Калі школа як другі дом

Школа… Гэта другі дом, дзе мы праводзім многа часу, раімся, сталеем. Тут пачынаецца наша дарога ў новае жыццё. Тут фарміруецца характар, складваецца стаўленне да свету, тут нас вучаць лагічна думаць. Чым больш чалавек вучыцца, тым ён больш разумее сябе, блізкіх людзей. Таму школа — гэта не проста будынак. Гэта свет, у якім мы жывём адведзеныя 9 ці 11 год. Гэта месца, якое становіцца сваім, родным. А настаўнік — гэта, напэўна, сэрца школы.

А хто такі настаўнік? Мне здаецца, ён павінен найперш разумець, што заняты надзвычай сур’ёзным родам дзейнасці — работай з чалавекам. Хацелася б, каб настаўнік адчуваў у сваім вучні чалавека дарослага. Каб разумеў, што шлях да яго сэрца патрабуе тонкасці, мудрасці. Мне па душы выказванне Л.М.Талстога: “Калі настаўнік мае толькі любоў да справы, ён будзе добры настаўнік. Калі настаўнік мае толькі любоў да вучня, як бацька, маці, — ён будзе лепш таго настаўніка, які прачытаў усе кнігі, але не мае любові ні да справы, ні да вучняў. Калі настаўнік злучае ў сабе любоў да справы і да вучняў, ён — дасканалы настаўнік”.

Таму я разумею, што праца настаўніка — вельмі складаная. Ёй займаюцца людзі са шчырай і адкрытай душой, у сэрцах якіх няма ні нянавісці, ні злосці. Праца настаўніка — нястомная праца вялікага сейбіта. Без яго пошукаў, трывог і хваляванняў, радасцяў і засмучэнняў цэлыя пакаленні былі б духоўна бедныя. Настаўнікі — нашы другія бацькі, якія выхоўваюць у нас самыя лепшыя чалавечыя якасці: дабрыню, пяшчоту, любоў да бліжняга, павагу да старэйшага. Менавіта яны, педагогі, дапамагаюць нам выбраць правільны шлях у сваім жыцці. З настаўнікам можна параіцца, а ў цяжкую хвіліну — па-прасіць дапамогі. І ён абавязкова выслухае, падкажа, дапаможа. У нашым жыцці яны адыгрываюць важную ролю, як, магчыма, і мы ў іх жыцці. Нашы настаўнікі — разумныя і добрыя людзі. Яны імкнуцца перадаць нам свае веды, падрыхтаваць да дарослага жыцця.

Настаўнікам трэба нарадзіцца. І, як сказаў М. Мантэнь, “Для таго каб навучыць іншага, патрабуецца больш розуму, чым для таго, каб навучыцца самому”. Настаўнік добры толькі ў тым выпадку, калі яго словы не разыходзяцца са справай.

Хутка мы закончым школу, станем дарослымі, выйдзем у вялікае жыццё. Як часта ўспомнім сваіх настаўнікаў? Ці часта кожны з нас прынясе ім няхай не букет, але хоць кветачку душэўнай удзячнасці, хаця б у думках, у памяці?

Нізкі вам паклон, нашы паважаныя настаўнікі, за тыя якасці, якія вы ў нас выхавалі, за цярплівасць і дапамогу, за шчырасць і пяшчоту.

Пасля школы я спадзяюся працягнуць навучанне і хачу, каб на маім жыццёвым шляху сустракаліся менавіта такія разумныя, таленавітыя і справядлівыя настаўнікі, як настаўнікі сярэдняй школы № 1 г.п. Гарадзея. Менавіта такія настаўнікі могуць навучыць не толькі тэорыі, але і закласці практычныя асновы будучай прафесіі.

Анастасія Ракіціна,

вучаніца 11 класа ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Гарадзея”.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.