Памяць перадаецца і жыве

Чарговая краязнаўчая сустрэча адбылася ў аддзяленні забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Нагадаю, што нашы наведвальнікі неаднойчы адпраўляліся ў вандроўкі па Нясвіжчыне, каб на свае вочы пабачыць помнікі прыроды, гістарычныя мясціны, хрысціянскія храмы і даўнія сядзібы, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі — адным словам, пашырыць веды пра свой край.

На гэты раз тэмай сустрэчы была трагіч-ная падзея ва ўрочышчы Гайкі, што датуецца 8 жніўня 1942 года. Сваімі краязнаўчымі напрацоўкамі, якія збіраліся на працягу больш за трыццаць гадоў, дзялілася Наталля Плакса. Яшчэ ў 1989 годзе са сваімі вучнямі яна ажыццявіла краязнаўчую экспедыцыю ў вёску Еськавічы, што бліз тых сумна ўзгаданых Гайкоў. Вынікам пошуку стаў унікальны фоназапіс успамінаў жыхара гэтай вёскі, які на свае вочы ад пачатку да канца бачыў тую трагедыю — расстрэл фашыстамі больш васьмі-дзесяці мірных жыхароў Нясвіжчыны. Праз некалькі гадоў тыя запісы дапоўніліся новымі, ад Ядвігі Саенка, муж якой прыняў у Гайках пакутную смерць. На мітынгу да 50-годдзя трагедыі — новыя звесткі, ад Тадэвуша Грыгеля і Яніны Ялтыковай. Для пана Тадэвуша брацкая магіла ў Гайках — гэта магіла яго бацькі, а для пані Яніны — гарадзейскага ксяндза Юзафа Гагалінскага, што быў для яе як другі бацька.

Удзельнікі сустрэчы дзяліліся сваім досведам пра Гайкі. У прыватнасці, успомнілі добрым словам ко-лішняга старшыню мясцовага калгаса Уладзіміра Галушку. Менавіта ён першапачаткова парупіўся пра агароджу і крыж на гайкоўскай магіле.

Наталля Васільеўна прапанавала наведвальнікам нашага аддзялення далучыцца да пошуку: калі не адкрываць новыя імёны, то болей даведацца пра людзей, што запісаны ў кнізе “Памяць” і на помніку. Хто яны? За што трапілі ў чорны фашысцкі спіс? І тады верагодна яшчэ адна сустрэча, калі кожны па-дзеліцца вынікамі сваіх пошукаў-роспытаў. Бо не ўсё сцёрта часам: памяць перадаецца і жыве.

Дамовіліся яшчэ абавязкова паехаць ў Гайкі, каб пад Дзяды прыбраць святую мясціну, далучыцца да гайкоўскіх валанцёраў-дабрачынцаў. Дамовіліся і зрабілі, далёка не адкладваючы, 22 верасня.

Дзень выдаўся цёплы і сонечны. Ён як найлепш сведчыў, якое гэта вялікае шчасце — мір і спакой на тваёй зямлі.

Наталля Дзігмунтовіч,

загадчык аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.