Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19-20 лютага зрабіў афіцыйны візіт у Егіпет. Беларускі лідар правёў у Каіры перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прайшла ў прэзідэнцкім палацы «Аль-Ітыхадыя». Спачатку сустрэча праходзіла ў фармаце сам-насам, потым да кіраўнікоў дзяржаў далучыліся члены дэлегацый.

Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся ў Каіры са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Егіпта Алі Абдэлем аль-Саедам.

Ключавыя беларуска-егіпецкія праекты

Цяпер Беларусь і Егіпет працуюць прыкладна над дзясяткам праектаў, палавіна з іх арыентавана на прамысловую кааперацыю. Бакі пашыраюць вытворчасці тэхнікі МАЗ і МТЗ, «Бабруйскаграмаша», «Амкадора», Мінскага маторнага завода.

Перад краінамі стаіць задача не проста вырабіць тэхніку, але і арганізаваць устойлівыя продажы, сэрвіснае абслугоўванне і падрыхтоўку персаналу.

Развіваюць супрацоўніцтва і навуковыя арганізацыі дзвюх краін. У 2019 годзе яны на ўмовах суфінансавання займаліся даследчымі праектамі ў сферах тэхналогіі металаў, парашковай металургіі, генетыкі, агульнай і неарганічнай хіміі.

Беларусь таксама хоча пашырыць пастаўку ў Егіпет прадукцыі дрэваапрацоўкі і мэблі. Прычым тут бакі не абмяжоўваюцца пастаўкамі: беларускі бок рыхтуе кадры для дрэваапрацоўчай і мэблевай галіны Егіпта. У 2019 годзе выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта правялі ў Егіпце першыя вучэбныя курсы па дызайне і вытворчасці мэблі. Гэту практыку плануюць прадоўжыць і ў бягучым годзе.

Сярод іншых праектаў у адукацыі — стварэнне сумеснага інжынернага факультэта сіламі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Табінскага металургічнага інстытута. У кастрычніку 2019-га ўжо былі набраны першыя студэнты. Цяпер яны вывучаюць рускую мову, а восенню будуць залічаны на першы курс у БНТУ.

Што думае бізнес

Адначасова з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Каіры праходзіла кантактна-кааперацыйная біржа. Перагаворы праводзілі больш як 30 беларускіх і каля 120 егіпецкіх кампаній. Як расказаў журналістам старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч, бакі рыхтуюцца заключыць новыя пагадненні і кантракты. «Кампаніі прадстаўляюць розныя сферы, пачынаючы ад машынабудавання, нафтахіміі, тэкстыльнай прамысловасці, прадуктаў харчавання, высокіх тэхналогій», — адзначыў ён.

На думку Уладзіміра Улаховіча, супрацоўніцтва паміж краінамі ў машынабудаванні патрабуе больш дынамічнага развіцця. «Тут трэба надаць неабходную дынаміку, таму што вельмі сур’ёзны рынак», — падкрэсліў старшыня БелГПП.

Сярод новых ініцыятыў — праект па ачыстцы вады. У егіпецкіх правінцыях гэта тэма выклікала вялікі інтарэс. Падрабязнасці будуць абмяркоўвацца ў Каіры на беларуска-егіпецкім бізнес-форуме. «Навука — новы напрамак, наша супрацоўніцтва тут развіваецца вельмі інтэнсіўна. Ёсць сур’ёзныя тэхналагічныя нішы, па якіх можна працаваць», — дадаў Уладзімір Улаховіч.

Паводле яго слоў, з сумеснай прадукцыяй Беларусь і Егіпет могуць выходзіць на краіны Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу. Менавіта з арыенцірам на гэта трэба развіваць супрацоўніцтва.

Як развіваліся адносіны паміж краінамі

Цяперашні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет ужо трэці за гісторыю двухбаковых адносін. Раней кіраўнік дзяржавы наведваў Каір у 1998 і 2017 гадах. У чэрвені 2019-га адбыўся першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Егіпта ў Беларусь. У 2015 годзе лідары дзвюх краін правялі сустрэчу на палях Генеральнай асамблеі ААН. Такім чынам, адбылася ўжо чацвёртая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Абдэль Фатахам ас-Сісі.

