“Дом культуры адчыняе дзверы,
Таленавітых любяць тут і ў здольных вераць!” — гэтыя радкі я знайшла, гартаючы стужку навін у групе “СДК Карцэвічы” ў сацыяльнай сетцы УКантакце. А вядзе яе гераіня майго сённяшняга аповеду, загадчык Карцэвіцкага сельскага дома культуры Марына Шумейка. Яе прафесійная дзейнасць — бесперапынны творчы працэс, які Марына Вячаславаўна вельмі любіць і якім умела кіруе.
У свой час скончыўшы з адзнакай Магілёўскае вучылішча культуры імя Н. Крупскай па спецыяльнасці “рэжысёр”, Марына Шумейка ўжо больш за 20 гадоў шчыруе на ніве культуры на сваёй маленькай радзіме, у любым сэрцу куточку, дзе жывуць добрыя, працавітыя, таленавітыя людзі.
На першы погляд, работнік культуры — гэта чалавек-свята. Але, калі бачым гатовую карцінку, мы не задумваемся над той акалічнасцю, што за гэтым святам стаяць не заўсёды лёгкія працоўныя будні, якія патрабуць шмат сіл і энергіі.

Фота — з архіва рэдакцыі
— Прафесія работніка культуры — гэта правядзенне мерапрыемстваў, падрыхтоўка дакументаў, планаў, справаздач… Мы арганізоўваем вольны час вяскоўцаў, развіваем творчыя здольнасці дзяцей і падлеткаў, запрашаем да дзейнасці дарослых, — расказвае мая суразмоўца.
На сёняшні дзень на жаночых плячах загадчыка дома культуры два аматарскія аб’яднанні: сямейны клуб “Надзея” і “Малёўскі фальклорны гурт”. Клуб існуе ўжо 10 гадоў. Яго касцяк, са слоў маёй суразмоўцы, складаюць сем’і Маславых, Крыварот, Вальчык, Мовчан. Вясёлыя і лёгкія на пад’ём, яны дапамагаюць ва ўсіх мера-прыемствах. У сямейным клубе ладзяцца шматлікія конкурсы, праходзяць дні здароўя, арганізоўваюцца велапаходы і шмат чаго яшчэ. “Малёўскі фальклорны гурт” раней быў пастаянным актыўным удзельнікам зажынак дажынак. Але, як адзначыла Марына Вячаславаўна, гады бягуць, і зараз гэта ўжо вакальнае аб’яднанне з чатырох цудоўных спадарынь, узрост якіх перасягнуў 80-гадовую мяжу. І таксама ў яе падначаленні 5 дзіцячых калектываў: вакальныя гурты “Вясёлка” і “До-мі-солька”, дзіцячы драматычны і гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Фантазія”, гурток “Мастацкае чытанне”. Як бачым, поле для дзейнасці тут шырокае, кожны можа знайсці занятак па душы: навучыцца спяваць, танцаваць, маляваць, ляпіць, паспрабаваць сябе ў ролі акцёра ці вядучага, раскрыць пэўныя асабістыя якасці і рысы характару.
— Работнік культуры — чалавек асаблівага складу, ён павінен быць камунікабельным, здольным знайсці агульную мову з кожнай асобай, зацікавіць сваёй дзейнасцю, умець хутка знайсці выйсце з любой сітуацыі, мець пачуццё гумару, густу, — працягвае Марына Шумейка.
І, вядома ж, за столькі гадоў працоўнага вопыту яна набыла і псіхолага-педагагічныя ўменні і навыкі. Бо ў працы з дзецьмі ды і дарослымі — без іх не абысціся. Часам трэба да бацькоў правільна данесці інфармацыю, дзецям дапамагчы раскрыць асобасныя якасці.
