Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Лукашэнка: эканоміка і жыццё людзей — пытанне нумар адзін

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка правёў нараду аб пастаўках нафты ў краіну і заслухаў даклад аб гатоўнасці сістэмы аховы здароўя процідзейнічаць пагрозам распаўсюджвання каранавіруса.

Эканоміка і жыццё людзей — пытанне нумар адзін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб пастаўках нафты ў Беларусь.

«Маючы адкрытую эканоміку, мы шмат у чым залежым ад тых працэсаў, якія развіваюцца ў свеце. Падзеі развіваюцца часам неадназначна. Таму мной запланаваны шэраг мерапрыемстваў па пытаннях, якія цяпер патрабуюць рэагавання ў найбольшай ступені і перш за ўсё ўплываюць на нашу эканоміку. Падкрэсліваю, гэта  галоўнае. Эканоміка, а значыць, жыццё людзей, не толькі сёння, але і ў перспектыве — пытанне нумар адзін. Усё павінна быць падпарадкавана гэтаму пытанню», — заявіў беларускі лідар.

Гаворачы пра падзеі, што адбываюцца ў свеце, уключаючы спад цэн на нафту, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі неабходна сарыентавацца і, калі неабходна, прыстасаваць эканоміку краіны і грамадства да таго, каб не панесці страты. «А калі і будуць, то гэтыя страты павінны быць мінімальнымі. Таму я заўсёды гавару: эканоміка — у аснову. Галоўнае сёння — эканоміка. Адзін з напрамкаў — нафтаперапрацоўка, купля нафты. Асабліва пры гэтай валацільнасці і даволі нізкіх цэнах на нафту», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка даручыў стварыць сур’ёзны запас нафты і паліва на непрадбачаныя выпадкі

«На непрадбачаныя выпадкі неабходна ствараць сур’ёзны запас сыравіны (як нафты, так і паліва), які дасць магчымасць не парушаць работу галін і не перапыняць тэхналагічныя працэсы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Перад прадстаўнікамі ўрада і кіраўнікамі рэгіёнаў Прэзідэнт паставіў шэраг пытанняў, у тым ліку адносна наяўнасці магутнасцей для захоўвання нафты і запасаў нафтапрадуктаў і як іх можна нарасціць.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, каб усе ўзятыя на сябе абавязацельствы па прыняцці на захоўванне нафтапрадуктаў строга выконваліся. «Стэнаграма вядзецца. І не дай бог, нехта скажа, што можа прыняць паўмільёна тон нафтапрадуктаў і (у выніку. — Заўвага БЕЛТА) не прыме на захоўванне, ужо крыўдуйце самі на сябе», — сказаў ён.

«Мы гэта не скрываем. Сёння нафта танная, трэба купіць яе, вырабіць нафтапрадукты і стварыць пэўны запас. Які гэта будзе запас, па выніках нарады мы павінны добра разумець», — рэзюмаваў беларускі лідар.

«Задача нумар адзін, і важней за яе няма» — Лукашэнка аб устойлівай рабоце сельскай гаспадаркі

