара-джаніна трымалі цукар. Грошай для пражыцця не хапала, вось і прадалі. Спецыялісты вызначылі потым, што кошт гэтай рэчы значна вышэйшы.

А які выдатны кавальскі мех мы набылі! Тадышні дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі Іван Паўлавіч Загрышаў высока яго ацаніў, казаў, што такой велічыні кавальскі мех яны ў музеях яшчэ не сустракалі.

Ішлі 90-я гады. Не хапала ні грошай, ні матэрыялаў. Цяжка было працаваць. І трэба падзякаваць мясцовай уладзе, што сродкі ўсё ж неяк знаходзілі, каб у нашым горадзе з’явіўся такі прыгожы і дыхтоўны музей.

— Дзень адкрыцця яго памятаеце?

— Гэта было 14 студзеня 1995 года, напярэдадні 55-годдзя раёна. У Нясвіжы якраз праходзіла сумеснае пася-джэнне сесіі раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама, пасля яго ўсе наведаліся да нас на ўрачыстасць. Памятаю: мароз тады быў градусаў пад 20. А ў душы — цеплыня, радасць і задавальненне ад зробленага.

— Давайце сёння разам з вашымі гасцямі пройдзем па музейных залах 25-гадовай даўнасці.

— Над тэматычным планам экспазіцыі таксама давялося шмат папрацаваць. Першую залу назвалі “Этнаграфія беларускай вёскі”, другую — “Рамёствы Нясвіжчыны”, дзе, дарэчы, месціўся і наш знакаміты кавальскі мех, гэта пазней аб’ект “Кузня” выдзелілі ў асобным будынку. Трэцюю залу прысвяцілі гораду, гісторыі роду князёў Радзівілаў, аформілі куточак мешчаніна. Чацвёртую —ваенным падзеям, і ўрачыста адкрывалі яе пазней, у маі 1995-га, да 50-годдзя Вялікай Перамогі. Пятая зала — “Захаваныя каштоўнасці”, дзе размясцілі каля 50 крыжоў распяцця (ліццё) і абразоў канца ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзяў, якія былі перададзены з Гродзенскай і Брэсцкай мытняў. Адкрывалі яе ў кастрычніку 95-га года. І шостая зала — выставачная, дзе праходзяць таксама і пасяджэнні. Іменна ў ёй восенню 1994 года ў музеі была адкрыта першая выстава —  “Нясвіжская скарбніца”. Экспа-наты для яе прадаставілі Нацыя-нальны музей гісторыі і культуры Беларусі і Аб’яднанне літаратурных музеяў Беларусі. Дэбютнай для Нясвіжа стала выстава карцін дынастыі Гоманавых: народнага мастака Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Кірылавіча, яго сына Леаніда і ўнучкі Ганны.

Пазней былі дзве добрыя выставы Мікалая Рэрыха. Выстава тадышняга старшыні Саюза мастакоў Беларусі Уладзіміра Стальмашонка.

У чэрвені 1996 года быў адкрыты філіял раённага музея — музей-кватэра беларускага мастака, несвіжаніна Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука. Сеўрук — знакавая фігура для Нясвіж-чыны. І тыя больш за тысячу адзінак яго калекцыі (карціны, рэчы) — сапраўдны скарб і для музейных работнікаў, і для грамадства наогул.

— Міхаіл Міхайлавіч, вы — гісторык. Але, каб стварыць такую добрую экспазі-цыю, патрэбны былі веды, талент, намаганні прадстаўнікоў і іншых прафесій. Хто дапамагаў, хто працаваў разам з вамі?

— Вельмі дапамог тады і пазней удзельнічаў у абнаўленні экспазіцыі цудоўны дызайнер Уладзімір Берташ, наш зямляк (ён родам з Гусакоў). Мастак са Снова Вячаслаў Грабёнка, мастак з Нясвіжа Міхаіл Канавалаў. Уладзіслаў Палівода, былы архітэктар з Мінска. Дызайнер Валерый Стрэчань. Мастакі Уладзімір Лукша і Уладзімір Клімушка.

— Наш гісторыка-края-знаўчы музей знешне вельмі грунтоўны, сур’ёзны, нават строгі. Архітэктурай, аўтэнтычнымі цаглянымі сценамі будынак адпавядае ўнутранаму зместу, свайму прызначэнню. У побыце яго часам з любоўю так і называюць: чырвоны музей. А калі б у Нясвіжы не было такога будынка?

— Напэўна, яго трэба было б пабудаваць. Пад музей. Бо тады яшчэ не думалі, што расфарміруюць санаторый і будзе створаны Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”. Аддзелу культуры райвыканкама пашанцавала, што яму аддалі гэты будынак. Падобных сярод раённых музеяў вобласці няма. І пра экспазіцыю таксама кажуць, хто прыязджае, што яна — адна з лепшых у краіне сярод раённых музеяў. Ён заваёўваў прэстыжныя месцы сярод сабе падобных і ў вобласці, і ў рэспубліцы. Так, у 2008-м            і 2013-м прызнаны лепшым    музеем года Міншчыны, у 2014-м заняў 3 месца на міжнародным форуме за навуковую распрацоўку канцэпцыі. Тут ёсць што паказаць. Калектыў працуе над папаўненнем фондаў,  распрацоў-вае новыя тэмы экскурсій,    афармляе новыя выставы са сваіх фондаў і завозіць з іншых мясцін. Вядома, раённаму музею сёння цяжка канкурыраваць з музеем-запаведнікам “Нясвіж”. Але яго супрацоўнікі знаходзяць нейкія свае “разыначкі”, каб за-цікавіць наведвальнікаў. Яны малайцы, прапануюць розныя па-знавальныя выставы (значкоў, цацак, грошай савецкіх часоў, птушкак, жывёлін і іншае). Актыўна супрацоўнічаюць са сталічнымі музеямі, з прыватнымі калекцыянерамі. Арганізуюць розныя мерапрыемствы. Школьнікі, дзеці з дашкольных устаноў горада і раёна, ды і дарослыя — таксама, з цікавасцю разглядаюць экспанаты, удзельнічаюць у квэстах.

— Што пакінула ў душы праца ў музеі?

— Свой добры след. Усё памятаецца: праблемы, турботы. І ёсць задавальненне: ты многае тут зрабіў. Праязджаю міма, гляну і падумаю: мой музей…

— Дзякуй, Міхаіл Міхайлавіч, за грунтоўны і цікавы расказ.

А пра сённяшні дзень су-працоўнікаў Нясвіжскага гісто-рыка-краязнаўчага музея газета раскажа сваім чытачам крыху пазней. Наперадзе — іх прафесійнае свята.

Інтэрв’ю правяла

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.