—Бывае, прыходзіць дзіця, сціплае такое, слова саромеецца сказаць. А праз год яно настолькі раскрываецца, што яму становіцца намнога прасцей у жыцці. Яно не баіцца выйсці да класнай дошкі, падняць руку і так далей. З упэўненасцю магу сказаць, што няздольных, неталенавітых дзяцей няма. Яны ўсе таленавітыя па-свойму, трэба толькі своечасова гэтыя таленты ўбачыць і дапамагчы раскрыць. Размаўляючы з пакаленнем студэнтаў, якое прайшло праз нас, я даведваюся наколькі ім лягчэй вучыцца. Прыемна чуць словы “я спявала” ці “я ўдзельнічаў у камандзе клуба вясёлых і знаход-лівых”. Зараз творчасць развіта ва ўсіх навучальных установах. Ды і на рабочых месцах праходзяць розныя конкурсы мастацкай самадзейнасці. Для кагосьці гэта захапленне можа стаць прафе-сіяй усяго жыцця! — падкрэслівае мая гераіня.
Дзеткам вельмі падабаецца наведваць заняткі свайго педагога-выхавацеля. Як пажартавала Марына Вячаславаўна, каб не трэба было ісці ў школу, яны б адсюль не выходзілі. Калі ж гаварыць усур’ёз, то Марына Шумейка цесна супрацоўнічае з мясцовай школай, мае з педагогамі ўзаемапаразуменне і сяброўскія адносіны, ладзіць разам мерапрыемствы, большая частка з якіх — на роднай мове.
— Я, калі вучылася ў школе, магла напісаць сачыненні за ўвесь клас, гэта — маё, гэта мне падабалася. Вядома, тут не абышлося без уплыву цудоўнага педагога, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Васіль-еўны Плакса. Яна з дзяцінства прывіла нам, дзецям, любоў да роднай мовы, радзімы, спадчыны. Беларуская мова мне настолькі блізкая! Я нават справаздачы пішу на ёй. Вельмі шмат праводзім фальклорных свят, вывучаем культуру, традыцыі, абрады і перадаем дзецям, каб захаваць карані. Ім я заўсёды кажу: цаніце свае карані, каб не было брыдка беларусам звацца, — дадае Марына Вячаславаўна.
Чалавека, які прывівае любоў да ўсіх гэтых каштоўнасцей, вучыць іх цаніць і берагчы, не любіць не магчыма. Ёй удзячны і дзеці, і дарослыя. Вось некаторыя словы падзякі пасля мерапрыемстваў (з сацыяльнай сеткі): “Вячаславаўна — малайчына!”, “Усё — на вышэйшым узроўні!”; “Хачу яшчэ”; “Вельмі было весела”. І словы калег: “Дзякуй за ідэю!”.
Самае галоўнае ў прафесіі для Марыны Шумейка — радасць і задавальненне ад таго, што людзям падабаецца тое, што яна робіць. Чалавекам, улюбёным у сваю працу, трэба нарадзіцца.
І вельмі хочацца дадаць да свайго аповеду словы дырэктара раённага цэнтра культуры Ганны Віннічак.
— У нас шмат творчых работнікаў, але пра ўсіх адразу не напішаш. Таму, сёння, напярэдадні свята, мы вылучылі Марыну Вячаславаўну. Вельмі таленавітая, адказная, крэатыўная, дысцыплінаваная, ідзе ў нагу з часам і нават на крок наперад. Вывучае традыцыі і абрады не толькі сваёй мясцовасці, але і цікавіцца культурай іншых рэгіёнаў. Вельмі шмат метадычных падказак дае сваім калегам. Яе любяць і паважаюць у школе, сельвыканкаме, сельгаспрадпрыемстве. На належным узроўні справіцца з афармленнем выставы і прыме абласную праверку. Да Марыны Вячаславаўны заўсёды хочацца ехаць на справаздачныя мерапрыемствы, якія збіраюць поўную залу гледачоў, — адміністрацыю школы, настаўнікаў, вучняў, медыкаў і іншых. У яе заўсёды новыя формы работы, граматна прадуманыя і падабраныя касцюмы ўдзельнікаў, цудоўныя тэатральныя пастаноўкі. Яе сцэнарый па пажарнай бяспецы заняў чацвёртае месца ў вобласці! Па ім мы абавязкова паставім спектакль…
Яна аддала сябе культуры. Я вельмі ганаруся гэтым работнікам і напярэдадні свята хачу пажадаць Марыне Вячаславаўне здароўя, шчасця ў асабістым жыцці і творчага натхнення, — сказала Ганна Дзмітрыеўна.
Вольга КАНДРУКЕВІЧ.