Тут, у Слаўкава, хочацца жыць…

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Вёска Слаўкава. Колькасць яе жыхароў параўнальна невялікая. Але гэты населены пункт ведаюць многія. Бо слаўкаўская зямля ўзгадавала і дала жыццё тым, хто сёння шчыруе на збожжавай ніве, хто сваімі залатымі рукамі стварае дзівосы, музычным талентам радуе людзей, хто ўзначальвае прадпрыемствы і арганізацыйныя структуры.

Свой музычны падарунак слаўкаўцам і гасцям свята дорыць вакальная група “Славіца”

Ёсць тыя, хто ўсю сваю дабрыню аддае родным і знаёмым, клапоцячыся пра іх дабрабыт. І тыя, хто стварае прыгажосць, каб і вёска, і ўся наша Беларусь квітнела, як бэз ці чаромха, півоні ці астры, вяргіні ці аксаміткі.

Тут, у Слаўкава, хочацца жыць. Жыць, як заўсёды, размерана, спакойна. Успамінаючы дзяцінства, што прайшло басанож з працай на палетках, а пасля, вечарамі, на танцах, якія ладзіліся на маёўках. Жыве тут і памяць пра продкаў, якія здабывалі перамогу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

 Памятаюць слаўкаўцы і тое, што спасцігалі сваімі сэрцамі і няўлоўнымі пачуццямі маладосці… Бо ўсё гэта — іх маленькая радзіма, куды хочацца вяртацца зноў і зноў.

Вядучая мерапрыемства Галіна Русак

А каб нагадаць пра ўсё вышэй пералічанае — добрае, шчырае, роднае, вясковае, ладзяцца ў Слаўкаве святы. На гэты раз яно прайшло ў першы дзень жніўня.

Вяла размову з удзельнікамі мерапрыемства Галіна Русак. Пад святочныя фанфары адкрыла яна летні вечар у Слаўкаве, дзе кожны прыемна правёў час разам з суседзямі, сябрамі, аднавяскоўцамі. І, вядома, артыстамі аматарскай творчасці.

З песнямі “Маленькая родина”, “Мы будем петь”, “Добрый вечер”,  “Подари мне лето”, “Белые ставни” і іншымі выступілі Аксана Пяткевіч, Антон Енчык, Аліна Батурыцкая, Аляксандр Герасімовіч, Таццяна Кунігель, Вікторыя Сачук, вакальная група “Славіца”.

У гэты дзень віншавалі  юбіляраў і дбайных гаспадароў, ўспаміналі ветэранаў вайны, ушаноўвалі ветэранаў працы, віталі маладых бацькоў.

Жыхарка Слаўкава Марыя Енчык
у сваім кветкавым царстве

Са шчырымі словамі віншавання да ўдзельнікаў свята звярнуліся галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Карнюшкін і старшыня Нясвіжскага сельскага выканаўчага  камітэта Сяргей Белазаровіч. Яны пажадалі вяскоўцам здароўя, дабрабыту і поспехаў у надзённых справах. Сяргей Белазаровіч уручыў падарункі сем’ям Ганны і Генадзя Ратомскіх, Марыі і Антона Енчыкаў, а таксама Святлане Скрыцкай за шчыры клопат аб сваіх падворках. Сядзібамі гэтых гаспадароў  любуюцца і вяскоўцы, і госці населенага пункта.

—     У вёсцы Слаўкава з мужам я жыву больш за трыццаць пяць гадоў, — расказвае Марыя Фабіянаўна Енчык. — З той пары як пайшла замуж сюды. І працягвае: — Кветкі ў нашай сям’і заўсёды любілі. Некаторыя вырошчвалі з чаранкоў, многа куплялі. І цяпер у нас іх шмат. З надыходам вясны на падворку прачынаюцца гіяцынты, высцілаецца дарожкай белая і бурачковая прымула. Летам зацвітаюць лілеі, ружы, астры, фіялка, бягонія. На падвесках месціцца петунія. Кожны год вясёлка колераў мяняе свае адценні. І калі з’яўляецца хвіліна-другая для адпачынку, любім проста палюбавацца кветкамі.

