У любым узросце трэба заставацца аптымістычным і жыццярадасным

Вальс лістапада — такую паэтычную назву насіла сустрэча ў раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, наладжаная ў гонар свята пажылых людзей. Яе ўдзельнікамі сталі створаная пры ўстанове гасцёўня “Ясь і Яніна” і клуб “Залаты ўзрост” аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту раённага тэрытарыльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вядучая, супрацоўніца бібліятэкі і кіраўнік гасцёўні “Ясь і Яніна” Валянціна Шчарбакова, цёплымі словамі прывітала прысутных, павіншавала мудрых і сталых з асеннім святам. Прыемна, што тут былі і юныя госці, вучні Нясвіжскай СШ №4, удзельнікі гуртка “Духоўнае слова”. Сябра літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец звярнулася да ўдзельнікаў сустрэчы з кранальнымі пажаданнямі душэўнага цяпла, здароўя і аптымізму. У прыватнасці, яна выказала важную думку: у любым узросце трэба заставацца аптымістычнымі і жыццярадаснымі, мець актыўную жыццёвую пазіцыю. А потым прачытала ўласны верш пра восень.

Для ўдзельнікаў мерапрыемства спявае мастак, паэт і скульптар Алег Пракарына

Благачынны Нясвіжскай акругі, настаяцель храма Узнясення Гасподня Аляксандр Данчанка таксама шчыра прывітаў прысутных у зале, пажадаў усяго найлепшага, наказаў не забываць дарогі да храма, быць душэўна спагадлівымі. У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел спевакі ансамбля “Элегія”, якія пад кіраўніцтвам Тамары Прыгун выканалі песню “Парк Радзівілаў”, а таксама творы пра маму і вясёлую “Гуляй, душа!”. Парадавалі нас і школьнікі,    удзельнікі гуртка “Духоўнае слова” СШ №4 г. Нясвіжа: яны цікава інсцэніравалі вядомыя вершы Агніі Барто. Дапамагалі ім у гэтай імпрэзе і дарослыя: ўдзельнікі клуба РТЦСАН “Залаты ўзрост” Ірына Кузьміна, Ірына Кіпець, Яўген Касмовіч і Рыгор Насевіч. Атрымалася цудоўнае спалучэнне сталасці і юнацтва.

Падчас сустрэчы, прысвечанай Дню пажылых людзей

Шчырымі апладысментамі віталі ўдзельнікі сустрэчы і выступленне хору ветэранаў працы г. Нясвіжа “Аптымісты”, што спявалі душэўныя песні пад кіраўніцтвам Ірыны Латушка пры дапамозе акампаніятара Аляксандра Гапановіча. Сябра літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алег Пракарына выканаў дзве песні пад уласны акампанемент. Такая разнастайная праграма прыйшлася даспадобы ўсім, хто прыйшоў у той дзень у канферэнц-залу раённай бібіліятэкі. А завяршылася сустрэча сяброўскім чаяпіццем за салодкім сталом, размовамі па душы, цёплымі ўсмешкамі. Спонсарскую дапамогу ў правядзенні мерапрыемства аказала раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын”, якую ўзначальвае Людміла Крупец. Варта адзначыць і актыўнасць удзельніка святочнага пасяджэння Яўгена Касмовіча, які дапамагаў у правядзенні рэпетыцыі з дзецьмі, выконваў галоўную ролю ў інсцэніроўцы, цёпла павіншаваў усіх прысутных са святам.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.