Увесь цыкл сельскагаспадарчых работ на працягу года неабходна ўзяць на вельмі строгі кантроль. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб рабоце нафтаперапрацоўчага комплексу краіны.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пытанне харчавання ва ўсім свеце будзе стаяць вельмі востра. «Нафта нафтай, але яе на стол не падасі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Таму я патрабую ў найкарацейшыя тэрміны завяршыць пасяўную кампанію. І ўвесь цыкл сельгасработ на працягу года ўзяць на вельмі строгі кантроль. Гэта датычыцца памочнікаў прэзідэнта і ўпаўнаважаных па абласцях».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў прыярытэце павінна быць харчовая бяспека краіны. «Задача нумар адзін, і важней за яе няма. Як у нас тут разглагольствуюць вакол: каранцін, каменданцкая гадзіна і іншае…», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як забяспечана патрэбнасць у аўтамабільным паліве для веснавых палявых работ і дзе ёсць вузкія месцы. «Асабліва звяртаю на гэта ўвагу. Вы бачыце, ужо не толькі асобныя чыноўнікі міжнародных арганізацый загаварылі пра голад у недалёкай перспектыве, але ўжо ўсе талдычаць, і кіраўнікі самых развітых перадавых краін. Таму сельская гаспадарка, перш за ўсё цяперашняя пасяўная кампанія — важнейшы элемент, на які мы павінны звярнуць увагу», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў шэраг нараканняў на работу ў ходзе веснавых палявых работ, у прыватнасці на недастатковыя меры па захаванні вільгаці ў глебе. «Нягледзячы на тое, што вільгаць з глебы выходзіць імгненна (ноччу — мароз, раніцай — сонца), некаторыя вільгаць не закрылі. Асабліва ў Мінскім раёне, што здзіўна. І велізарныя палі. Няўжо не зразумела, што трэба перш за ўсё прайсціся культыватарам і разрыхліць глебу — закрыць вільгаць. Прытым палі вельмі высокія, з высокай колькасцю пяскоў у саставе. Таму зрабіце ўсё, каб мы маглі ў гэтым напрамку рухацца», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Ніхто барацьбу не аслабляе» — у Лукашэнкі абмеркавалі гатоўнасць процідзейнічаць каранавірусу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб гатоўнасці сістэмы аховы здароўя процідзейнічаць пагрозам распаўсюджвання каранавіруса.

Удзельнікамі нарады сталі члены ўрада, кіраўнікі абедзвюх палат парламента і дзяржаўных органаў, губернатары, начальнікі ўпраўленняў аховы здароўя аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя і РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі — усяго 30 чалавек.

«Праблема звязана з будучым існаваннем рэспублікі»

«Мы будзем абмяркоўваць работу сістэмы аховы здароўя. На першы план вылучаецца галіна барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі. Вельмі цесна праблема звязана з эканомікай нашай краіны. Павінен сказаць, што ў пэўнай ступені (я ўжо аб гэтым намякаў у інтэрв’ю тэлекампаніі «Мір»), магчыма, і з будучым існаваннем нашай рэспублікі, таму што ніхто з вас не можа сказаць, што адбудзецца з сусветам пасля гэтай хваробы і псіхозу, які спарадзіла гэта хвароба. Мы не ведаем задумы лідараў вялікіх дзяржаў, як яны скарыстаюцца гэтай сітуацыяй. Але з гісторыі мы ведаем, што кожны карыстаецца сітуацыяй так, як ён лічыць патрэбным і выгадным для сябе», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу: у Беларусі не аслабляюць барацьбу з віруснымі захворваннямі. Але рашэнні прымаюцца зыходзячы з сітуацыі і рэсурсаў. «Наша тактыка з самага пачатку была не фронтам ісці і наступаць, і гэта не таму, што так мне захацелася. Скажу адкрыта, міністр аховы здароўя іншым разам мне казаў: давайце фронтам. Але фронту не атрымаецца, таму што мы ў іншай сітуацыі і рэсурсы ў нас іншыя. Кітай мог лакалізаваць сітуацыю і акружыць яе: у іх паўтара трыльёна золатавалютных рэзерваў і народ крыху іншы», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы выбралі ачаговую тактыку барацьбы»

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што такое «франтальнае наступленне» ў цяперашніх умовах не можа прынесці карысці — толькі шкоду. «Заперці людзей у кватэрах, як некаторыя і ва ўрадзе мне прапаноўвалі, — гэта справа адных сутак. Заўтра ўвядзём ваенных, амапаўцаў мабілізуем — на працягу сутак нікога не будзе на вуліцы, я вам гэта гарантую. Вы лічыце, што гэта метад барацьбы? Я лічу, не», — сказаў ён. На яго думку, гэта не спыніць распаўсюджванне віруса.

