Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі буйнейшых СМІ

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 ліпеня правёў сустрэчу з прадстаўнікамі буйнейшых сродкаў масавай інфармацыі. Мерапрыемства прайшло ў Палацы Незалежнасці.

Сустрэча прадаўжалася практычна шэсць гадзін. Кіраўнік дзяржавы падрабязна расказаў аб сучасным этапе развіцця краіны, узнікаючых выкліках, міжнародным супрацоўніцтве і сітуацыі ў свеце. Закраналася і тэма проціэпідэмічных мерапрыемстваў.

Работнікі медыя і запрошаныя эксперты таксама мелі магчымасць задаць Аляксандру Лукашэнку пытанні, на якія ён падрабязна адказаў. Яны датычыліся як непасрэдна работы СМІ ў розных сегментах, так і больш шырокіх тэм, як, напрыклад, маладзёжная палітыка, інтэграцыйныя працэсы, пытанні захавання суверэнітэту і незалежнасці краіны.

Лукашэнка: я добра ўспрымаю розныя пункты гледжання

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі буйнейшых СМІ заявіў, што добра ставіцца да наяўнасці альтэрнатыўных пунктаў гледжання.

«Большасць з 250 чалавек у зале — людзі дзяржаўныя, хоць у вас своеасаблівае мысленне. Гэта дакладна. Тое, што ў вас на той ці іншы факт можа быць рознае меркаванне — гэта таксама нармальна, я гэта добра ўспрымаю», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, на ўзроўні Прэзідэнта выпрацавана дакладнае патрабаванне, што пры падрыхтоўцы любога мерапрыемства абавязкова ўлічваюцца розныя пункты гледжання.

«Абавязкова альтэрнатыва, абавязкова канкурэнцыя, сутыкненне меркаванняў, мазгавая атака — усё гэта правільна», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў асобных масмедыя апошнім часам сталі з’яўляцца розныя канспіралагічныя тэорыі наконт таго, чаму кіраўнік дзяржавы праводзіць сустрэчы з актывамі. «Нібыта нешта надзвычайнае адбываецца, і таму Прэзідэнту даводзіцца рэагаваць, як пажарнаму, — сказаў ён. — Дык вось: няма ніякай надзвычайшчыны».

Прэзідэнт адзначыў, што сустракаецца з прадстаўнікамі СМІ, каб растлумачыць асобныя аспекты ўнутранай і знешняй палітыкі, пракаменціраваць падзеі, якія адбываюцца, адказаць на актуальныя пытанні, што хвалююць журналістаў і іх аўдыторыю. «Мы павінны адкрыта з вамі пагаварыць па тых пытаннях, перш за ўсё, якія хвалююць вас», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што для рынку масмедыя важным фактарам з’яўляецца наяўнасць дзяржаўных СМІ, і ў Беларусі, як запэўніў Прэзідэнт, іх колькасць скарачацца не будзе. Работа Міністэрства інфармацыі на чале з нядаўна назначаным міністрам будзе нацэлена на падтрымку такіх СМІ.

Прэзідэнт падкрэсліў: наяўнасць свабоды слова не прадугледжвае ўсёдазволенасці, хоць некаторыя яе так разумеюць, асабліва што датычыцца выказванняў у сетцы Інтэрнэт. Некаторыя медыйныя персоны за свае публікацыі ў сацсетках атрымалі негатыўную рэакцыю, аж да асабістай знявагі. «Вы, асабліва прагрэсіўна настроеныя людзі, адчулі, што такое свабода слова: сказаў не тое, абзавуць яшчэ мацней… — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Кожны з вас атрымаў порцыю (негатыву. — Заўвага БЕЛТА), той, хто нават не за Лукашэнку слова сказаў, а за дзяржаву».

«Свабода слова ў любой дзяржаве абмежавана законам. Таму тут мы навядзём парадак», — запэўніў Прэзідэнт.

Лукашэнка: такога націску, як у гэтыя дні, Беларусь не адчувала за ўвесь час незалежнасці

«Трэба прызнаць, што такога націску, як у гэтыя дні, Беларусь не адчувала за ўвесь час свайго незалежнага развіцця. Усё сплялося ў адзін вузел», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо налічыў каля пяці пандэмій. Гэта не толькі непасрэдна медыцынская, але і, напрыклад, вуглевадародная ў канцы мінулага — пачатку бягучага года, «пандэмія» эканамічная і яе наступствы, інфапандэмія. Усё гэта пераплялося і наклалася ў тым ліку на палітычныя падзеі ў Беларусі.

Прэзідэнт таксама выказаўся на карысць развіцця краіны на базе таго, што ўжо дасягнута, і супраць радыкальных рэформ. «Мы ў сярэдзіне 1990-х адышлі ад таго, што цяпер нам прапануюць. Нам нават прапануюць вярнуцца ў 1994 год (што вельмі дзіўна) і ўзяць тую Канстытуцыю, якая была, — сказаў ён. — Вось чаго ні ў якім разе рабіць нельга — гэта вяртацца ў сярэдзіну 1990-х і браць тую Канстытуцыю, ад якой мы адышлі. Канстытуцыя — гэта асноўны звод. Гэта дакумент, які дае напрамак развіцця той ці іншай дзяржаве. Таму калі мы гаворым пра рэформы, «змены», то гэта трэба пісаць перш за ўсё ў Канстытуцыі і развіваць у законах».