Тавараабарот паміж краінамі ў 2019 годзе вырас на 32% да $142 млн. Пры гэтым беларускі экспарт склаў $116,5 млн, павялічыўшыся на 40%. За тры гады з часу апошняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Каір Беларусь і Егіпет нагандлявалі больш як на трэць мільярда долараў.

«Працуем на ўсю Паўночную Афрыку» — Беларусь і Егіпет робяць стаўку на сумесныя прадпрыемствы

Беларусь і Егіпет вырашылі рабіць стаўку на сумесныя прадпрыемствы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў журналістам пасля перагавораў у Каіры з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі.

«Беларусь і Егіпет з’яўляюцца важнымі партнёрамі. У нас вялікія перспектывы. За апошні час мы значна рушылі наперад у нашым супрацоўніцтве. Гэтаму садзейнічае пастаянны дыялог паміж Мінскам і Каірам. У нас няма закрытых тэм, усе пытанні з Прэзідэнтам абмяркоўваем грунтоўна і адкрыта. Менавіта такімі былі і сённяшнія перагаворы», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асноўную ўвагу на перагаворах прэзідэнты ўдзялілі гандлёва-эканамічным сувязям. «Прыемна адзначыць, што дамоўленасці аб узаемадзеянні ў гэтай сферы ў цэлым выконваюцца: і беларускі, і егіпецкі бакі прыкладаюць для гэтага ўсе намаганні», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, добрыя сумесныя напрацоўкі ёсць у прамысловай, ваенна-тэхнічнай, сельскагаспадарчай, навуковай, гуманітарнай галінах. У сферы прамысловай кааперацыі краіны пачыналі з праектаў па стварэнні ў Егіпце зборачных вытворчасцей. Арганізавана зборка тэхнікі Мінскага аўтамабільнага і Мінскага трактарнага заводаў. У бліжэйшай перспектыве пачнецца выпуск прадукцыі «Бабруйскаграмаша», «Амкадора», рухавікоў Мінскага маторнага завода.

«Перакананы, што развіццё прамысловай кааперацыі цалкам адпавядае інтарэсам дзвюх дзяржаў і дае магчымасць забяспечыць выхад на рынкі суседніх афрыканскіх краін, што для нас вельмі важна. Дай бог асвоіць стамільённы рынак Егіпта. З Каіра разам працуем практычна на ўсю Паўночную Афрыку і разглядаем варыянты далейшага сумеснага руху па кантыненце», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Патэнцыял беларускі бок бачыць у інавацыях і высокіх тэхналогіях, навуцы і адукацыі. «Таму мы робім стаўку на прасоўванне высокатэхналагічнай прадукцыі ў Егіпет з далейшым стварэннем сумесных прадпрыемстваў. Такі падыход паказаў ужо сваю эфектыўнасць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць перспектыўным супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і інфармацыйных тэхналогій, уключаючы сучасныя сістэмы забеспячэння грамадскай бяспекі. Беларусь гатова пастаўляць у Егіпет найноўшае медыцынскае абсталяванне, а таксама прадукты харчавання.

Беларусь хоча прыняць удзел у стварэнні асаблівай эканамічнай зоны Суэцкага канала

«Для Беларусі вялікую цікавасць уяўляе ўдзел у маштабных праектах, ініцыяваных егіпецкім кіраўніцтвам, перш за ўсё ў стварэнні асаблівай эканамічнай зоны Суэцкага канала, арыентаванай на экспарт», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гэтаму пытанню бакі ўдзялілі асаблівую ўвагу ў час перагавораў.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што першае пасяджэнне Беларуска-егіпецкага савета дзелавога супрацоўніцтва і сумесная выстаўка навуковых і прамысловых дасягненняў, якія праходзяць у гэтыя дні ў Каіры, нададуць дадатковы імпульс супрацоўніцтву паміж краінамі.

