Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 6 °C

Падбіраем кнігі для сямейнага чытання

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

У выхаванні падрастаючага пакалення вялікая роля належыць кнізе. Але для таго, каб гэты выхаваўчы момант пачаў дзейнічаць на розум і сэрца, кнігу спачатку патрэбна ўзяць у рукі.

книги

А яшчэ кніга павінна глядзець дзіцяці ў вочы з паліц дамашніх кніжных шафаў. Сённяшнім часам цешыць тое, што прадстаўнікі старэйшага пакалення становяцца частымі наведвальнікамі бібліятэк, маюць багатыя ўласныя бібліятэкі і не спяшаюцца з імі развітвацца, у адрозненні ад маладых, што стараюцца збыць бацькоўскія скарбы, у лепшым выпадку, аддаўшы ў бібліятэку.

Зараз часта прыходзіцца  назіраць з’яву, якую можна назваць «блуканнем паміж любоўным раманам і дэтэктывам». Менавіта такія кнігі ў большасці сваёй запатрабаваны сённяшнім чытачом. Толькі не многія звяртаюцца да класічнай літаратуры ці лепшых сучасных навінак. А ў выхаванні вялікае значэнне мае прыклад.

Знаёмства з літаратурнымі творамі  для маленькага чалавека пачынаецца з пацешак, кароценькіх вершаў, казак. Усё, што закладзена ў дзяцінстве, нават калі страціць сваю актуальнасць у падлеткавым узросце, выйдзе на паверню пасля. Стаўшы навучэнцамі каледжаў і ВНУ, юнакі і дзяўчаты, чыё дзяцінства было звязана з кнігай, становяцца стараннымі чытачамі, да таго наганяюць яшчэ і прапушчанае ў школьныя гады. Пасеянае ўзыдзе, у гэтым я ўпэўнівалася неаднойчы.

Майму малодшаму сыну палюбіць кнігу дапамаглі не толькі сямейныя чытанні, але і ўдзел бібліятэкараў дзіцячага аддзела Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі мія Паўлюка Пранузы. Справа ў тым, што пры бібліятэцы з лістапада 2016 года працуе сямейны клуб “Згода”. Пакуль бацькі атрымлівалі карысныя парады святара, благачыннага Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэя Аляксандра Данчанкі, які, дарэчы, з’яўляецца яшчэ і сямейным псіхолагам, сустракаюліся з іншымі цікавымі людзьмі Нясвіжчыны, абмяркоўвалі навінкі кніг і перыядычныя выданні з фонду бібліятэкі, іх дзеці, пасля заняткаў нядзельнай школы храма Узнясення Гасподня г. Нясвіжа, якія праходзяць таксама ў бібліятэцы,  бавілі час спачатку з бібліятэкарам дзіцячага аддзела Кацярынай Іюльскай (зараз загадчыца аддзела абслуговання і інфармацыі), якую пасля змяніла Жанна Купцова. Яны прапаноўвалі дзецям не толькі кнігі для прачытання. Кацярына Алегаўна, а пасля і Жанна Міхайлаўна, рабілі разам з імі ілюстрацыі да прачытаных твораў. Рабяты разам з бібліятэкарам лепяць з пластыліну герояў кніг, ствараюць уласную казку.

Чытаючы кнігі сваім дзецям бацькі і для сябе знаходзяць карысныя моманты. Чытаем перад сном кнігу Віктара Рашкевіча “Новые приключения лисёнка Фоки и его друзей». З майго боку чытанне машынальнае. Вусны прамаўляюць словы, а ў галаве іншыя думкі: “Вось у нашым дзяцінстве былі кнігі: Міхалкоў, Асеева…”. Але тут даходзім да цікавага моманту, а пасля і ўвогуле, вельмі павучальнага. У апавяданні “В Индии” мама-цігрыца  расказвае сваім дзеткам, як загінуў іх дзядуля, адабраўшы каштоўныя камяні ў разбойнікаў. Камяні для ціграў не прынеслі ніякай карысці, але яны прыгожа зіхацяць.

— Но мне дороже всего блеск ваших глаз, — кажа мама-цігрыца.

Але калі камяні зноў прападаюць, яна пакідае сваіх дзяцей і імчыць на пошукі. Пакуль яна адсутнічала, змей ледзь не знішчыў цігранят. Вярнуўшыся і зразумеўшы, што магло адбыцца непапраўнае, мама-цігрыца прамаўляе мудрую фразу, якую павінны ўзяць пад увагу ўсе матулі:

— Из-за этих камней я чуць не потеряла вас. Я больше не хочу на них смотреть.

Падбіраючы кнігі для сямейнага чытання, можна даць магчымасць самому дзіцяці выбраць кнігу. Вось ніколі б сама не прапанавала б свайму, на той момант,  пяцігадоваму сыну байкі Крылова. А ён выбраў! І што вы думаеце, чытаем, ён слухае, а я адкрываю для сябе зноў гэтага аўтара.

У праваслаўным календары “Мама” на 2020 год святар Канстанцін Пархоменка раіць не забараняць дзецям чытаць літаратуру, якая, на нашу думку, нясе ў сабе не зусім патрэбныя ісціны: “Калі дзіця настойвае, просіць даць яму гэтую кнігу (размова аб кнізе  «Гары Потэр») — дайце. Але найперш прачытайце яе самі і падумайце над ёй. Што тут хрысціянскага, што — ерытычнага, небяспечнага. І пасля кожны дзень, пакуль дзіця чытае кнігу, абмяркоўвайце з ім прачытанае…».

Бацькі павінны цікавіцца, якімі кнігамі захапляюцца іх дзеці — падлеткі і юнакі, тым больш што ў іх рукі не заўсёды трапляе літаратура высокага выхаваўчага ўзроўню.

Цікавыя рэкамендацыі па выхаванні любові да чытання дае псіхолаг Таццяна Шышова ў сваёй кнізе «Чтобы ребёнок не был трудным». На прыклад, яна не рэкамендуе вучыць чытаць дзетак вельмі ранняга ўзросту. Яна лічыць, што жаданне навучыцца чытаць павінна прыйсці да самога дзіцяці ў працэссе чытання кніг разам з бацькамі. А калі дзіця асвойвае грамату і пачынае чытаць самастойна, ні ў якім разе не перапыняць сямейныя чытанні.

А яшчэ Таццяна Шышова рэкамендуе звяртацца да паэтычных твораў:

— Вершы — свет гармоніі. Вершы дзейнічаюць на дзяцей заспакаяльна. Чым больше чалавечая душа пранікаецца гэтай знешняй гармоніяй, тым менш у ёй застаецца месца для хаосу».

Працягам гэтай думкі могуць стаць словы галоўнага героя кнігі Элеаноры Партэр «Проста Давід», які гучаць прыкладна так: “Мой тата говорыць, што кожны чалавек — гэта інструмент у вялікім аркестры жыцця. Мы павінны граць чыста і не браць  фальшывых нот”.

Якім інструментам у вялікім аркестры жыцця  стануць нашы дзеці, залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку і ад кніг, якія яны выбіраюць. Будзем спадзявацца, што гэты выбар будзе найлепшым. А кнігі, узгаданыя ў артыкуле, знаходзяцца ў фондзе Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы. Думаю, звярнуўшыся да іх, вы, шаноўныя чытачы, зробіце і свае вывады па ўзнятай тэме.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

бібліятэкар Нясвіжскай цэнтральнай бібліятэкі

імя Паўлюка Пранузы,

педагог дадатковай

адукацыі СШ № 4 г. Нясвіжа.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!