Іерэй  Васілій Краеў — гісторыя жыцця

У мінулым месяцы — 18 мая — адзначыў сваё 55-годдзе настаяцель храма святой праведнай Ганны аграгарадка Аношкі і Свята-Мікалаеўскай царквы аграгарадка Грыцкевічы  іерэй  Васілій Краеў.

Калі я раней сустракалася са святарамі, мне здавалася, што свой выбар яны зрабілі далёка да таго моманту,  калі ўпершыню пераступілі парог даверанага ім прыхода. Але, як аказалася, такое бывае рэдка, часцей да  выбару святарскага шляху чалавек прыходзіць  не адразу.                 

Настаяцель храма святой праведнай Ганны аграгарадка Аношкі і Свята-Мікалаеўскай царквы аграгарадка Грыцкевічы  іерэй  Васілій  Краеў  нарадзіўся ў горадзе Луза Кіраўскай вобласці ў Расіі. У юнацкія гады пісаў вершы, займаўся спортам і верыў, што такая дзяржава, як Савецкі Саюз, — непахісная і самая трывалая. У яго школьныя гады ў храм хадзіць забаранялася, а да веруючых людзей адносіліся, як да неразумных, імі пагарджалі, над імі смяяліся. Пасля школы Васілій паступіў і паспяхова  скончыў Ленінградскае  вышэйшае марское інжынернае вучылішча імя адмірала Макарава, хадзіў у плаванні, пабываў у розных краінах свету. І каб хтосьці яму тады сказаў, што праз некаторы час ён стане святаром, вельмі   здзівіўся б. Але Гасподзь меркаваў па-іншаму.

У пэўны момант жыцця Васілій Іванавіч Краеў, штурман далёкага плавання, памочнік капітана на грузавых судах Эстонскага марскога параходства, пасля распаду савецкага саюза быў вымушаны шукаць працу на беразе. І ў Беларусі, бо на той час ён ужо ажаніўся з беларускай Святланай Кукевіч і меў сям’ю. Васілій Іванавіч закончыў бухгалтарскія курсы і з 1992 па 2000 год працаваў бухгалтарам у свецкіх установах, а пасля — да 2007 года  — у царкоўных, паколькі ў 33-гадовым узросце прыйшоў да Бога. Яго папрасілі тады стаць хросным бацькам сваіх пляменніц. І, прывыкшы рабіць у сваім жыцці ўсё правільна, ён, перш чым задумацца аб святарскім шляху, стаў  спачатку добрым хрысціянінам.

Дзядуля Васілія Краева па мацярынскай лініі  Яўген Першын прапаў без вестак на Курскай дузе. Але ёсць інфармацыя, што ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу” за тое, што ў час бою, пад агнём ворага,  забяспечваў бесперапынную сувязь са штабам. Ён быў радыстам, а гэта значыць, не мог сабе дазволіць прымяніць зброю, нават калі пагражала небяспека, таму што галоўным для яго было перадаць звесткі ў штаб. Усё жыццё для бацюшкі Васілія дзед з’яўляўся найлепшым прыкладам, бо, на яго думку, у гэтым жыцці калі-нікалі трэба забывацца аб сабе для таго, каб забяспечыць тое, што неабходна для жыцця іншых людзей.

Неяк будучы святар задаў сабе пытанне: “Як жа я, унук загінуўшага ў Вялікую Айчынную вайну героя, старшы лейтэнант запасу, магу паслужыць свайму народу?” Будучы ў такім роздуме, ён пачуў па тэлевізары такую навіну, што на пасяджэнні начальнікаў штабоў ЗША дзяржсакратар Кісінджэр сказаў, што пасля распаду савецкага саюза галоўны вораг — гэта Руская праваслаўная царква. Гэта было падказкай. Зараз іерэй Васілій Краеў — святар Рускай праваслаўнай царквы, служыць народу не толькі ў храмах святой праведнай Ганны аграгарадка Аношкі і Свята-Мікалаеўскай царквы аграгарадка Грыцкевічы, але вядзе вялікую духоўна-асветніцкую работу з юнымі і сталымі жыхарамі Нясвіжчыны.

Іерэй Васілій адным з першых у 2010 годзе падтрымаў праграму дзейнасці духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць” пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы і прыклаў шмат намаганняў для яе здзяйснення ў школах у Грыцкевічах і Аношках.

Святар радуецца кожнай сустрэчы, бо ўсё ў сваім жыцці лічыць прадвызначаным Богам. У давераныя яму храмы наведваліся ўдзельнікі клуба духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”, каб пазнаёміцца не толькі з гісторыяй святынь, але і атрымаць духоўныя настаўленні святара.

Па блаславенні благачыннага Нясвіжскай царкоўнай акругі настаяцеля храма Узнясення Гасподня протаіерэя Аляксанд-ра Данчанкі айцец Васілій  Краеў штотыднёва праводзіць урокі духоўнасці і для людзей, якія і самі валодаюць вялікім жыццёвым вопытам, у “Школе духоўнага адраджэння” аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага  цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.  У сваю чаргу наведвальнікі цэнтра двойчы пабывалі ў храме ў Аношках, каб дапамагчы ў добраўпарадкаванні храма і тэрыторыі.

Неаднаразова сустракаліся са святаром і ўдзельнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 горада  Нясвіжа і для таго, каб запісаць матэрыял для духоўна-асветніцкай перадачы “Абу-джэнне” на раённым радыё, і, як нядаўна, пачуць ад бацюшкі слушную жыццёвую параду ў рамках сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” на раённым радыё.

Самае цікавае, што іерэй Васілій не адмаўляе ні юным, ні сталым. Яго духоўныя ўрокі вельмі запатрабаваныя. Юныя слухаюць яго гадзінамі, а сталыя пасля сустрэчы яшчэ доўга не адпускаюць, агучваючы  свае пытанні.

Своечасова атрыманая  добрая парада можа многае змяніць у жыцці чалавека ў любым узросце. Тым больш, карыснае слова святара, пачутае ў юнацтве, калі жыццёвыя каштоўнасці яшчэ толькі сцвярджаюцца.

Я думаю, да віншаванняў з нагоды юбілею далучацца ўсе, хто ведае айца Васілія: яго прыхаджане, святары Нясвіжскага благачыння, мае калегі-бібліятэкары, супрацоўнікі і наведвальнікі РТЦСАН, ноеўцы, супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны” і  юныя журналісты. І кожны пажадае, каб Вам, айцец Васілій, шчасціла ў жыцці, каб Гасподзь даў здароўя на многае лета, каб Ваша слова заўсёды было пачутым.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

кіраўнік клуба “Ноеў каўчэг” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы і гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа. Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.