Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 3 °C

Таленавітыя несвіжанкі расказваюць пра сваё жыццё, працу і мары

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Ёсць жанчыны, якія нават пасля кароткай размовы ці сустрэчы пакідаюць у душы добры след, прыемныя эмоцыі, цёплыя, трапяткія адчуванні, калі хочацца ўсміхацца ўсяму свету, сонцу, усяму жывому на зямлі, рабіць добрыя справы.

Менавіта такімі з’яўляюцца мае сённяшнія гераіні, знаёмыя многім з вас несвіжанкі. Работнік культуры з 35-гадовым стажам, 29 з якіх аддала пасадзе дырэктара РЦК, загадчык пастановачнай часткі тэатра заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага РЦК, кіраўнік дзіцячага гуртка “ТДТ”, інтэлігентная, разумная і таленавітая Таццяна Лук’янчык, шматдзетная мама, узнагароджаная ордэнам Маці, цікавая і абаяльная Любоў Бушыла, і стыліст-візажыст, майстар перманентнага макіяжу, пераможца і прызёр рэспубліканскіх і міжнародных чэмпіянатаў і конкурсаў па цырульніцкім майстэрстве, гаспадыня салона прыгажосці “Стыль”, прыгожая, крэатыўная Таццяна Лесь.

Таццяна Лук’янчык

Любоў Бушыла

Таццяна Лесь

Аб іх марах, захапленнях і іншых цікавых момантах — у сённяшнім перадсвяточным інтэрв’ю.

Якая Ваша любімая пара года?

Таццяна Лук’янчык: — Люблю май і верасень, калі ўсё квітнее і пачынае адцвітаць.

Любоў Бушыла:  — Гэта вясна! Люблю назіраць, калі ўсё ажывае, зелянее, распускаецца.

Таццяна Лесь: — Кожная пара года для мяне па-свойму прыгожая! Але больш за ўсё я люблю восень, яна чароўная! Люблю дождж.

Вось-вось распусцяцца першыя кветкі. Назавіце Вашы любімыя?

Таццяна Лук’янчык: — Я люблю ўсе вясновыя кветкі, таму што яны першыя. А таксама палявыя, пакаёвыя. Кветак шмат на рабоце і дома. Разводжу фіялкі, іх у мяне шмат сартоў.

Любоў Бушыла: — З першых люблю пралескі. І вельмі падабаюцца півоні.

Таццяна Лесь: — Люблю ландышы, прыгажосць і пах гэтых кветак асацыіруюцца з часам майго юнацтва.

Вам падабаецца рукадзельнічаць, ці ў Вас ёсць нейкае іншае цікавае хобі?

Таццяна Лук’янчык: — Я вельмі паважаю і стаўлюся з вялікім трапятаннем і любоўю да людзей, якія займаюцца рукадзеллем. У мяне ж гэта рамяство на пачатковай стадыі: пачала рабіць кампазіцыі да свят. Зараз у працэсе — да 8 Сакавіка. Вельмі падабаецца дэкупаж, спадзяюся, я яго асвою. Хобі — тэатр. Часам цешуся вершамі. Яшчэ люблю збіраць грыбы і лавіць рыбу.

Любоў Бушыла:  — Люблю складаць букеты! Асабліва вясельныя. Акрамя гэтага займаюся выпечкай. Спяваць любім сям’ёй. Граем, музыкі амаль усе. Дома аркестр: фартэпіяна, флейта, саксафон і скрыпка. Любім падарожнічаць, наведваць цікавыя мясціны Беларусі і не толькі. Час, праведзены з сям’ёй, не заменіць нішто, гэта тое, што застанецца ў памяці на ўсё жыццё.

Таццяна Лесь: — Я ўмею вязаць і шыць, але больш за ўсё мне падабаецца пісаць карціны, на жаль з-за занятасці вельмі рэдка здараецца такая магчымасць. Таму сваё творчае натхненне я выкарыстоўваю ў любімай працы, я “малюю”  на тварах сваіх кліентаў — раблю макіяж.

А якая Вы гаспадыня? Ці ёсць у Вашай кулінарнай кнізе самы любімы рэцэпт, Ваш, Вашых родных, сяброў?

Таццяна Лук’янчык: — Хваліць сябе не прынята, але, мяркуючы па ўсім, добрая. Усім падабаецца, як я гатую. У маёй кулінарнай скарбонцы ёсць шмат рэцэптаў, якія я прыдумала сама. Люблю і паэксперыментаваць. Калі ўзяла рэцэпт у Інтэрнэце, і мне не падабаецца нейкае спалучэнне інгрэдыентаў, то абавязкова знайду ім замену на свой густ. Шмат маіх рэцэптаў прыжылося ў сябровак. Любоў да кулінарыі, магчыма, у мяне ад бабулі Паліны. Яна ў 30-я гады служыла на граніцы і рыхтавала абеды камандзірскаму саставу.

