Горячие новости

Зрабіць восень іх жыцця светлай…

У маладосці і ў сталым узросце чалавек шмат часу праводзіць у працы і хатніх справах. У пажылых людзей жыццё прымае больш памяркоўную і аднатонную афарбоўку. У шаноўным узросце ў большасці дзядуляў і бабуль кожны дзень падобны на папярэдні.

Дарослым дзецям і ўнукам за мітуснёй і занятасцю не заўсёды ёсць час для сваякоў, таму ў старэйшага пакалення губляецца цікавасць да жыцця. Каб ураўнаважыць гэтыя жыццёвыя арэлі, існуе  сацыяльная служба раёна, якая робіць усё магчымае, каб сцерці павуцінку смутку з твараў сваіх падапечных, зрабіць восень іх жыцця светлай, напоўненай упэўненасцю ў заўтрашнім дні.

— Раней я працавала касірам у аптэцы. Траіх дзяцей выгадавала, ёсць унукі, праўнукі. Радуюся ім. Дзеці да мяне часта наведваюцца, прывозяць гасцінцы. Але самі ўвесь дзень занятыя на працы, таму ў рабочыя дні прыходзіць Марыя.  Да   мяне яна ставіцца выдатна, мы з ёй цудоўна ладзім. Бывае, званю ёй, прашу зайсці ў аптэку, амбулаторыю ці магазін — вітаміны ці сок купіць, напрыклад. Ніколі не адмовіць.  Будзе ехаць па іншых справах ды і заедзе да мяне. Марына харошая. Усюды яна маладзец, дапамагае. Трэба, каб такія людзі былі…

Увесь гэты расказ мы пачулі ад Раісы Антонаўны Капытка з аграгарадка Сноў. А расказала яна пра свайго сацыяльнага работніка, якога ёй прадастаўляе Нясвіжскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Марыю Леанідаўну Малейка.

Побач са сваёй падапечнай Марыя ўжо амаль два гады. Работа няпростая. У любое надвор’е трэба справіцца як мае быць — яе чакаюць, на яе спадзяюцца. Іншы раз спадзяюцца больш за дзесяць чалавек — столькі пажылых людзей трэба наведаць на працягу працоўнага тыдня. А некаторых нават тройчы.

Садзіцца яна на свой двухколавы транспарт і накіроўваецца то ў Друцкаўшчызну, то ў Клепачы, Пагарэльцы, Грускова, а то ў Хвоеве трэба даць водпуск работніку і ўзяць яго абавязкі на сябе. А абавязкі гэтыя патрабуюць адказнасці, сумленнасці, прыстойнасці. Бо інакш нельга.

—     Іншы раз трэба за рэцэптам у амбулаторыю пад’ехаць, потым у аптэцы ў чарзе пастаяць, пасля купіць усё неабходнае для чалавека ў магазіне. А калі трэба і абед ці вячэру прыгатаваць, памыць посуд, дапамагчы прыняць ванну, прыбрацца — усё гэта ўваходзіць у працоўныя гадзіны, — расказвае Марыя Леанідаўна. — Увогуле сацыяльная служба — справа адказная, таму і стаўленне да яе павінна быць адпаведнае.  Мы, работнікі сацыяльнай службы, —  гэта тыя, хто сутыкаецца з самымі складанымі і непрывабнымі бакамі хваробы, побыту, тыя, хто ведае пра людзей так шмат і таму лепш за іншых разумее, як ім дапамагчы. І працягвае:

—     Ідзеш, напрыклад, да Антонаўны з цяплом, спагадай, а пажылы чалавек сустракае цябе з надзеяй у вачах і прыемнай усмешкай. Хочацца адказаць яму ўзаемнасцю, — дзеліцца жанчына.

Такія вось цёплыя словы мы пачулі ў адрас падапечных ад Марыі Малейка напярэдадні Дня пажылых людзей.

Няхай наш чытач не падумае, што кожны, хто звярнуўся за паслугай у сацыяльную службу, абдзелены клопатам ці ўвагай родзічаў. Не.  Але так спакайней — лічаць многія. Напрыклад, хата і падворак Раісы Антонаўны дагледжаны — дзеці паклапаціліся. У агаро-дзе таксама завіхаюцца яны ў выхадныя дні. Гаспадыня толькі самае мінімальнае робіць — цяпліцу выйдзе зашчапіць, ды пройдзецца на агарод ці на кветкі палюбуецца. У такім заслужаным узросце маму і бабулю берагуць. А яна застаецца ў сваёй хаце, адпачывае, глядзіць перадачы па тэлебачанні. Да бабулі прыязджаюць унукі, расказваюць пра свае справы, штодзень  тэлефануюць ёй, спраўляюцца пра здароўе.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!