У якасці прыкладу Прэзідэнт таксама прывёў прапановы тых, хто выступае за рыначныя рэформы, значнае скарачэнне на некаторых прадпрыемствах колькасці работнікаў, якія нібыта змогуць стаць «рэзервам для айцішнікаў». «Я гэта прачытаў напярэдадні наведвання Мінскага трактарнага завода, стаю перад людзьмі, гляджу на гэтыя вялікія рукі і думаю: божа мой, ён усё жыццё круціў гайкі, калупаўся ў трансмісіі, рухавіку, а заўтра яго ў 50-60 гадоў выкінуць на вуліцу і ён стане «рэзервам для айцішнікаў», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: усе змены пойдуць ад Канстытуцыі, а не ад майдана

«Удасканальваючы, мы павінны пачынаць з Канстытуцыі. Калі пачнём з майдана, мы перакрэслім сваю гісторыю. І талерантнасць наша, і памяркоўнасць — усё пойдзе прахам. Таму мы павінны зрабіць новую Канстытуцыю. Так, мінула шмат часу, патрэбны пэўныя змяненні. Праўда, вы мне скажаце, якія патрэбны вам змяненні», — сказаў беларускі лідар.

Разважаючы на гэту тэму, ён адзначыў, што падыходы і прапановы могуць быць розныя, уключаючы пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў. «Толькі трэба пры гэтым разумець, што трэба за гэта будзе адказваць, па-першае. А па-другое, не дапусціць сутыкнення галін улады. Я ж праз гэта прайшоў», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы ад гэтага адышлі. Таму трэба ўзяць галаву ў рукі і, ствараючы новую Канстытуцыю, добра зразумець, чаго мы хочам, якая павінна быць наша краіна. Я гатовы на ўсё. Толькі не страціць суверэнітэт і незалежнасць. Таму вам вырашаць. І ўсе змены пойдуць ад Канстытуцыі, а не ад майдана. І я пастараюся зрабіць усё, каб гэтага майдана не было», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка: ідзе перадзел свету, і ў такой сітуацыі Беларусі важна знайсці сваё месца

«Чым цяпер характэрны свет? Ідзе перадзел свету. Не падзел, а перадзел. І ў гэтай сітуацыі галоўнае — адказаць на пытанне, дзе наша месца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Цяперашнюю сітуацыю ён назваў унікальнай, але пры гэтым вельмі цяжкай і небяспечнай. «Балансаваць паміж гэтымі гігантамі (сусветнымі цэнтрамі сілы. — Заўвага БЕЛТА) — гэта вельмі небяспечная справа, але куды дзявацца?», — сказаў ён.

Галоўная задача для лідара краіны на гэтым этапе захаваць незалежную, суверэнную дзяржаву.

«Не хочацца, каб заўтра абвалілася ўсё тое, што не толькі я — мы стваралі ўласнымі рукамі, і каб нехта прыйшоў і пачаў праводзіць эксперыменты», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: суверэнітэт і незалежнасць не прадаюцца

«Учора-пазаўчора ў аглядзе я прачытаў, ды і наш сябар Венядзіктаў (галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў. — Заўвага БЕЛТА) гаворыць: гэта пытанне цаны, прапануйце Лукашэнку добрую цану, — адзначыў Прэзідэнт. — Слухайце, няма той цаны, якую яны могуць мне заплаціць, каб я пайшоў на іх умовы. Няма той цаны! У магіле кішэняў няма. Колькі б у цябе мільярдаў не было, на тым свеце табе ніякія мільярды не патрэбны будуць. Гэта мае перакананні, прынцыпы, ідэалогія».

«Таму мне нічога плаціць не трэба. Гэта не прадаецца. Суверэнітэт і незалежнасць не прадаюцца! І трэба памятаць, што грошы як прыйшлі, так і пойдуць», — дадаў беларускі лідар.

Лукашэнка пра работу беларускага тэлебачання: трэба ўтрымаць гэты ўзровень і яшчэ прыбавіць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб гатоўнасці падтрымліваць добрыя праекты на беларускім тэлебачанні.

«Апошнім часам мне падабаюцца вашы перадачы. Нам трэба ўтрымаць гэты ўзровень і яшчэ прыбавіць. Я гатовы пайсці на многае, каб падтрымаць СМІ, але не проста ўзялі і далі грошы… Не, нам сапраўды трэба фінансаваць добрыя праекты», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, якія перадачы ён глядзіць. У іх ліку і перадачы навін, якія не заўсёды атрымліваецца паглядзець цалкам, і тады нешта, што яго цікавіць, Аляксандр Лукашэнка пераглядае пазней у запісе. «Бывае такое. Таму што няма часу. То Ігар Пятровіч (кіраўнік Адміністрацыі Ігар Сергяенка. — Заўвага БЕЛТА) пазвоніць з COVID (Прэзідэнта рэгулярна інфармуюць адносна эпідсітуацыі ў краіне. — Заўвага БЕЛТА), то яшчэ што-небудзь…», — адзначыў беларускі лідар.

Спадабаўся кіраўніку дзяржавы і нядаўні фільм на «Беларусь 1» пра работу журналістаў прэзідэнцкага пула. «Добры фільм. Нам не хапае на розныя тэмы такіх фільмаў. Я думаў, вы не ўмееце іх рабіць. Аказваецца, умееце», — пахваліў Аляксандр Лукашэнка.

У станоўчым ключы ён выказаўся і адносна шэрага іншых праектаў на тэлеканалах, адзначыўшы, што часам у яго, вядома, узнікаюць і прэтэнзіі. Прэзідэнт заклікаў і далей паляпшаць якасць айчыннага тэлевізійнага кантэнту, не апускаючыся ніжэй за дасягнуты ўзровень.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!