Спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння паэта Уладзіміра Жылкі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

27 мая спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння паэта Уладзіміра Жылкі. Ураджэнец  Макашоў, ён пражыў на Нясвіжчыне чатырнаццаць ранніх гадоў. А гэта нямала, амаль палова кароткага жыцця — час станаўлення асобы, фарміравання  эстэтычнага густу, подступы да літаратурнай творчасці. Макашоўскія ваколіцы, берагі наўздзіў маляўнічай тут Ушы, родныя паэта, кнігі, якія заўзята чытаў, выхоўвалі песняра красы, чалавека, які насуперак “неспрыяльнаму злому ветру” спавядаў прыгажосць як уратавальную сілу той злавеснай эпохі. 

Уладзімір Жылка (1900 — 1933)

Гэты свет  ён пакінуў у  няпоўныя 33, у першы дзень вясны, у ссылцы, далёка ад Беларусі, у заволжскім горадзе Уржуме.

Сярод значных літаратурных асоб, якіх дала Беларусі Няс-віжчына, забытае на дзесяцігоддзі і вернутае дзесь пад стагадовы юбілей, імя Уладзіміра Жылкі вартае самага пачэснага стаўлення. Сённяшнія літаратары, маладыя і амбіцыйныя, выказваюць цалкам верагодныя меркаванні, што пры больш спрыяльным і працяглым жыццёвым лёсе паэта Беларусь значна раней мела б першага літаратурнага Нобелеўскага лаўрэата.

Бэлька з дому Жылкі   

Хаце паэта болей за 120. На вуліцы, што вядзе сюды, на пагорак, ад Ушы і млына-вадзяка, яна пазначана нумарам 5. У 1900 годзе, калі нарадзіўся паэт, гэта была не прыватная ўласнасць Жылкаў, а службовае жыллё. Макашовец па прозвішчы Абрамовіч, што служыў у польскай жандармерыі ў Варшаве і меў у вёсцы дзве хаты, здаваў адну ў арэнду дзяржаве. Хата, як казалі ў народзе, была ў два канцы. У адным адкрылі манапольку, у другім жыў з сям’ёй сядзелец той манаполькі Адам Жылка. Ці не пра яе і напіша пазней паэт:

Мне хата з нізкаю страхой

Была мілей за ўсе палацы

І над пакоямі пакой…

Калі  патрапляю сюды, заўсёды шукаю зачэпак мінулага, узіраюся ў старадаўняе, ацалелае, не сцёртае часам, што памятае ціхмянага хлопчыка Валодзю, які любіў чытаць кніжкі і мала цікавіўся дзіцячымі гульнямі. Чатырнаццацігадовым, разам з сям’ёй  ён назаўсёды пакіне свет свайго дзяцінства і падасца ў свет іншы — шырокі  ды суровы.

За сто гадоў неаднойчы змяняліся гаспадары гэтай хаты. І кожны імкнуўся нешта перарабіць-перайначыць на свой густ і патрэбу. Вось і нядаўнія — працавітая і гаспадарлівая пара, Наталля і Уладзімір Савінавы — таксама паклапаціліся пра вонкавы і ўнутраны выгляд свайго жылля. З ахвотай і гонарам паказвалі сядзібу, двор, агарод, свае пераробкі, каб асучасніць і падмацаваць старую пабудову. А мне карцела паглядзець на адпаліраваную дотыкам рук старасвецкую клямку ў дзвярах, сцяну ў каморы ды… бэльку з сучком. Падаваўся той сучок вокам мінуўшчыны, вокам, што як некалі, так і цяпер, не міргаючы, глядзіць на кожнага, хто заходзіць сюды. Глядзіць ці то з цікаўнасцю, ці то са спадзяваннем, ці то з дакорам.

З пакалення  паэта

На рубяжы стагоддзяў падчас школьнай літаратурнай экспедыцыі ў Макашы я, дый мае вучні, падумвалі, а то і прамаўлялі, што Жылка, пры лепшых, больш спрыяльных абставінах, мог бы дажыць да нашых дзён. Наводзіла на такія думкі-высновы знаёмства з сучаснікам паэта, карэнным макашоўцам Іванам Ільічом Абрамовічам (1902 — 2005 гг.), узрост якога падбіраўся тады пад сотню гадоў. Разважлівы  дзядок, што жыў на ўскрайку вёскі, не быў асабліва гаваркім, але ў сваіх успамінах і сведчаннях імкнуўся быць гранічна праўдзівым, дакладным (мо таму, што ўпершыню наведалася да яго такая вялікая грамада, рабіўся гукавы запіс). Іван Ільіч стаў тады для нас сапраўдным адкрыццём. Малодшы за Уладзіміра Жылку толькі на два гады, ён у вучобе ішоў за ім: вучыўся спачатку ў царкоўна-прыходскай школе ў Гарадзеі, пасля, як і Жылка, у гарадскім вучылішчы ў Міры. Бацькі, як казаў, заўсёды ставілі яму Валодзю ў прыклад. Зрэдку той дапамагаў яму ў вучобе.

Сучаснік паэта
Іван Абрамовіч. 1996 г.