Егіпет мае намер сумесна з Беларуссю выходзіць на еўразійскі і афрыканскі рынкі

Аб гэтым заявіў журналістам Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі пасля перагавораў у Каіры з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Месцараспалажэнне Егіпта і Беларусі на міжнароднай карце дасць магчымасць адкрыць новыя рынкі перад егіпецкай і беларускай прадукцыяй як у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза, так і ў арабскім свеце і афрыканскіх краінах», — перакананы Прэзідэнт Егіпта.

Ён разлічвае, што гэтаму будзе садзейнічаць стварэнне зоны свабоднага гандлю ў Афрыцы і падпісанне ў будучым пагаднення паміж Егіптам і ЕАЭС.

Егіпет плануе адкрыць пасольства ў Мінску

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вітаў гэту ініцыятыву на сустрэчы з журналістамі пасля перагавораў у Каіры з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі.

«Вітаем планы егіпецкага боку па адкрыцці дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі. Мы акажам для гэтага ўсялякую падтрымку як самай блізкай і добрай дзяржаве, з якой мы супрацоўнічаем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, падыходы абедзвюх краін па асноўных пытаннях міжнароднага парадку дня супадаюць.

«Мы выступаем за мірнае ўрэгуляванне рэгіянальных канфліктаў, супраць усіх відаў гібрыдных войнаў, а таксама штучнай дэстабілізацыі сітуацыі ў розных краінах», — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь асуджае любыя праявы тэрарызму і выказвае поўную падтрымку намаганням Егіпта ў барацьбе з гэтай пагрозай. «Мы ведаем, якую ролю адыгрывае Егіпет у барацьбе з тэрарызмам і які ўклад унесла гэта дзяржава ў процідзеянне тэрарызму», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі краіны змогуць вывесці супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень. «Мы заўсёды рады вас бачыць у Беларусі. Народ Беларусі вас добра ведае, паважае, і вы будзеце заўсёды жаданым госцем у цэнтры Еўропы — гэтак жа, як вы нас прымаеце тут», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Як растлумачыў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей, раней беларускі бок прадаставіў Егіпту некалькі ўчасткаў на выбар для будаўніцтва пасольства. «Пасля пэўнага перыяду зацішша яны актывізавалі гэты працэс, і цяпер участкі на разглядзе. Мы чакаем адказу. Гатоўнасць па адкрыцці пасольства ёсць. Я думаю, гэта таксама паслужыць стымулам для паглыблення нашага ўзаемадзеяння», — сказаў ён.

Беларусь і Егіпет створаць камісію па двухбаковым супрацоўніцтве і палітычным дыялогу

Па выніках перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі ў Каіры падпісаны пакет дакументаў.

Сярод іх міжурадавая выканаўчая праграма аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі, пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.

Паміж міністэрствамі замежных спраў быў заключаны мемарандум аб узаемадзеянні. Ён прадугледжвае стварэнне сумеснай камісіі высокага ўзроўню па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва і палітычнага дыялогу паміж Беларуссю і Егіптам на ўзроўні міністраў замежных спраў.

Яшчэ адзін мемарандум аб узаемадзеянні падпісаны паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Цэнтральным банкам Егіпта.

Як растлумачыў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей, сумесная камісія па двухбаковым супрацоўніцтве і палітычным дыялогу стваралася для паглыблення ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі. «Гэта не азначае, што камісія будзе падмяняць сабой тыя інстытуты, якія ўжо створаны: і рабочыя групы, і камісію па гандлёва-эканамічным узаемадзеянні. Яна будзе аналізаваць сітуацыю ў комплексе і рабіць усё для таго, каб дамоўленасці ажыццяўляліся», — падкрэсліў міністр.

Паводле яго слоў, сумесная камісія высокага ўзроўню павінна будзе «прымусіць усе міністэрствы і ведамствы абедзвюх краін працаваць у цесным узаемадзеянні, каб не ўзнікалі нейкія бюракратычныя перашкоды і цяжкасці».

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.