«Паглядзіце, што адбываецца там, дзе паспрабавалі людзей заперці: нічога не атрымалася. Таму мы з самага пачатку выбралі (і СААЗ гэта адобрыла) ачаговую тактыку барацьбы. Неадкладна былі аддадзены каманды, каб мы паставілі людзей у аэрапортах і на граніцы. Мы ўбачылі, што гэты вірус быў завезены, таму нам трэба было там пракантраляваць, — нагадаў Прэзідэнт. — І мы прадаўжаем гэту работу. Трэба кожнаму добрасумленна адносіцца да сваёй работы».

«Першы абавязак урачоў — лячыць, а не закрываць рэстараны»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу медыкаў: іх першы абавязак — лячыць людзей і, калі трэба супакоіць грамадства, расказаўшы пра сваю работу. «Не вашы функцыі адкрываць некага, закрываць, арыштоўваць і гэтак далей. У нас ёсць, каму гэтым займацца», — растлумачыў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, яму штодзень дакладваюць, як развіваецца сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса ў Беларусі, якая дынаміка ў іншых краінах. «Ідзе вялізная работа на ўзроўні дзяржавы. Вы займайцеся сваёй справай», — яшчэ раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, як спрабавалі адправіць на каранцін БНТУ пасля таго, як у аднаго са студэнтаў выявілі каранавірус. Да самаізаляцыі студэнты і выкладчыкі падышлі безадказна, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Вынік нулявы. Дзякуй богу, што людзі не захварэлі, — дадаў Прэзідэнт. — Таму не трэба займацца не сваімі справамі. У вас сваіх спраў больш, чым дастаткова. Лячыце людзей, мы будзем вам у гэтым дапамагаць».

«Калі хочаце, давайце ўзмацнім патрабаванні да тых, каго вы адправіце на самаізаляцыю»

Што датычыцца работы з кантактамі першага і другога ўзроўняў, то іх, лічыць кіраўнік дзяржавы, трэба трымаць на самаізаляцыі, а не ў бальніцах, калі тэсты на каранавірус даюць адмоўны рэзультат. «Калі хочаце, давайце ўзмоцнім патрабаванні да тых, каго вы адправіце на самаізаляцыю. Мы праверылі аднойчы: іх адправілі дадому, але жорсткага заканадаўчага акта няма, і 400 чалавек дома не знайшлі. Мы можам узмацніць так, што ў вачах пацямнее», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым, адзначыў ён, большасць грамадзян праяўляюць сваю свядомасць і стараюцца абмежаваць сябе ад залішніх кантактаў. «Мы нічога не забараняем, чалавек мае права сваім жыццём распараджацца сам. Але мы як дзяржава павінны дапамагчы яму засцерагчыся ў гэты перыяд», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў: кожны павінен займацца сваёй справай. «Яшчэ раз падкрэсліваю: урачы — лечаць, уся інфармацыя — у Адміністрацыі Прэзідэнта ў штабе. Там вы разам вызначаецеся, як вы інфармуеце насельніцтва. Інфармацыю скрываць не трэба. Не дай бог, недзе нейкі падман. У наш час у нашай рэспубліцы падмануць нікога немагчыма. Калі вы адзін раз падманеце, вам ніхто верыць не будзе, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Давайце ўсе разам будзем працаваць і ісці тым шляхам, які мы абазначылі. Як бы нам ні было цяжка».

Лукашэнка пра каранавірус: нельга мірыцца з гібеллю людзей, трэба змагацца за кожнага чалавека

«Мы павінны змагацца за кожнага чалавека, асабліва калі размова ідзе пра старых людзей. І калі мы хочам, каб потым нашы дзеці нас абаранялі і змагаліся за наша жыццё, мы павінны змагацца за жыццё кожнага старога, таму што, на няшчасце, гэты вірус б’е перш за ўсё па старых людзях і па тых, хто слаба абаронены імуннай сістэмай», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што захваральнасць на каранавірус у краіне не зніжаецца, але, з іншага боку, няма і лавінападобнага нарастання. «Хварэць мы будзем. Толькі пажадана, каб не было лавінападобнага скачка па захваральнасці, каб гэта лінія прайшла як мага бліжэй да гарызанталі. Пакуль сістэма аховы здароўя з гэтым спраўляецца», — заявіў ён.

