Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 9 °C

Загадчык паліклінікі Нясвіжскай ЦРБ Іна Непачаловіч: Мець справу з чужым болем кожны дзень — задача не з простых

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

У нядзелю — Дзень медыцынскага работніка. К прафесійнаму святу «НН» падрыхтавалі цыкл матэрыялаў пра людзей, якім сёння мы выказваем бязмерную падзяку за іх самаадданую працу ў гэты нялёгкі для ўсяго свету час. 

Загадчык паліклінікі Нясвіжскай ЦРБ Іна Непачаловіч — наша зямлячка,  нарадзілася і вырасла непадалёк ад Нясвіжа, у вёсцы  Слаўкава. Па яе ўласным прызнанні, з дзяцінства хацела быць медыкам, а менавіта — дзіцячым доктарам.

 

Да гэтага вяло толькі асабістае жаданне, таму што прыкладу  сярод родных не было — у сям’і ніхто не працаваў урачом. Запаветнай мары было суджана збыцца: у 1992 г. Іна Віктараўна закончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “педыятрыя”. Дзякуючы свабоднаму размеркаванню, вярнулася на Нясвіжчыну, дзе была работа і ў мужа. Адпрацавала педыятрам 15 гадоў. У 2009 г. стала загадчыкам паліклінікі.

— Наша паліклініка прымае як дарослых, так і дзяцей іцтва, якім мы аказваем рознабаковую дапамогу, — расказвае мая суразмоўца. — Наш калектыў налічвае 100 чалавек, і працуем мы заўсёды дружна, падстаўляючы адзін аднаму плячо ў выпадку неабходнасці. Калі разумееш, што вакол цябе надзейныя людзі, то з любымі цяжкасцямі спраўляцца лягчэй.

26 гадоў праляцелі як адно імгненне. Акрамя педыятрыі, Іна Віктараўна прайшла суецыялізацыю па тэрапіі, як ўрач агульнай практыкі, па ігларэфлексатэрапіі.

Мець справу з чужым болем кожны дзень — задача не з простых.

На пытанне, што дапамагае спраўляцца з выдаткамі прафесіі, мая суразмоўца адказала, што галоўнае тут — унутраная настроенасць на работу, любоў да людзей, жаданне дапамагчы ім выйсці з цяжкай сітуацыі са здароўем. Без гэтага проста немагчыма працаваць у медыцыне.

Дарэчы, з пераходам на пасаду загадчыка паліклінікі Іна Віктараўна не замяніла поўнасцю лячэбную работу на адміністрацыйную, яна яшчэ вядзе прыём пацыентаў як урач агульнай практыкі, удзельнічае ў сумесных з другімі ўрачамі аглядах хворых.

Аднак сапраўды адміністрацыйныя клопаты займаюць немалую частку работы. Арганізацыя работы паліклінікі, звароты, прапановы і пытанні пацыентаў — усё гэта неабходна разглядаць і трымаць на кантролі. Людзі патрабуюць індывідуальнага падыходу, дапамогі не толькі фізічнай, але і псіхалагічнай. Гэта ўсё забірае нямала сіл, але, калі любіш сваю працу, то і энергію на яе траціш з задавальненнем, лічыць вопытны доктар.

— У апошнія месяцы з-за эпідэміі каранавіруса работы стала больш, змянілася яе спецыфіка, — адзначае І.В. Непачаловіч. — Мы абмежавалі такія планавыя мерапрыемствы, як вакцынацыя, дыспансерызацыя і скрынінг, наладзілі выпіску рэцэптаў пацыентам з хранічнымі  захворваннямі і пажылым людзям, раздзялілі патокі пацыентаў з улікам іх тэмпературы цела і скаргаў, прыём вядзецца ва ўмоўна “чыстых” і “брудных” зонах.

Акцэнт змясціўся на работу дома, дзе праводзяцца дыягнастычныя мерапрыемствы, назіраюцца пацыенты з COVID-19, пнеўманіямі, кантакты першага ўзроўню, да якіх выязджае кантактная група ў складзе ўрача і медработніка сярэдняга звяна. Пры пагаршэнні стану здаро,я чалавека і з’яўленні неабходнасці кругласутачнага медыцынскага нагляду ён шпіталізуецца ў стацыянар.

— Калі ж гаварыць аб плюсах і яскравых момантах нашай прафесіі, то самыя  ўдзячныя пацыенты — гэта дзеці, — працягвае нашу гутарку Іна Віктараўна. — З часу работы педыятрам запомніліся выпадкі, калі прыязджаеш на выклік і бачыш дзіця ў такім цяжкім стане, што і дапамагчы яму, здаецца, няма як, але збіраешся з думкамі, вызначаеш тактыку лячэння, часцей за ўсё — у стацыянары, і яно папраўляецца. Гэта была самая вялікая радасць.

Перайшоўшы на лячэнне дарослых, мая суразмоўца не расчаравалася.

— Быў перыяд, калі я дзяжурыла і як педыятр, і як тэрапеўт, і магу справіцца і з адным, і з другім, — адзначае І.В. Непачаловіч. — А ўсведамленне таго, што можаш дапамагчы і дзіцяці, і даросламу, вельмі сагравае душу.

На пытанне, што яна як універсальны доктар магла б параіць кожнаму чалавеку для падтрымання яго здароўя, Іна Віктараўна адказала:

— У першую чаргу гэта захаванне здаровага ладу жыцця, які ўключае ў сябе адмову ад шкодных звычак, дастатковую колькасць руху, правільнае харчаванне, адсутнасць псіхаэмацыянальнага перанапружання, своечасовы і сістэматычны кантроль асноўных паказчыкаў жыццядзейнасці арганізма праз адпаведныя аналізы. Усё гэта — у сілах кожнага чалавека, а з астатнім справіцца ўрач.

Дарэчы, пакуль дазваляла эпідэміялагічная абстаноўка, мая суразмоўца і сама з задавальненнем займалася фітнесам, а зараз здымае напружанне ад работы пры дапамозе хадзьбы пешшу і чытання цікавай літаратуры. Няважна, мастацкай ці навукова-пазнавальнай, галоўнае — каб яна ўзбагачала душу і адкрывала нешта новае. Жыццясцвярджальны і поўны веры ў дабрыню і высакароднасць чалавека раман Веніяміна Каверына “Два капітаны”  і па сённяшні дзень застаецца яе любімай кнігай. І гэта, напэўна, нездарма. Нам усім зараз неабходна вера. Вера ў тое, што чорная паласа скончыцца і жыццё заблішчыць новымі фарбамі, што любоў возьме верх над страхам і што ў час выпрабавання хваробай кожнаму з нас працягне руку дапамогі мудры, разважлівы ўрач, які вылечыць, падтрымае і супакоіць.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.             

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!