Спасцігаць загадку слова. У Нясвіжы прайшоў Міжнародны дзень роднай мовы

Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта дзень, калі кожны народ, кожная нацыя нагадвае, што няма народа без мовы. Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа, бо яно — люстэрка культуры, духоўнае аблічча і сутнасць чалавека. А для нас беларуская мова — гэта мова нашай Радзімы, у якой “усё мілагучна для слыху майго: і звонкае “дзе” і густое “чаго”. Нам у спадчыну дасталася ўнікальная мова — прыгожая і непаўторная, мілагучная і пяшчотная, а наша задача заключаецца ў тым, каб яе захаваць, перадаць нашчадкам.

З мэтай выхавання нацыянальнай свядомасці, любові да Радзімы, да культурнай спадчыны, у Лысіцкім НПК д/с-СШ прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага свята, пад дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску”. Стварэнню святочнага настрою спрыяла мастацкае афармленне школы, арганізаванае настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Н.І. Гурынай, якое пачалося ў 8 гадзін раніцы. Вучаніцы 6 класа М. Чухлей і В. Чухлей у нацыянальных беларускіх касцюмах сустракалі вучняў і настаўнікаў школы каля ўваходу, уручалі эмблемы свята з выявай беларускага сімвала — бусла.

На кожным перапынку настаўніца беларускай мовы і літаратуры І.В. Мышкавец арганізоўвала вясёлыя акцыі “Размаўляем па-беларуску”, мэтай якіх стала ўвесці вучняў у атмасферу жывога беларускага слова, даць адчуць яго прыгажосць, непаўторнасць і мілагучнасць.

Для вучняў 4 — 8 класаў быў праведзены квэст “З рога ўсяго многа”, падчас якога вучні разгадвалі крыжаванкі, загадкі, рыфмавалі словы, успаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, былі перакладчыкамі.

Вучні старэйшых класаў далучыліся да агульнанацыянальнай акцыі: пісалі дыктоўку “Беларусь помніць”, прысвечаную 75-годдзю вызвалення Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Настрой святу задаў конкурс на лепшага знаўцу беларускіх песень і гуртоў, у ходзе якога можна было паслухаць беларускія мелодыі і праверыць свой інтэлектуальны ўзровень у галіне беларускай музыкі.

Сумесна з загадчыкам Лысіцкага клуба-бібліятэкі В.А. Пастуховіч настаўніцай беларускай мовы і літаратуры І.В. Мышкавец было праведзена мерапрыемства “Беларусь мая сінявокая”, дзе вучні чыталі вершы на роднай мове, спявалі песні. Цікавай і запамінальнай стала ў час свята сустрэча з мясцовымі паэткамі Л.А. Бука і Г.У. Дземідовіч, якія прыгожа чыталі свае вершы на роднай мове пра нашу вёску, яе людзей. Задушэўныя і шчырыя словы паэтак пакінулі самыя лепшыя ўражанні і сведчанне таго, што ёсць і ў нашай вёсцы людзі, якія з пяшчотай размаўляюць, пішуць на роднай мове, клапоцяцца, каб мова наша была і заўтра, і паслязаўтра неабходнай нам, беларусам.

З нагоды свята ў фае школы настаўніца Н.І. Гурына арганізавала выставу газет, малюнкаў пра родную мову і родную старонку “Скарбонка роднага слова”.

У святочны дзень прайшоў цікава і запамінальна. І мы спадзяёмся, што ў сэрцы кожнага вучня нашай школы абудзілася любоў да роднага слова, адказнасць за сваю Радзіму.

Ірына Мышкавец,

настаўнік беларускай мовы

і літаратуры ДУА “Лысіцкі НПК дзіцячы сад- сярэдняя школа”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.