Сем’і Жылкаў і Абрамовічаў сябравалі, збіраліся разам на святы. Бацька Івана быў хрышчоным бацькам Уладзіміра (хрысцілі яго ў Ішкальдзі — на той час старажытны храм быў праваслаўнай царквой). Нагодай для прыязных стасункаў паміж сем’ямі з’яўлялася тое, што роднай вёскай для маці Уладзіміра Жылкі і маці Івана Абрамовіча было недалёкае ад Макашоў Падлессе. З характарыстык Івана Ільіча, бацька паэта запомніўся яму вясёлым чалавекам, заўсёды рухавым, энергічным, гаваркім, а маці — вельмі прыгожай, далікатнага абыходжання жанчынай, з мяккім голасам. “Ці складаў Валодзя  вершы? — задаваўся пытаннем Іван Ільіч. — Мо і складаў, але я пра тое не ведаў.”

Пасля 1914-га Іван Абрамовіч з Уладзімірам Жылкам больш не сустракаў-ся, толькі зрэдку сякія-такія чуткі пра яго заляталі ў Макашы.

Раманейкі

Макашэвіч. Такі псеўданім, з трыма варыянтамі яго падачы, быў у Жылкі. У гэтым несумненны знак увагі паэта да той зямлі, дзе ён пабачыў свет, дзе “ўчуў пад спелы жыта шум дзівосных сіл жывыя токі”. 

Але праз чатырнаццаць гадоў жыцця ў Макашах і пазней, калі захварэў, меў ён яшчэ адзін вабны яго душы куток-прытулак — Падлессе. Вёска непадалёк ад Макашоў (цяпер Стаўбцоўскі раён) — радзіма маці, Таццяны Ануфрыеўны з роду Раманейкаў. Праўда, Уладзімір Мікалаевіч Раманейка, пляменнік паэта, з якім мне давялося ў свой час сустракацца і гутарыць, удакладняў, што дзед Ануфрый жыў не ў самой вёсцы, а на паўночным усхо-дзе ад яе, на хутары.

Тут, у дзеда, любіў летаваць Уладзімір — слухаў  быліцы “аб даўнім і сівым, пра войны, панства, войтаў, русалак і начніц…”,    браў  урокі сялянскага жыцця, вучыўся  касіць, баранаваць, спазнаваў адвечную радасць працы на зямлі. Па словах Уладзіміра Мікалаевіча, знакаміты санет “Меч” мае хутарское “паходжанне”. Бо сапраўды быў выпадак, калі Уладзімір выараў з зямлі рэшткі ці то старадаўняй шаблі, ці то мяча. Зразумела, што для хлопчыка-падлетка гэта было запамінальнае здарэнне. Пазней, у 1924 годзе, яно ўсплыве ў памяці і стане вобразнай асновай для напісання аднаго з самых вядомых і глыбока патрыятычных вершаў.

Памёр дзед Ануфрый у 1926 годзе. Патрыярх роду Раманейкаў, чалавек, якога так любіў і шанаваў Уладзімір Жылка, пахаваны на гарадзейскіх могілках. Знакаміты ўнук толькі на 7 гадоў перажыў свайго дзеда. Абмінула паэта  і апошняе чалавечае шчасце — быць пахаваным на роднай зямлі. Чужыя людзі паклалі яго ў чужы дол.

Дачка паэта Наталля Лазарава да апошніх дзён не губляла стасункаў з нашчадкамі роду Раманейкаў, разам з дзядзькам Барысам збірала па сціплых людскіх успамінах бацькаў лёс, пісала лісты ў Гарадзею, дасылала кнігі паэзіі. Сяброўскія стасункі мела з Маргарытай Рулёвай, пляменніцай бацькі. Звязвала гэтых жанчын не толькі блізкае сваяцтва, але і прафесійнае вызначэнне — настаўніцтва. Тут, у Гарадзеі, і сёння захоўваюцца паштоўкі і лісты ад Наталлі Лазаравай, фотаздымкі з сямейнага архіва. Захоўваю і я для будучага музея зборнік Жылкі, які ў 1985 годзе даслала яна Уладзіміру Раманейку з надпісам: “Уладзіміру на памяць — вершы твайго дзядзькі  У. Жылкі, які вельмі паважаў матчыну радню — Раманейкаў”.

100 дубоў для Жылкі        

Не задалася юбілейная вясна Жылкі. Небяспечныя хваробы-навалы як праз  жыццё паэта, так і сёлета не даюць магчымасці сабрацца  шырокім беларускім светам, каб ушанаваць нацыянальнаадраджэн-скую паэзію і ўзорны еўрапейскі талент нашага земляка.

Як прадчуваючы гэта, яшчэ мінулай вясной зацікаўленая грамадскасць Нясвіжчыны зладзіла акцыю “100 дубоў для Жылкі”. Спачатку ў Гарадзеі, на беразе Ушы, а праз некалькі дзён у Макашах саджалі дужыя і даўгавечныя дрэвы, нібыта спраўджвалі тэстамент макашоўскага шукальніка красы, пекнаты, хараства. З-за спякоты-сухмені не ўсе з тых маладых саджанцаў прыжыліся. Ды будзем верыць ў новыя свежыя вёсны, саджаць дрэвы, учытвацца ў Жылкавы палімпсесты, вандраваць па яго дарогах і, дай Бог,  даедзем-дойдзем да яго далёкай магілы, а тут, у Нясвіжы ці Гарадзеі, пабачым вуліцу яго імя ды парупімся пра музейную экспазіцыю. Паэт зрабіў, што мог, цяпер — нам старацца.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца, старшыня раённай арганізацыі ГА “Таварыства

беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.