Любоў Бушыла: — Любімы рэцэпт у маёй кулінарнай кнізе — гэта адназначна чызкейк, любімец нашай сям’і!

Таццяна Лесь: — Якая я гаспадыня, ацаніць могуць мае родныя і сябры. Самыя любімыя стравы сям’і — піца, хумус. Цяпер такая разнастайнасць рэцэптаў у Інтэрнэце! Я люблю эксперыментаваць, спрабаваць нешта новае.

Што для Вас свята 8 Сакавіка: гэта “смачны стол”, ці мора кветак, а можа быць каханне і вясна, ці ўсё разам узятае?

Таццяна Лук’янчык: — Мора кветак і шчаслівыя ўсмешкі жанчын. Гэта свята вясны, абуджэння прыроды.

Любоў Бушыла:  — 8 Сакавіка для мяне — гэта каханне і вясна!

Таццяна Лесь:  — У гэты дзень мужчыны больш надаюць увагі жанчынам, прызнаюцца ў каханні, дораць кветкі …  Дзень 8 Сакавіка павінен быць у жанчыны кожны дзень.

Ці ёсць у Вас свае (сямейныя) традыцыі святкавання гэтага дня?

Таццяна Лук’янчык:  — 8 Сакавіка люблю з дзяцінства. Гэта для мяне вялікае свята. У нас была традыцыя: на святы збіраліся амаль усёй вёскай. На 8 Сакавіка — у нашай хаце. Было шмат гасцей, сусед граў на гармоніку…

Любоў Бушыла:  — Асаблівых сямейных традыцый няма, святочная вячэра ў коле сям’і.

Таццяна Лесь: — У гэты дзень мае мужчыны дораць мне кветкі, падарункі, а я рыхтую святочны абед. Запрашаем сваіх бацькоў, віншуем сваіх любімых матуль, унукі — бабуль, абменьваемся падарункамі.

Назавіце самы запамінальны, самы мілы, незвычайны, рамантычны, арыгінальны падарунак, які Вы атрымалі на 8 Сакавіка?

Таццяна Лук’янчык: — Самым запамінальным і рамантычным падарункам для мяне былі вершы пра каханне і велізарны букет руж, я была ў захапленні.

Любоў Бушыла:  — Самым запамінальным было вядро руж.

Таццяна Лесь: — Скачок з парашутам: весела, экстрэмальна, захапляльна!

Якіх падарункаў Вы больш за ўсё чакаеце ў гэты дзень?

Таццяна Лук’янчык: — Вядома, кветак. Я вельмі люблю, калі дораць кветкі. Проста абажаю!

Любоў Бушыла:  — Прыемна, калі падарунак зроблены з любоўю, не важна, што гэта, букет кветак або дарагі аўтамабіль.

Таццяна Лесь: — Самым важным, жыццёвым падарункам для мяне з’яўляецца здароўе маіх родных, блізкіх людзей.

Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінна валодаць сучасная жанчына?

Таццяна Лук’янчык: — Перш за ўсё, яна павінна быць жанчынай, жанчынай з вялікай літары, жанчынай да кончыкаў пазногцяў. Інтэлігентнай, мудрай, сямейнай, добрай гаспадыняй, нягледзячы на кар’еру і многае іншае. Прыгожай, моднай, стыльнай, і заўсёды знаходзіць час для сябе любімай.

Любоў Бушыла:  — Мудрасцю і ўменнем кахаць.

Таццяна Лесь: — Нашы сучасныя жанчыны не тое што па-вінны, яны абавязаны быць стыльнымі, абаяльнымі і любімымі!

Напэўна, у кожнай дзяўчынкі ёсць запаветная мара. Якая, калі не сакрэт, была ў Вас? Спраўдзілася яна?

Таццяна Лук’янчык: — Я марыла быць артысткай. Агітавала аднакласнікаў, рыхтавалі канцэрты ў клубе, выступалі. Але стала работнікам культуры, актрысай тэатра, у якім працуюць разумныя, інтэлігентныя асобы.

Любоў Бушыла:  — Мара была — мець шчаслівую сям’ю. Спраўдзілася!

Таццяна Лесь: — У дзяцінстве я марыла стаць прыгажуняй. Марыць можна пра многае, а вось ставіць мэты і дасягаць іх —  больш цікава і захапляльна!

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!