Так проста і шчыра падзялілася ў размове слаўкаўская гаспадыня.

А свята ладзілася далей. Гучалі песні, гулялі дзеці, артыстам дзякавалі апладысментамі…

Не забываюцца штогод далучацца да вясковых святочных мерапрыемстваў і віншаваць сваіх лепшых работнікаў і ветэранаў працы кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”. Галоўны спецыяліст сельгаспрадпрыемства па ідэалогіі Ларыса Сафранкова ўручыла каштоўныя падарункі жыхарам вёскі Слаўкава, якія знаходзяцца на добрым рахунку як лепшыя працаўнікі. Сярод іх — вадзіцель з 30-гадовым працоўным стажам Генадзь Ратомскі, аператар машыннага даення, маці траіх дзяцей Ганна Курбыка, трактарыст-машыніст з 35-гадовым стажам Міхаіл Ярашэвіч, жывёлавод з 24-гадовым стажам Іван Ратомскі, трактарыст-машыніст з 15-гадовым стажам Віталь Чудук. Дарэчы, сям’я Віталя і яго жонкі Людмілы, настаўніцы сельскай школы, на свяце вёскі прымала яшчэ адно віншаванне. Старшыня Нясвіжскага сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Белазаровіч віншаваў іх з папаўненнем. 24 ліпеня ў вёсцы Слаўкава з’явіў-ся яшчэ адзін маленькі жыхар — дзяўчынка. Назвалі яе Алінкай. Гэта другое дзіця ў сям’і Чудук. Старэйшы сын Уладзік у верасні пойдзе ў трэці клас.

Да віншаванняў слаўкаўцаў на мерапрыемстве далучылася старшыня Нясвіжскай раённай прафсаюзнай арганізацыі АПК Святлана Антончык.

Святлана Анатольеўна вырасла ў Слаўкаве ў мнагадзетнай сям’і. Яе маці Леаніда Станіславаўна Таратута разам з мужам Анатолем Вікенцьевічам выгадавалі траіх дзяцей. Усе выраслі годнымі людзьмі. Працуюць на Нясвіжчыне. Жывуць з сем’ямі ў вёсцы, дзе нарадзіліся.

 Разам з віншаваннямі Святлана Анатольеўна прачытала вяскоўцам свае паэтычныя радкі:

Я нарадзілася ў вёсцы

І гэтым вельмі даражу.

Калі спытае мяне хтосьці

За што яе я так люблю?

Я адкажу: за шчэбет птушак,

За прыгажосць Іванавай гары,

За зумканне вясёлых мушак,

За белізну бярозавай кары…

Любоў да малой радзімы, да яе насельнікаў — такіх розных, але аб’яднаных словам “аднавяскоўцы” гучала ў кожным вершаваным радку.

Генадзь Ратомскі, Ганна Курбыка, Міхаіл Ярашэвіч, Іван Ратомскі і Віталь Чудук пасля ўручэння каштоўных падарункаў разам з галоўным спецыялістам по ідэалагічнай рабоце, старшынёй прафкама ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” Ларысай Сафранковай (трэцяя справа)

Заслухваліся людзі ў гэты дзень паэзіяй, музыкай, віншавалі юбіляраў, віталі адзін аднаго. Пасля свята засталіся цудоўны настрой і вера, што жыццё будзе дарыць мір, спакой, дабрабыт кожнаму — ад самага маленькага да самага сталага, умудронага вопытам, чалавека. І кожны вясковец па жыцці бу-дзе ісці з упэўненасцю, што яго вёска, яго малая радзіма, яго аднавяскоўцы заўсёды падтрымаюць, дапамогуць. Бо ўсе яны — як адна сям’я.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.