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што і людзі самі павінны цаніць сваё здароўе: умацоўваць імунітэт, займацца спортам, адмовіцца ад шкодных звычак. «Мы змагаемся за кожнага. Мы з вамі цэнім здароўе кожнага больш, чым той кожны сам цэніць сваё здароўе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму трэба займацца сваім здароўем. Сёння нібы спахапіліся».

Прэзідэнт дадаў, што сітуацыя з каранавірусам таксама дапамагла ўзварухнуць сістэму аховы здароўя і выявіць у ёй некаторыя праблемы. «Я бачу вузкія месцы ў нашай сістэме аховы здароўя. Але я з вас запатрабую, калі гэты псіхоз скончыцца і калі адыдуць гэтыя хваробы», — папярэдзіў ён.

Лукашэнка пра пацыентаў у бальніцах: усіх выратуем, каго толькі можна, і для гэтага павінны зрабіць усё

«Кожны павінен займацца сваёй справай. Без панікі, спакойна і прыгожа. Мы павінны з вамі перамагчы прыгожа, мы павінны выратаваць людзей дастойна. Чалавек не павінен думаць, што (калі. — Заўвага БЕЛТА) ён туды трапіў з гэтым вірусам, ён смяротнік. Не. Усіх выратуем, каго толькі можна. І мы для гэтага павінны зрабіць усё», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз заклікаў не ствараць вакол гэтай тэмы ажыятажу, але ў выпадку неабходнасці і сам гатовы падключыцца да дапамогі ўрачам. «Калі нешта магу для вас зрабіць, калі ласка, скажыце. Я ўжо міністру гаварыў: трэба (будзе. — Заўвага БЕЛТА), Уладзімір Сцяпанавіч, значыць, з табой пойдзем лячыць людзей, — сказаў Прэзідэнт. — Я ўжо гаварыў яму. Ён гаворыць: пакуль не трэба».

Лукашэнка заклікае сур’ёзна паставіцца да здароўя ўрачоў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўрачы, якія працуюць непасрэдна з пацыентамі, што паступілі з каранавіруснай інфекцыяй, у дастатковай ступені абаронены. «А ў анкалогіі якія працуюць, з сардэчна-сасудзістымі (захворваннямі. — Заўвага БЕЛТА)… Туды таксама паступаюць людзі з вірусамі. І адтуль у нас, хоць нямнога, але прыток урачоў у інфекцыёнках з’явіўся. Таму твая важнейшая задача, Уладзімір Сцяпанавіч (міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. — Заўвага БЕЛТА), — абарані ўрачоў», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта нядобра, што ўрач без пальчатак, без маскі прымае ў паліклініках, дзе б там ні было. Ён павінен хаця б мінімальна быць абаронены. Каб урачоў не лячылі. Урач павінен лячыць хворых, а нам даводзіцца ўрачоў лячыць. Дзякуй богу, што не паміраюць, ратуем мы іх. Недапушчальна, калі спецыялісты і ўрачы выходзяць са строю», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка ўраду: калі не вырашыце праблемы з наяўнасцю масак, замест вас будуць працаваць іншыя

«Я прэм’ер-міністра і ўрад папярэдзіў: калі толькі да канца тыдня адказныя людзі мне даложаць, што чагосьці не хапае ў аптэках, магазінах або бальніцах, асабліва для аховы ўрачоў, — урада не будзе. Будуць працаваць іншыя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў усёй вертыкалі ўлады на чале з прэм’ер-міністрам вырашыць праблемы з наяўнасцю ахоўных сродкаў у бліжэйшыя дні. «Гэта нядобра, што мы чагосьці не можам зрабіць. Маску гэту няшчасную не можам пашыць для насельніцтва. Яны ж ідуць шалямі закрываюцца (правільна робяць), але няўжо мы маску не можам пашыць? — запытаў кіраўнік дзяржавы. — Гаварыць, што ў нас сёння недзе дэфіцыт гэтага, недапушчальна. Таму, калі ёсць гэтыя праблемы, вертыкаль улады на чале з прэм’ер-міністрам павінны яе да панядзелка зняць».

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!